У Новы год па Лідчыне крочыла дабрыня – з Дзедам Марозам, Снягурачкай і казачнымі героямі
Падчас навагоднiх святаў уcе мы пачынаем верыць у цуды. Але, як ніхто іншы, іх чакаюць дзеці. Цацкі, гульні, мора прысмакаў... Так, але яшчэ – увага, любоў. Хіба не іх найперш марыць атрымаць кожны? Каб усяго гэтага было як мага болей, пастараліся работнікі Голдаўскага клуба-бібліятэкі.
Падчас Новага года яго супрацоўнікі: Наташа Гомза, Алена Яновіч, муж і жонка Тамара і Канстанцін Мельнікавы (прыцягнуўшы нават сваякоў) ператварыліся ў Дзеда Мароза са Снягуркай і казачных герояў. Яны прыйшлі ў дамы, дзе жывуць голдаўскія шматдзетныя сем’і і дзеці-інваліды, і прынеслі ім казку і падарункі. У адказ дзеці, якія добра падрыхтаваліся да візіту Дзеда Мароза і яго ўнучкі, чыталі вершы, спявалі, танчылі...
– Кожнай сям’і мы шчыра жадалі, каб у іх было больш нагод для радасці ў Новым годзе, а самае галоўнае – каб усе былі здаровыя, – гаворыць карэспандэнту загадчыца Голдаўскага клуба-бібліятэкі Наташа Гомза. – У сваю чаргу мы хочам падзякаваць нашаму метадысту-куратару раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Вользе Троцкай, якая падала нам такую ідэю, дапамагла з арганізацыяй акцыі і з падарункамі. Мы ўпэўнены, што кожнае дзіця падчас навагодніх святаў павінна радавацца і паверыць у цуда. Зрабіць гэта ў нас гэта атрымалася.











