У Лідзе ўстанавілі памятны знак у гонар першага ў горадзе піваварнага завода

25 Августа 2017 2345

У Лідзе ўстанавілі памятны знак у гонар першага ў горадзе піваварнага завода, які функцыянаваў на тэрыторыі горада больш за паўтара стагоддзі назад.

Ініцыятыва стварэння помніка заводу Эйля Айзікавіча Ландо і Давіда Юдзялевіча Камянецкага належыць найстарэйшаму з дзеючых піваварных прадпрыемстваў Беларусі – ААТ «Лідскае піва». Аўтарамі праекта выступілі мінскія скульптары Андрэй Хацяноўскі і Сяргей Арганаў.

Помнік, выкананы ў выглядзе фігурнага гранітнага валуна з бронзавай таблічкай, устаноўлены ля дома №27 па праспекце Перамогі – на месцы, дзе, паводле звестак гісторыкаў, раней размяшчаўся завод Ландо-Камянецкага. Ужо вядома, што кампазіцыя стане адным з элементаў квэста, які пройдзе ў Лідзе 9 верасня, падчас фестывалю хмелю, соладу і вады “LIDBEER”.

– Устаноўка памятнага знака адзначыла сімвалічнае завяршэнне аднаго з карпаратыўных праектаў ААТ «Лідскае піва», накіраванага на захаванне традыцый піваварства і акультурванне гарадскіх прастораў, – звярнула ўвагу спецыяліст па карпаратыўных камунікацыях піўзавода Надзея Мікалаева. – Нагадаю, у жніўні 2016 года кампанія ініцыявала памятны знак у гонар іншага завода – Янкеля Левінава Папірмейстара. З нагоды 140-гадовага юбілею ААТ «Лідскае піва» таксама падарыла гораду лаўку, абчапляную дэкаратыўным хмелем, і арганізавала рэспубліканскі конкурс арт-аб'ектаў.

Дарэчы, упадабаны многімі помнік з мядзведзем у бочцы таксама быў выкананы мінскімі скульптарамі Андрэем Хацяноўскім і Сяргеем Арганавым. На пытанне, чаму новы памятны знак не дапоўнены аналагічнымі адметнымі асаблівасцямі – дадатковай скульптурай, –  Надзея Мікалаева патлумачыла: «Калі мы рабілі першы помнік, нам дакладна было вядома, што на этыкетках піўзавода Папірмейстара быў намаляваны мядзведзь у бочцы – яго мы і ўвекавечылі. Што тычыцца піўзавода Ландо-Камянецкага, то этыкетак, на жаль, не захавалася, таму нам невядома, які сімвал быў для яго характэрны. Менавіта таму было прынята рашэнне адлюстраваць на бронзавай таблічцы проста ўяўнае прадпрыемства».

IMG 0046

Даведка. Завод Ландо-Камянецкага – дакладна першы піваварны завод у Лідзе. Гэта вынікае з тэксту просьбы, якую падалі мяшчане Э. А. Ландо і Д. Ю. Камянецкі ў будаўнічае аддзяленне Віленскага губернскага праўлення. Усяго на тэрыторыі Ліды ў XIX стагоддзі працавалі тры буйныя заводы па вытворчасці піва. Завод Ландо-Камянецкага быў заснаваны ў 1863 годзе, праз 6 гадоў быў перабудаваны ў вінакурны завод. Піўзавод Папірмейстара, заснаваны ў 1883 годзе, стаў камбінатам харчовых канцэнтратаў. Піўзавод Пупко, які ні разу за 140-гадовую гісторыю не спыніў выпуск піва, з часам ператварыўся ў ААТ «Лідскае піва».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться