Амплітуда неабыякавасці, або Дзве гісторыі аб чалавечнасці і дабрыні з будняў Лідскага аўтапарка

13 Августа 2016 1914

“Ну вось – добрая навіна”, – заўважыла калега, адкрываючы чарговы канверт рэдакцыйнай пош-ты, пісьмо з падзякай. Штодзень мы прывыклі атрымліваць званкі і пісьмы з просьбамі аб дапамозе, крытыкай, крыкам душы... Гучаць, вядома, і падзякі. Яны, безумоўна, вылучаюцца з усёй пошты і вельмі радуюць.

Вось што нам напісала лідчанка Лілія Пушкарова з Паўднёвага гарадка: “Паважаная «Лідская газета», звычайна да цябе звяртаюцца людзі, якія не задаволены работай нашага грамадскага транспарту. Іх можна зразумець: недахопы ў транспартнікаў ёсць. То аўтобус сапсуецца, то прыйдзе са спазненнем, то адправіцца раней, то кантралёры затрымаюць, выб’юць з графіка, то сам графік зменіцца без усялякай, здаецца, на тое прычыны. Ды што там гаварыць, неаднаразова сама я тэлефанавала на «Гарачую лінію» аўтапарка i нават адміністрацыі з крыўдамі i прэтэнзіямі, якія здараліся ў маім жыцці. А здаралася ix нямала, таму што працую ў мікрараёне Маладзёжны, а жыву ў Паўднёвым гарадку, карыстаюся аўтобусам часцей, чым, напрыклад, мой муж, які працуе ў цэнтры, на “Лідсельмашы”. Аднак гісторыя, якую хачу расказаць, да крыўды не мае ніякага дачынення, наадварот, пасля яе засталося пачуццё ўдзячнасці i захаплення людзьмі, якія працуюць у нашым аўтапарку.

...Я вярталася дадому аўтобусам №7, які адпраўляўся ад ААТ “Лідахлебапрадукт” у 19.40 i адразу з вул. Міцкевіча ад'язджаў у гараж. Вырашыла ехаць да Міцкевіча i там, каб не затрымліваць іншых пасажыраў, купіць праязныя сабе i мужу на жнівень. Падала вадзіцелю грошы, i тут высветлілася, што са жніўня ў нас у горадзе навінка: уводзяцца праязныя білеты для рабочых дзён, каштуюць яны трошкі танней, чым поўныя праязныя на месяц. Даплаціўшы яшчэ, я забрала рэшту, білеты, паклала ўсё ў кашалёк i хуценька, каб не затрымліваць вадзіцеля, выскачыла з аўтобуса. Прыехаўшы дахаты, занялася xaтнімі справамі i начыста забылася пра праязныя. Аднак раніцай вырашыла аддаць адзін праязны мужу – вось тады і высветлілася, што грошы – на месцы, а праязны – толькі адзін... «Забудзься», – пapaiў муж i адправіўся на работу, я таксама стала збірацца на службу. На душы было прыкра: здаецца, i грошы невялікія, але ж яны нялішнія, тым больш пасля летняга адпачынку. I вырашыла я на ўсялякі выпадак патэлефанаваць у аўтапарк i пацікавіцца: ці можна як-небудзь вырашыць гэтую праблемку i вярнуць мае грошы. Я была ўпэўнена ў тым, што болей нідзе кашалёк не адкрывала i грошай не даставала. Уважліва выслухаўшы мяне, дыспетчар аўтапарка дала мне нумар тэлефона вадзіцеля Івана Іванавіча Вайцюкевіча. Калі я да яго дазванілася, ён паабяцаў усё высветліць i разабрацца.

Чалавек адклаў свае справы і ў свой законны выхадны дзень адправіўся ў аўтапарк. Там знялі касу, пералічылі грошы i выявілі, што мне сапраўды не дадалі праязны білет. Са свайго ўласнага мабільніка некалькі разоў вадзіцель пазваніў мне, каб дамовіцца, як перадаць грошы, таму што муж ужо купіў сабе праязны сам. А калі мы сустрэліся, аддаў грошы i катэгарычна адмовіўся неяк дзяліць ix ці ўзяць хоць малую частку за аплату телефонных размоў.

Магчыма, камусьці здаецца, што гэта звычайны i малазначны факт. Можа быць. Але так хочацца, каб землякі ведалі, што ў сённяшнім складаным свеце ёсць людзі, якія жывуць дастойна. менавіта так, як жывуць калегі Івана Іванавіча, якія не адказалі мне ў дапамозе, як жыве сам Іван Іванавіч, як павінен жыць кожны нармальны чалавек”.З Ліліяй Пятроўнай пагаджуся на ўсе дзвесце працэнтаў. Сама ж нядаўна апынулася ў падобнай сітуацыі. А было ўсё так... Па службовых справах, на мерапрыемства, мне патрэбна было ў ААТ “Лакафарба”. Рэдакцыйны вадзіцель знаходзіўся на адпачынку. На завод мяне падвезлі ўдзельнікі мерапрыемства, а вось назад з імі ехаць не атрымалася (тыя затрымліваліся), а мне тэрмінова было патрэбна ў рэдакцыю. Заставалася толькі ісці на прыпынак грамадскага транспарту.

Калі падыходзіла да прыпынку, мне раптоўна цюкнула: а чым жа я расплачуся за талон? Грошы ўсе на картачцы, а зняць іх сёння яшчэ не паспела... Нават не варта было азірацца навокал: банкаматаў тут, на ўскраіне горада, хутчэй за ўсё, няма, кіёска “Саюздруку”, дзе можна было б набыць талончык і разлічыцца карткай, таксама. Што ж рабіць?.. Аштрафуе мяне кантралёр і, паколькі штраф на месцы не заплачу, складзе пратакол, унясуць мяне ў базу даных правапарушэнняў і буду я фігураваць у міліцэйскім уліку... Такія перспектывы вымалёўваліся мне за некалькі крокаў да прыпынку. Тым часам аўтобус ужо стаяў каля яго. Я вырашыла выкарыстаць апошнюю надзею – зазірнула ў кіёск “Табак”, спадзеючыся, што там прадаюцца талоны і ёсць тэрмінал. Але ж – не. Ступіла на прыступку аўтобуса... Але перш чым прысесці ў крэсла і падрыхтавацца да дыялогу з грозным кантралёрам, пайшла да кабіны вадзіцеля. А можа... ёсць у яго тэрмінал і я змагу разлічыцца? Вадзіцель, пра прозвішча і імя якога, на вялікі жаль, я не даведалася, аказаўся чалавекам сталага ўзросту. Ён выслухаў і... не адвярнуўся, не адмахнуўся і не закрыў акенца кабіны. Усміхнуўся і спытаў: “Куды ехаць?” – а потым прапанаваў перайсці да яго ў кабіну. З дзіцячай радасцю я паспяшалася ў кабіну і там працягвала апраўдвацца, тлумачачы сваю сітуацыю: даставала з сумкі кашалёк, паказвала яго, нешта расказвала... Ды вадзіцель і так мне верыў.

Па дарозе разгаварыліся. Пра навіны, надвор’е... Не засталося пры мне ні клопатаў, ні турботаў, ні хваляванняў. Так стала добра і лёгка на душы! Падалося, што гэтага добрага вадзіцеля я ведаю сто год. Калі мы пад’ехалі да патрэбнага прыпынку, ён расчыніў дзверы, а я выскачыла і ўсё яшчэ шмат разоў дзякавала... Здавалася, маёй вялікай падзяцы не ўмясціцца ў словах, якія так хутка гучаць і кудысьці знікаюць.

Ужо пазней (і асабліва калі атрымала пісьмо Ліліі Пушкаровай) вельмі пашкадавала, што не даведалася пра яго прозвішча. Але вырашыла: усё роўна аб ім напішу. Ён пазнае сябе. Няхай аб гэтым добрым чалавеку і вадзіцелю даведаюцца, няхай калегі скажуць яму “Малайчына!”, начальнік – пацісне руку, няхай падзяка не пройдзе марна, не знікне, а прынясе такія ж пачуцці, як і яго сціплай пасажырцы.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться