З нагоды Дня Незалежнасці ў Лідзе ўшаноўвалі ганаровых грамадзян рэгіёну (фота)
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу – Дню Незалежнасці, у Лідзе пачаліся ў першы дзень ліпеня. У Палацы культуры прайшла святочная праграма «Жыву і дыхаю, мой родны край, табою!», падчас якой адбылося традыцыйнае ўшанаванне ганаровых грамадзян Лідчыны.
– Галоўнае свята краіны непарыўна звязана з адной з найважнейшых падзей айчыннай гісторыі – вызваленнем сталіцы нашай краіны – Мінску – ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – звярнуўся да гісторыі ў сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч. – У ходзе рэспубліканскага Рэферэндуму 1996 года было прынята рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці менавіта 3 ліпеня. Лагічнасць гэтага для нашага народа відавочным. І сёння, нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя сусветным фінансавым крызісам, Беларусь упэўнена рухаецца наперад, па шляху прагрэсу, дэманструе свету несумненныя дасягненні ў розных жыццёвых сферах.
Міхаіл Канстанцінавіч яшчэ раз нагадаў, што поспех кожнай краіны – у яе людзях, іх прафесіяналізме, самааддачы, упэўненнасці ў будучыні, імкненні паспяхова здзяйсняць добрыя справы і ствараць новае ў гонар росквіту нашай краіны. З гэтымі словамі кіраўнік рэгіёну запрасіў на сцэну па чарзе ганаровых грамадзян Лідчыны. У гэтым спісе – людзі самых розных прафесій: дзяржаўныя служачыя, педагогі, работнікі сельскагаспадарчых, прамысловых, сацыяльных прадпрыемстваў раёна і іншыя. Кожнага Міхаіл Канстанцінавіч сустракаў цёплымі словамі падзякі за працу, узнагародамі і кветкамі.
Да пажаданняў старшыні райвыканкама згоды і дабрабыту з нагоды святкавання адметнай даты – Дня Незалежнасці – далучылася старшыня раённага Савету дэпутатаў Інэса Белуш.
– 25 гадоў таму на палітычнай карце свету ўзнікла краіна Беларусь, 20 гадоў таму мы заявілі аб сваім суверэнітэце, – адзначыла Інэса Генадзьеўна. – Часам прадстаўнікі іншых краін жартуюць, што мы, беларусы, увесь час знаходзімся ў нейкай бітве: то бітве за ўраджай, то бітве за добрыя адзнакі, то бітве за нейкія прамысловыя поспехі… Гэты спіс, напэўна, можна працягваць. Што ж, яны маюць рацыю. Але мы ў тым ліку змагаемся і за нашы ідэалы, за нашы каштоўнасці. Наша барацьба накіравана выключна на стварэнне, на ўслаўленне сваёй краіны. І ў многіх бітвах мы атрымліваем перамогу. Як гэта ў чарговы раз зрабілі футбалісты міні-футбольнага клуба «Лідсельмаш». Па выніках мінулага сезону яны сталі трохразовымі чэмпіёнамі Беларусі. Хіба гэта не падстава для гонару?!
За асабовы ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту старшыня раённага Савету дэпутатаў узнагародзіла Падзячным пісьмом генеральнага дырэктара прадпрыемства “Лідсельмаш” Юрыя Вашкевіча і начальніка міні-футбольнага аднайменнага клуба Андрэя Багдзевіча.
Дарэчы, на святочнай праграме «Жыву і дыхаю, мой родны край, табою!» прысутнічалі прадстаўнікі шматлікіх працоўных калектываў Лідчыны. Сярод іх быў і начальнік ЖЭСа № 3 Лідскага ГУП жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Бярцэвіч, які па выніках 2015 года быў названы “Чалавекам года Гродзеншчыны” у сферы вытворчасці.
Афіцыйную частку свята хутка змяніў канцэрт. У які раз хочацца адзначыць крэатыўнасць нашых культработнікаў. Лірычныя тэатралізаваная пастаноўка, якая прэзентавалася ўпершыню, была напоўнена прызнаннямі ў каханні роднай Беларусі, самай прыгажэйшай з краін, якую нездарма параўноўваюць з васільковым полем, рэхам адгукалася ў сэрцах гледачоў. Сваім талентам славілі Радзіму і лепшыя выканальнікі, артысты і калектывы рэгіёну. У такт ім многія гледачы падпявалі: “Мы – движенье вперед и ни шагу назад, Поднимается в небо победный наш флаг! Беларусь!...” Шмат станоўчых эмоцый падарыла выступленне Лідскага эстраднага аркестра і яго салістаў.
Падчас святочнай праграмы была аддана дань павагі і за ратныя дасягненні лідчанам, якія сваёй працай і вопытам ўнеслі значны ўклад у росквіт роднага рэгіёну. У сувязі з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь яны былі ўзнагароджаны Падзячным пісьмом старшыні Лідскага райвыканкама.







