На Лідчыне празвінелі званкі на ўрок (фота)
1 верасня... Мноства народу, кветкі, музыка, шум, мітуслівыя аб'ёмныя белыя банты ў натоўпе, знаёмства з першай настаўніцай, калейдаскоп уражанняў, шматлікія віншавальныя прамовы, бацькі, якія хвалююцца, дзеці, якія да канца не разумеюць усю важнасць моманту, а ў канцы – адыход калонай па два чалавекі ў цішыню 1-га класа... У першы дзень восені ў Лідскім раёне ўсю гэтую буру новых для сябе эмоцый перажылі амаль паўтары тысячы першакласнікаў. Усяго ж за парты ў гэтым годзе ў нашым рэгіёне селі каля 14 тысяч школьнікаў.
У Ходараўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе гэтыя лічбы куды больш сціплыя. Вучняў тут толькі 85, з іх 6 – першакласнікі, і 11 – адзінаццацікласнікі.
– Дзеці будуць вучыцца толькі ў адну змену – першую, – расказвае дырэктар навучальнай установы Аляксей Халопік. – Заняткі пачынаюцца не ў 8 гадзін раніцы, як у гарадскіх школах, а ў 9 гадзін. Звязана гэта з тым, што многія нашы вучні жывуць у вёсках, таму ім патрэбны час, каб своечасова дабрацца ў школу да першага ўрока. Арганізаваны ў нас і падвоз дзяцей. Прыкладна 54 чалавекі з 11 вёсак мы забіраем амаль ад варот іх дамоў.
Святочная праграма, падарункі першакласнікам ад будучых выпускнікоў і першы пасля летняга адпачынку школьны званок. Права даць яго атрымалі вучань адзінаццатага класа Юры Мінкоўскі і першакласніца Арыяна Ермалоўская.
За школьнай лінейкай з цікавасцю назіралі дашкольнікі. Хутчэй за ўсё, яны мала разумелі, што адбывалася вакол. Малышам больш падабалася сама карцінка: прыгожыя людзі з кветкамі ў руках (многія з якіх – іх старэйшыя браты і сёстры), канцэрт, клоўн Клёпа, які прыйшоў павіншаваць усіх з пачаткам навучальнага года.
Пасля ўрачыстай лінейкі бацькі, якіх было не менш за вучняў, адправіліся на бацькоўскі сход, а дзеці – у свае класы на першы ўрок. Яго тэма гучала так: “Нам свет завешчана берагчы”. І калі старшакласнікі актыўна ўключыліся ў гутарку, то вучні першых класаў уважліва слухалі настаўніка Ірэну Рышкевіч і знаёміліся з нашай краінай па кнізе “Беларусь – наша Радзіма”, якую падарыў Прэзідэнт.
…Гэты навучальны год для Ходараўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы будзе асаблівы. З перапынкам у адзін год у маі тут ізноў будуць выпускнікі.
Вучаніца 11-га класа Анастасія Роўбуць пражывае ў вёсцы Заброеўцы. Марыць дзяўчына аб прафесіі дызайнера або архітэктара.