Па старонках нашай гісторыі. Савецкая, 27, 32, 34. Функцыяналізм

05 Января 2017 3345

Найболей зручная і тэхналагічная «абалонка»

А зараз пройдзем да будынкаў у стылі функцыяналізм каля скрыжавання вуліц Савецкай і Міцкевіча.

Напачатку аб тым, што такое функцыяналізм.

Функцыяналізм як архітэктурны стыль сфармаваўся ў 1920-х гг. як адна з плыней мадэрнізму. Асновай ідэалогіі функцыяналізму ў архітэктуры стала стварэнне самымі сучаснымі спосабамі і канструкцыямі такіх формаў, якія павінны забяспечыць найлепшае функцыянаванне аб'екта, пры гэтым усё лішняе адкідалася. Будынак павінен атрымаць найболей зручную і тэхналагічную «абалонку» і матэрыяльную базу. «Форма павінна адпавядаць функцыі» – вось лозунг функцыяналізму.

Асноўным практычным цэнтрам функцыяналізму стаў творчы цэнтр «Баўхаўс» (праектна-даследчы цэнтр дызайну) у Германіі, пачынаючы з 1920-х гг. тут вяліся тэарэтычныя даследаванні і прыкладное праектаванне. Стваральнік і кіраўнік «Баўхаўса», найбуйнейшая постаць функцыяналізму Вальтар Гропіюс (Gropius, Walter, 1883-1969) быў аўтарам шматлікіх помнікаў гэтага рэвалюцыйнага стылю. Класічны прыклад гэтага кірунку – будынак самаго «Баўхаўса» ў Дэсаў (Bauhaus, Dessau) архітэктара В. Гропіюса, пабудаваны ў 1925-26 гг. Французскі архітэктар Ле Карбюз’е, адзін з найбольш вядомых творцаў функцыяналізму, зрабіў галоўны ўклад у тэорыю і практыку гэтага стылю. Яго ідэі ў горадабудаўніцтве, у тэорыі масавага індустрыяльнага жылля, рэалізаваныя ў будынках і праектах, актуальныя і дагэтуль. Гэты па-сапраўднаму вялікі архітэктар сучаснасці напоўніў тэорыю функцыяналізму ідэалагічна і практычна, яго знакамітыя прынцыпы пабудовы масавага індустрыяльнага жылога дома (дом на апорах, плоскі дах-сад, стужкавае шкленне і г. д.) выкарыстоўваюцца і сёння. Функцыяналізм патрабаваў строгай адпаведнасці формы будынка яго функцыям і адмове ад усяго, што не патрэбна для ўжытку. Архітэктурныя формы павінны былі адпавядаць будаўнічым канструкцыям і матэрыялам. Па-новаму выбудоўвалася мастацкая выява архітэктурнага твора. З эстэтычнага пункта гледжання новая архітэктура, пазбаўленая ўпрыгожвальніцкіх празмернасцей, павінна была ўспрымацца чалавекам падчас руху ў ёй і вакол яе (адзінства прасторы і часу). Значнае шкленне стварала магчымасць яднання чалавека з навакольнай прыродай. Сэнс фунцыяналізму ў лаканічнай і яснай пабудове. Характэрныя для функцыяналізму архітэктурныя формы – плоскія дахі, буйныя плоскасці шкла, поўная адсутнасць таго, што канструктыўна не патрэбна. Трэба сказацьб што аналагам функцыяналізму ў Еўропе быў канструктывізм у СССР.

З канца 1920-х гг. архітэктурны стыль функцыяналізму з'явіўся і ў Цэнтральнай Еўропе. У Лідзе захавалася некалькі жылых дамоў і некалькі публічных гмахаў у гэтым стылі. На жаль, знешні выгляд усіх гэтых будынкаў незваротна зменены падчас сучасных рамонтаў.

Сюды перасялілася Сацзабеспячэнне

У канцы 1937 г. газета «Кур'ер Віленскі» пісала: «Разбудова горада Ліды ідзе хуткімі тэмпамі. … Хутка з'яўляюцца прыватныя дамы. У апошні час з'явілася ў Лідзе некалькі ладных, эстэтычных і ў сучасным стылі пабудаваных дамоў. ... у тым ліку ... прыгожы трохпавярховы будынак пры вуліцы Сувальскай, які зойме Сацыяльнае страхаванне (Сацыяльнае забеспячэнне)». Будынак былога Сацыяльнага страхавання – гэта надбудаваны на адзін паверх і дабудаваны з абодвух бакоў дом № 27 па вуліцы Савецкай. Прэса паведамляла пра пераезд Сацзабеспячэння ў новы будынак па вуліцы Сувальскай, 93, які належаў віцэ-бургамістру горада, магістру права Вітольду Ёдку.

