Не магу маўчаць. «Сынок, ажаніся з мясцовай…»

07 Июля 2016 2552

На рынку выпадкова пачула размову паміж жанчынамі. Адна з іх падышла да прылаўка, застаўленага ўсемагчымым таварам, і, глянуўшы на прадаўшчыцу, здзівілася:

– Галя, ты?! Ты ж у Італіі была, казалі, там працу знайшла…

– Ага, знайшла, – неяк нервова махнула рукой гандлярка. – Даглядала адну старую, толькі за чалавека мяне ніхто не лічыў. На цыноўцы у прыхожай спала. Ніхто там з намі не лічыцца. Я лепш тут буду за два мільёны на рынку стаяць, чым цярпець такое…

Далей жанчыны сталі гаварыць пра сваіх агульных знаёмых, а ў маёй памяці ўсплыў іншы выпадак. Выпускніца сталічнай ВНУ марыла жыць у іншай краіне і выйсці замуж толькі за іншаземца. Мара спраўдзілася. Цяпер яна прыязджае ў Ліду раз у год, ужо з дзіцём. І свой ад’езд у старую Еўропу адкладвае, наколькі гэта магчыма. Апошнім разам ад’язджала са слязамі: “Я б тут хацела жыць і працаваць”. Што там не складваецца ў маладой сям’і, цяжка сказаць. Матэрыяльны дабрабыт адназначна ёсць, але, як бачна, справа не толькі ў ім. Раней наша зямлячка шукала плюсы ў замежным жыцці, цяпер бачыць іх на радзіме: “Тут паветра іншае, натуральныя прадукты, рэчы”. І апошні аргумент: “Там нават зефіру ў продажы няма”.

Думаецца, што справа не толькі ў наяўнасці ці адсутнасці пэўных прадуктаў харчавання на прылаўках (хаця і гэта важна), але і ў нечым значна больш важным. Можна пакінуць радзіму ў пошуках лепшай долі, можна атрымаць адукацыю, знайсці работу, нават стаць уладальнікам нерухомасці, але назаўсёды застацца для мясцовых “грынга” (так зняважліва ў Лацінскай Амерыцы называюць тых, хто не гаворыць па-іспанску). Зразумела, і законы кожнай краіны будуць на баку карэнных жыхароў. Цяпер, калі свет усё больш імкнецца да касмапалітызму і міграцыйныя працэсы толькі нарастаюць, здавалася б, нешта ж павінна змяніцца ў адносінах да іншаземцаў. У дзяржавах, іх законах, можа, і змяняецца, але хто сказаў, што душа чалавечая можа забыць такія паняцці, як родныя мясціны, любоў блізкіх, зносіны з сябрамі дзяцінства?

Сярод наведвальнікаў рэдакцыйнага сайта шмат іншаземцаў, геаграфія – 15 краін. Тут і без падказкі вядома, што наведвальнікі – выхадцы з Лідчыны, ім цікава, чым жыве малая радзіма. Пераконваюць у гэтым і рукапісы нашых землякоў, у якіх яны згадваюць дзяцінства, юнацтва, праведзеныя ў лідскіх мясцінах, і з такой непадробленай настальгіяй гавораць пра гэта. А бывае, чуецца жаданне вярнуцца дамоў, “каб хоць памерці ў родных сценах”. Так, у маладосці рэчаіснасць бачыцца па-іншаму, а праз гады памяць вяртае туды, дзе ты нарадзіўся, дзе цябе любілі, любяць і, магчыма, чакаюць. Як важна гэта зразумець своечасова! Ды навошта я гэта гавару? Вы самі гэта разумееце не горш за мяне.

Згадваецца ліст, які прыйшоў на рэдакцыйны адрас. Яго аўтар піша: “У свой час я настаяла, каб сын вучыўся ў Польшчы, а цяпер чакаю не дачакаюся, каб прыехаў на канікулы. Можа, пазнаёмлю тут з добрай дзяўчынай, а то, не дай Бог, ажэніцца там, а там жа дзяўчаты не такія, як нашы, – капрызныя, наравістыя, будзе дагаджаць і не дагодзіць”.

Што тут сказаць? Не ўсё адназначна. Можа, пашанцуе і на добрую жонку з тамтэйшых дзяўчат. Няхай у яго ўсё добра складваецца. Я не разумею іншага: навошта адпраўляць дзіця з роднага гнязда ў даль, думаючы пры гэтым, што дома лепшы шанс на ўладкаванне жыцця? Хаця не, разумею. Жонка з мясцовых – гэта большы шанс у будучым бачыць свайго сына, унукаў дома. Вось і ўся логіка. Але як бы мы ні хацелі, толькі жывая сувязь з дзецьмі, унукамі дае заспакаенне душы, радасць для яе. Скажаце, можна гутарыць і па скайпе? Ды хоць кожны дзень. Толькі гэта тое ж самае, што здзяйсняць падарожжы па тэлебачанні ці замест салодкай халвы атрымаць кусок цукру. Салодка ж і так, і так. Ды нават гэтымі параўнаннямі не вымераць розніцу ў сродках зносін. Дык, можа, не трэба рваць карані і ў пошуках шчасця гнацца за міражамі?

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться