Ці гатова Ліда да патоку турыстаў? Сумленны погляд «першых асоб»
Экскурсаводы рэгіёна: прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, прыватных турфірмаў, ІП – упершыню селі за круглы стол, каб параіцца, як зрабіць Ліду яшчэ больш прывабнай для турыстаў, а таксама абмеркаваць набалелае, у тым ліку і праблему павышэння якасці экскурсійнага абслугоўвання. Гэтую сапраўды гістарычную падзею застаў і карэспандэнт “Лідскай газеты”.
Спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян 80 краін – прыемная навіна для беларускай туріндустрыі. З улікам таго, што апошнія гады эксперты ўязнога турызму ў адзін голас прадказваюць Лідзе і Лідскаму раёну вялікую будучыню, сядзець склаўшы рукі, задавальняючыся тымі напрацоўкамі, якія ёсць, ні ў якім разе нельга. Трэба быць гатовымі не толькі да яшчэ больш павышанай увагі да нашага рэгіёна, але і – што галоўнае – да патрабаванняў турыстаў, якія сталі больш жорсткімі і выбіральнымі. Адных помнікаў архітэктуры, асаблівасцей кухні, прыродных “іскрынак”, магніцікаў з выявамі мясцовых краявідаў, як паказвае практыка, ужо недастаткова. Турыстам важна не толькі тое, на што можна паглядзець, але і каб было што пачуць, у чым прыняць удзел. А за “аўдыя”, калі можна так сказаць, у першую чаргу адказваюць экскурсаводы. Ад іх прафесіяналізму залежыць, з якімі настроем і ўражаннямі турыст пакіне наш горад, ці параіць ён яго для наведвання сваім знаёмым, ці захоча вярнуцца сюды сам.
– Менавіта жаданне акумуляваць сілы і падштурхнула правесці такую сустрэчу, – адзначыла ідэйны натхняльнік, арганізатар круглага стала, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Таццяна Нікіфарава. – Нягледзячы на тое што ўсе ўдзельнікі сходу, па сутнасці, канкурэнты, зараз трэба не дзяліць, а, наадварот, аб'ядноўваць: намаганні, магчымасці, вопыт. Галоўная задача – каб пра Ліду даведалася як мага больш людзей, як мага больш турыстаў прыехала да нас за ўражаннямі і атрымала якасную паслугу.
Дарэчы, пра якасць. Каму, як не першым асобам, якія сустракаюць і суправаджаюць турыстаў, лепш ведаць пра іх патрэбы і перавагі?! Каму, як не ім, раіць, што змяніць да лепшага, каб экскурсійная дзейнасць рухалася больш жыва?
– Зыходзячы з майго шматгадовага досведу, пра Лідскі раён як пра турыстычны аб’ект вельмі мала інфармацыі, – агучыла адну з існуючых праблем, якія адмоўна ўплываюць на развіццё турызму ў нашым рэгіёне, прадстаўнік турфірмы “ЛорыСтур” Алена Борыс.
– Прыезджыя ў асноўным атрымліваюць ужо раскручаную інфармацыю, якая з'яўляецца брэндам, прыведзена ва ўсіх даведніках і таму не надта цікавая. А патрэбны эксклюзіў. Мы зацыкленыя на Лідскім замку. Канешне, гэта аб'ект №1 у маршруце, але ў нашым рэгіёне ёсць і іншыя архітэктурныя славутасці, якія маглі б быць цікавыя турыстам. На маю думку, перспектыўнымі маглі б стаць такія накірункі, як паломніцкі турызм (у нас шмат цікавых касцёлаў і цэркваў з даволі багатай гісторыяй), прамысловы (аднаго «Лідскага піва», пэўна, недастаткова).
Пры гэтым Алена акцэнтавала ўвагу на тым, што турысты, нават замежныя, сёння лічаць грошы. І Лідзе, у прыватнасці, не хапае бюджэтнага жылля, або так званых хостэлаў. “Нягледзячы на тое што ў нашым горадзе, на першы погляд, нямала аб'ектаў харчавання, арганізаваць абеды для турыстычнай групы, каб можна было б паспрабаваць нацыянальную беларускую кухню, таксама сапраўдная праблема, – адзначыла яшчэ адно “але” прадстаўнік турфірмы. – Выбачайце, але ў цэнтры горада нават няма элементарнага – дастатковай колькасці грамадскіх туалетаў. Дакладней, ёсць толькі адзін. Аднак трэба аддаць належнае камунальнікам, выказаць ім словы падзякі за тое, што туалет, па-першае, бясплатны, а па-другое, заўсёды чысты і акуратны. Гэта таксама частка іміджу Ліды як турыстычнага аб'екта”.