01

Дом № 27 па вуліцы Савецкай (Сувальская, 93).

Дамы лічыліся аднымі з лепшых у горадзе

Два дамы па вуліцы Сувальскай (Савецкай, 32, 34) каля бровара пабудавалі напрыканцы 1930-х гадоў. Дом па вуліцы Сувальскай, 92 (Савецкай, 32) належаў Малеўскім, дом па адрасе: Сувальская, 94 (Совецкая, 34) – пабудаваў лідскі радны і землеўладальнік Баляслаў Вітажэнец. Два гэтых дома да нядаўняга часу былі аднымі з лепшых у горадзе. Ёсць інфармацыя, што падчас вайны ў доме па Сувальскай, 92, на першым паверсе, жыў нямецкі гебітскамісар Герман фон Ганвег.

За домам па Савецкай 32, у бок бровара, знаходзіцца хлевушок, перад якім засталася дарожка, выкладзеная пліткай-брэкчыяй (ад італьянскага breccia – горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў і сцэментаваная). Такая плітка выраблялася ў горадзе ў рамках адмысловай праграмы па барацьбе з беспрацоўем. У лютым 1938 г. прэса паведамляла: «Дзве прамысловыя суполкі (кааператывы), якія будуць рабіць бетонныя і брукарскія работы, пачынаюць працаваць у горадзе. Фонд працы даў пазыку ў 4 000 зл. для будаўніцтва і закупу абсталявання для бетанярні і 2 000 зл. на арганізацыю брукарскай суполкі».

Старшыня Саюза польскіх пісьменнікаў Ежы Путрамант, які жыў і вучыўся ў Лідзе, пісаў пра месца, дзе зараз стаіць дом Вітажэнцаў: «Бацька наняў для нас памяшканне на другім паверсе аднаго з драўляных домікаў пры вуліцы Сувальскай, бліжэй да Закасанкі. ... Насупраць быў дом Вітажэнцаў, драўляны, аднапавярховы. За ім адразу было балота, рэчка Лідзейка і ўжо нічога болей, палі».

02

Дом па Савецкай, 32.

Цікавы лёс сына былога ўладальніка дома па вуліцы Савецкай, 34 Стэфана Вітажэнца (15.01.1908–30.12.1994). Скончыў Лідскую дзяржаўную гімназію імя гетмана Хадкевіча ў 1929 г., потым вучыўся ў школе падхарунжых лётнага рэзерву (1930 г.), у Цэнтры падрыхтоўкі афіцэраў авіяцыі ў Дэнбліне (1932 г.), на курсах вышэйшага пілатажу пры Лётнай школе ў Грудзензе (1933 г.). Да 1939 г. служыў інструктарам у Лётнай школе.

Удзельнік Другой сусветнай вайны. Здзейсніў 208 баявых вылетаў. За два месяцы паветранай бітвы над Вялікабрытаніяй збіў 5 нямецкіх самалётаў, адным з іх кіраваў нямецкі ас Хорст Тэтзен. Камандаваў эскадрылляй, дывізіёнам, знішчальным крылом. Скончыў вайну падпалкоўнікам.

У 1968 г. у званні палкоўніка выйшаў на пенсію. Доўгія гады ўзначальваў Саюз польскіх лётчыкаў. Памёр 30 снежня 1994 г. Пахаваны ў Варшаве на могілках у Павонзках сярод вайсковых лётчыкаў. Пасмяротна ўзнагароджаны Камандорскім крыжам з Зоркай Ордэна Адраджэння Польшчы. Правёў у паветры 4 238 гадзін, лятаў на 31 тыпе самалётаў.

Лідскія дамы, пабудаваныя да 1939 г. у стылі функцыяналізму, – стыльныя, прыгожыя пабудовы, якія ўпрыгожваюць наш горад. У нашым горадзе з 1930 г. захаваліся некалькі цудоўных будынкаў у гэтым стылі. Пра большасць з іх – у наступных артыкулах.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться