За вадой з крыніцы ў пойме Лебяды Лідскага раёна едуць сотні вернікаў (фота)
Даўно і дакладна даказана: вада можа лячыць. У свеце, у тым ліку ў Беларусі, ёсць нямала крыніц, аб цудадзейнай сіле якіх вядома за сотні, тысячы кіламетраў. Непадалёк ад Лідчыны ёсць адна з такіх – Жыровіцкая крыніца, якая ўзнікла на месцы з’яўлення іконы Жыровіцкай Божай Маці. Крынічкі з чысцюткай, незвычайнай па сваім складзе і ўласцівасцях вадой ёсць і на Лідчыне. Не ўсе яны вядомы шырокаму колу людзей. А якіясьці і ўвогуле з цягам часу схаваліся пад глыбокімі мхамі ды травамі. Прынамсі, такі лёс у свой час мог напаткаць і крыніцу ў пойме рэчкі Лебяды. Але... Богам было наканавана інакш. Крынічка ажыла, да яе пацягнуліся людзі.
Крыніцы каля Кацярынінскага тракту
Дарога Мажэйкава-Феліксава – былы Кацярынінскі тракт, вакол – засеяныя палі, на месцы якіх калісьці былі непраходныя балоты. У тыя часы струменілася тут не адна, а мноства крынічак. Такія сведчанні захавалі старэйшыя жыхары навакольных вёсак. Кажуць, былі тут чатыры буйныя крынічкі: ля дарогі Мажэйкава-Феліксава, ля вёскі Лебяда, на ўзвышшы пад назвай “Барок” і ў даліне рэчкі Лебяды. На жаль, з той пары шмат змянілася, карэктывы ўнесла меліярацыя, і крынічкі зніклі. Адна, праўда, доўга яшчэ шчыравала. Старажылы памятаюць, як хадзілі да яе па ваду і што была тая вада не такая, як у вёсцы, а нейкая асаблівая – і смагу спаталяла, і сілы давала. Нават у гады атэізму людзі не забываліся пра крынічку. Расказваюць: доўгі час яе даглядаў мясцовы жыхар па прозвішчы Паварга. Ён жа паставіў ля крынічкі дубовы зруб. Пасля справу прадоўжыў яго сын Аляксандр. Працуючы загадчыкам участка “Феліксава”, ён клапаціўся, каб не заворвалі яе трактары, устанавіў бетоннае кольца, з якога вада капала на зямлю і, утварыўшы невялікі ручаёк, упадала ў меліярацыйны канал, а адтуль – у раку Лебяду. Але потым ён пайшоў на пенсію, з’ехаў у горад да дзяцей. Крынічка засталася без догляду. Дастаткова было дзясятка-другога год, і яна магла б знікнуць з твару зямлі. Але так не сталася...
З-пад зямлі на свет Божы
У 2006 годзе служыць у Лебядскую Свята-Мікалаеўскую царкву быў прызначаны іерэй Мікалай Ахотніцкі. Менавіта бацюшку належала ідэя аднаўлення крынічкі. Зрабіць гэта было нялёгка. Перш за ўсё, увогуле трэба было яе знайсці. На той час яна згубілася... Але не забылася старажыламі. Айцец Мікалай і вучні нядзельнай школы пры Лебядскім храме, кіруе якой педагог Алена Каласоўская, абышлі доўгажыхароў Мажэйкава. Адна з жанчын, Галіна Аляксандраўна Субач, узялася дапамагчы – паказаць месца, дзе калісьці біла крынічка. Галоўны арыенцір – той самы Кацярынінскі тракт, дарога Мажэйкава-Феліксава. Але перад удзельнікамі пошуку ляжала бяскрайняе засеянае поле. Пасля доўгіх пошукаў месца, дзе павінна быць крыніца, усё-такі было адшукана. Пазналі яго па грудзе камянёў, рэштках бетаніраваных кольцаў і вільготнай зямлі.
За справу ўзнаўлення крыніцы ўзяліся ўсёй грамадой. Жыхар вёскі Дзмітраўцы Алег Коўчык прывёз два бетонныя кольцы, якія сіламі прыха-джан Мікалая Жукава і Васіля Субача былі ўстаноўлены. На дно ўтворанага калодзежа быў высыпаны мяшок буйнога шчэбню, каб муць не паднімалася ўверх, і два мяшкі дробнага крэменю – дзеля ачысткі вады. Мясцовым жыхаром Сяргеем Пешаходзькам быў створаны ландшафтна-архітэктурны праект тэрыторыі вакол крынічкі. Ініцыятыўная група ў складзе айца Мікалая Ахотніцкага, выхаванцаў нядзельнай школы, атрада юных эколагаў Мажэйкаўскай СШ выйшла на кіраўніцтва ЛРСУП “Мажэйкава” з просьбай аб дапамозе. Кіраўніцтва гаспадаркі пайшло насустрач, і праца працягнулася. Школьнікі збіралі камяні, рабочыя мехмайстэрні пад кіраўніцтвам Мечыслава Станкевіча і брыгады Івана Стасюкевіча зварылі металічны каркас для ўстаноўкі над калодзежам. Сіламі будаўнікоў Віктара Філіповіча, Івана Шадуры і Вячаслава Масейкіна бетонныя кольцы, якія ўзвышаліся над зямлёй, былі абложаны каменем. Каб выключыць магчымасць забруджвання вады, яна была выведзена наверх з задняга боку калодзежа. Дзеля зручнасці былі зроблены паглыбленне і прыступкі, якія вядуць да струмяня. Тэрыторыя была выкладзена тратуарнай пліткай.
У 2008 годзе, 9 кастрычніка, адбылося ўрачыстае асвячэнне ўзноўленай крыніцы, якое суправаджалася хрэсным ходам вернікаў. Крыніца была асвечана ў гонар Іаана Багаслова.
Але на гэтым клопат аб ёй не скончыўся. Выхаванцы нядзельнай школы вырашылі ўпрыгожыць месца. Першы набраны ў нядзельную школу клас высадзіў чараду бярозак. Прыжыліся дрэўцы, і прыжылася традыцыя: кожны першы клас нядзельнай школы саджае тут свае бярозкі. Стройнай сцяной абкружаюць яны крынічку. Чыстыя, беластволыя дрэўцы, чыстая крынічная вада і чыстыя дзіцячыя душы сышліся ў гэтым месцы.
Іаанавай крыніцы – доўга жыць. Айцец Мікалай расказаў, што ёю зацікавілася мінская паломніцкая служба, якая так і называецца – “Іаанава крыніца” («Иоаннов родник»): яна жадае добраўпарадкаваць тэрыторыю і саму лебядскую крыніцу дзеля прыёму паломнікаў. Аб гэтым пакуль яшчэ не вялося размовы з кіраўніцтвам ЛРСУП “Мажэйкава”, землі якога знаходзяцца побач. Гэта справа – на перспектыву.
Піце на здароўе!
Падчас добраўпарадкавання крынічкі скептыкі казалі: “Усё гэта марна, бо засеюць поле, унясуць нітраты, і ваду піць будзе нельга”. Ды толькі казалі так дарэмна. Настаўніца Мажэйкаўскай школы Алена Каласоўская брала пробу вады з крынічкі і вазіла яе ў Ліду, дзе на той час праходзіў абласны семінар. Быў праведзены аналіз, і аказалася, што ўтрыманне нітратаў у ёй ноль. А вось аб незвычайных уласцівасцях вады сведчаць шматлікія рэальныя гісторыі. Адна маладая лідчанка была цяжарная другім дзіцём, ды ўрачы адзначалі апушчэнне плода. Аднойчы, па дарозе з Гродна, узяўшы благаславенне, яна заехала да лебядской крынічкі. Папіла вады, пасядзела на лавачцы, памалілася. Была яна тут і яшчэ раз, едучы з чарговага абследавання з Гродна, – з добрымі звесткамі. Ніякага апушчэння плода больш няма. Яшчэ адна жанчына прыехала ў Лебядскую царкву з хворымі вачамі. Бацюшка Мікалай параіў ёй памыцца вадой з крыніцы. Яна зрабіла так і выздаравела.
У тым, што вада тут асаблівая, няма сумненняў. На падмуроўцы ля струмяня вады ляжаць манеты: расійскія, еўрапейскія і нават старыя, савецкія, – гэта сведчыць, што людзі, папіўшы вады, дзякуюць крынічцы і манеткай, і ад шчырага сэрца.
Скіраваць на шлях веры
Увогуле, крыніца ў пойме Лебяды размясцілася вельмі зручна. Яна добра праглядаецца з трасы Мінск-Гродна, да яе ёсць пад’язныя шляхі. А апынуўшыся на месцы, можна любавацца наваколлем: яно – як на далоні. З аднаго боку – Мажэйкава, з другога – Свята-Мікалаеўская царква. Добрая нагода скіраваць да яе… Гэты храм – багаты на гісторыю. Пабудаваны ён у 1899 годзе. Дзякуючы намаганням святара і прыхаджан у добрым стане ў ім захаваліся старадаўнія іконы. Хаця, як гаворыць айцец Мікалай, не ўсе іконы першапачаткова належалі менавіта гэтай царкве. Сярод іх можна ўбачыць ікону трох Віленскіх пакутнікаў – Антонія, Іаана і Яўстафія, заступнікаў Паўночна-Заходняга краю, да якога мы калісьці адносіліся. Насупраць яе – ікона Папы Льва Вялікага і пакутніцы Стэфаніды. Дарэчы, айцец Мікалай даведаўся, што ў Мураванкаўскай царкве (гэта недалёка ад Мажэйкава і Лебяды) калісьці настаяцелем быў Леў Савіцкі, а жонку яго звалі Стэфаніда. Магчыма, тады і была напісана ікона іх святых заступнікаў. Ёсць меркаванне, што гэта ікона адтуль, з Мураванкі. Сярод старадаўніх ікон ёсць і такія (напрыклад, абраз Серафіма Сароўскага), ля якіх сталі з’яўляцца ўпрыгажэнні, ланцужкі – гэта значыць, малітвы да іх былі пачутыя. На аналоі (у цэнтры храма) звяртае ўвагу ікона з бурштыну Лукі Война-Ясянецкага, святога 20 стагоддзя, вядомага ўрача-хірурга. Гэты абраз ахвяраваны храму загадчыцай кардыялагічнага аддзялення Гродзенскага клінічнага кардыялагічнага цэнтра Галінай Мадэкінай. Пачэснае месца займаюць у царкве сучасныя іконы, прывезеныя айцом Мікалаем з Афона, – гэта копіі вядомых святынь. Ёсць у храме ікона, якую называюць «дзіцячай», – гэта абраз Божай Маці “Достойно есть”, напісаны на сродкі, сабраныя дзецьмі. Нельга абысці ўвагай і яшчэ адзін дзіўны абраз – ікону Божай Маці “Казанскай” з лілеямі. З ёй звязана наступная гісторыя: непадалёк ад Адэсы ёсць сяло Куляўча, там адбываецца знакамітае Куляўчанскае цуда: штогод на Вялікдзень ікону Божай Маці “Казанскай” ўпрыгожваюць лілеямі, якія цвітуць, не вянучы, цэлы год, да наступнага Вялікадня. Копія той іконы прывезена ў Лебядскі храм.
Сама Свята-Мікалаеўская царква і прылеглая тэрыторыя добраўпарадкаваныя. Гэты храм ніколькі не ўступае па сваёй прыгажосці і натхнёнасці нават самым велічным гарадскім.