У нашым рэгіёне сёння 37 гістарычна-культурных каштоўнасцей занесена ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны. Гэты статус маюць выключна матэрыяльныя аб’екты. Між іншым, турысты цікавяцца і нематэрыяльным. “Праца ў гэтым накірунку вядзецца, – супакоіла галоўны спецыяліст сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Марыя Дукі.
– Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прыкладае ўсе намаганні, каб статус гістарычна-культурнай нематэрыяльнай каштоўнасці атрымала белае фактурнае ткацтва, якое характэрна выключна для нашага рэгіёна. Адметнай рысай Лідчыны з'яўляецца і абрад калядавання «Тры каралі». Нідзе, акрамя Ваверкі, яго не праводзілі. На аснове ўспамінаў мясцовых жыхароў работнікі культуры змаглі адрадзіць абрад і ўпершыню правесці ў гэтым годзе. “Тры каралі” таксама прэтэндуюць на статус нематэрыяльнай каштоўнасці”.
Цяпер што тычыцца заўвагі наконт адсутнасці бюджэтных хостэлаў. Нядаўна ў Лідзе адкрыўся такі: па вуліцы Паўліка Марозава, на базе раённага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі. Гасцініца і сапраўды вельмі бюджэтная: усяго 6 рублёў у суткі з чалавека. За гэтыя грошы турыст атрымлівае ложка-месца ў адным з двух пакояў (адзін разлічаны на 10 чалавек, другі – на 11), бясплатны Wi-Fi, можна таксама карыстацца электрачайнікам, халадзільнікам. З неістотных недахопаў – туалет на паверсе, з істотных – адсутнасць душа. Праўда, над ліквідацыяй апошняга праца вядзецца. І што б ні казалі зласліўцы, наяўнасць у горадзе такога бюджэтнага жылля ўжо вялікі плюс, паколькі яна пашырае межы выбару: калі турыст хоча зняць нумар у гасцініцы за не менш чым 400 рублёў – калі ласка, калі сэканоміць – то варыянт таксама ёсць.
Экскурсавод Алена Борыс (крайняя справа) праводзіць экскурсію для сваіх калег.
Праблему павышэння якасці экскурсійнага абслугоўвання працягнуў развіваць у сваім выступе педагог цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі Артур Валадкевіч. Мала хто памятае, але менавіта Ліда стала першапраходцам у анімацыйным турызме: у нашым замку прайшлі адны з першых у Беларусі рыцарскіх турніраў, былі наладжаны пастановачныя баі. І менавіта Артур Валадкевіч у ліку іншых стаяў ля вытокаў гэтага руху, папулярызацыі тэмы сярэднявечча ў нашым рэгіёне.
– І вось што я скажу: турыстам па-ранейшаму цікавы гэты накірунак, – пракаментаваў ён. – Нягледзячы на тое што гэтую тэму даўно падхапілі многія замкі, людзі па-ранейшаму едуць да нас, у Ліду. Але ёсць праблема – адсутнасць рыцараў (як бы парадаксальна гэта ні гучала). Пры цэнтры турызму ёсць гурток “Залаты леў”, дзе рыхтуюць рыцараў і кіраўніком якога я з’яўляюся. Дзякуючы гэтаму гуртку ў пэўных колах Ліду нават называюць “акадэміяй рыцараў”. Але... Але юнакі давучваюцца да 9-га або 11-га класа і з’язджаюць у іншыя гарады, дзе працягваюць вучобу. Таму пастаянных рыцараў у Лідскім замку амаль няма.
Слабым месцам турызму з’яўляецца адсутнасць культуры людзей у святых месцах: касцёлах і храмах. Часта прыезджыя госці вядуць сябе не зусім карэктна, таму гэтай тэме падчас круглага стала была нададзена асаблівая ўвага. Экскурсаводы наведалі Фарны касцёл і Кафедральны сабор, дзе сустрэліся са святарамі, якія расказалі аб правілах паводзін у храме.
Адна з тэм, якой удзялілі ўвагу падчас круглага стала, тычылася і патрабаванняў, што прад'яўляюцца да экскурсаводаў. Так, прадстаўнікі турбізнесу Лідчыны адзначылі, што важныя прафесійная падрыхтоўка, веданне методыкі вядзення экскурсіі (толькі аперыраваць фактамі мала!) і, безумоўна, наяўнасць акрэдытацыі. Дарэчы, сёння ў Беларусі яе маюць каля 1300 экскурсаводаў, 72 працуюць на Гродзеншчыне, з іх прыкладна шостая частка – на Лідчыне.
Не выключана, што з гэтага года ў нашай краіне пачне дзейнічаць турыстычная міліцыя, якая будзе прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за правядзенне экскурсій без адпаведнай атэстацыі, за правядзенне экскурсіі па не абароненым ў спецыяльнай камісіі маршруце (у Еўропе гэтая практыка даўно сябе зарэкамендавала).
Падчас круглага стала нават прагучала прапанова стварыць у Лідзе філіял Гродзенскага аддзялення ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў». Яшчэ адна – арганізаваць атэстацыйную камісію для атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў тут, на месцы, каб не ехаць у Гродна або Мінск, як гэта практыкуецца цяпер. Добрым новаўвядзеннем і практычным пачаткам стала б і распрацоўка сістэмы павышэння кваліфікацыі экскурсаводаў на базе музея, мэтай якой будзе павышэнне і кантроль якасці правядзення экскурсій.
– Прафесія экскурсавода творчая і па-свойму ўнікальная, – падвяла вынік першай сустрэчы мясцовых экскурсаводаў за адным сталом навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Таццяна Нікіфарава. – Гэта нават штучная прафесія. Працэс стварэння экскурсіі – справа нялёгкая. Таму нялішнім было б і ўдасканаліць аўтарскае права на экскурсіі. Упэўнена, аб гэтым мы яшчэ пагаворым на нашых наступных сустрэчах.
***
Ад аўтара
Сустрэча ў рэжыме цэйтнот, каб змяніць звыклы ход падзей. Менавіта так для сябе я ахарактарызавала гэты круглы стол. Паставіць на цвёрдыя ногі лідскі экскурсійны турызм, вырашыць яго праблемы, знайсці новыя прывабныя для турыстаў накірункі… На гэта ў дэлегатаў першага ў нашым рэгіёне сходу экскурсаводаў было ўсяго некалькі гадзін. Мала, але трэба працягваць сустракацца, размаўляць, абмяркоўваць, знаходзіць кропкі судакранання.
Але, на мой погляд як спажыўца экскурсійных паслуг, сёння неабходна ствараць такі экскурсійны прадукт, які б атрымаў прызнанне спачатку на ўнутраным рынку. І толькі потым думаць аб выхадзе на знешні рынак. Асабіста мне не хапае маршрутаў менавіта па Лідскім раёне. Упэўнена, многія лідчане сказалі б дзякуй, калі б знайшоўся энтузіяст і распрацаваў такі накірунак, такі тур выхаднога дня. Мы расказваем пра нашу гісторыю турыстам, у той час як большасць мясцовых жыхароў не ведае, што ў нашым рэгіёне адкуль і чаму. І калі рабіць такі тур, то рабіць яго ў тым ліку і на роднай, беларускай, мове (вельмі рэдка яна сёння гучыць у час экскурсій).
Вельмі добрае пачынанне, на маю думку, адраджэнне беларускіх абрадаў. Яны заўсёды прыгожыя, відовішчныя, каларытныя, але шкада часам працы культработнікаў, паколькі гэтыя мерапрыемствы зусім не масавыя. Чаму б не арганізаваць, скажам, аўтобус і не адвезці жадаючых на свята? Так, фінансава гэта накладна, але аддача абавязкова будзе!
Патрэбна зацікаўленасць усіх: мясцовай улады, кіраўнікоў арганізацый, дзяржаўных і прыватных экскурсаводаў, – бо шматгалоссе заўсёды гучыць мацней, чым а капэла.