Сагрэты сэрцы музыкай і шчасцем ужо пяцьдзясят гадоў
Ніводнае вясковае свята ў Панямонцах Пескаўскага сельсавета раней немагчыма было ўявіць без гарманіста Пятра Зайца. Яго гармонь то гучала па-заліхвацку бадзёра, то пераходзіла на лірычны лад, прымушала біцца яшчэ хутчэй не адно дзявочае сэрца. Прыгожы голас, меладычная музыка гармоніка, якая нібыта ажывала ў яго руках, кранулі душу мясцовай прыгажуні Надзеі. Магчыма, за музычны талент i пакахала яна вясёлага хлопца.
Супругі Заяц крочаць па адной жыццёвай дарозе ўжо пяцьдзясят гадоў. Залатое вяселле разам з дарагімі сэрцу людзьмі яны адзначаюць сёння, 11 чэрвеня, а значыць, у Панямонцах ізноў загучыць музыка, паплывуць па наваколлі даўнейшыя песні.
– Жыццё праляцела як імгненне, – расказвае сямейная пара, з якою карэспандэнт сустрэўся напярэдадні юбілея. – Здаецца, што i маладымі зусім не былі.
Чаму ж не былі? Былі! Пра шчаслівы перыяд сустрэч і пачатак доўгага шчаслівага жыцця сёння нагадваюць старыя фотаздымкі, якія ўпрыгожваюць сцены хаты i лісты фотаальбомаў. А яшчэ – гармонік, на якім Пётр Канстанцінавіч, на жаль, даўно не ігpae.
– Рукі ўжо не тыя, – прызнаецца гаспадар. – А вось музыку люблю паслухаць. Толькі сучасныя рытмы i тэксты песень не кранаюць сэрца. Няма ў іх задушэўнасці, глыбокага сэнсу, цеплаты. А вось раней ва ўсіх канцах вёскі пасля працы гучалі даўнейшыя напевы, танцы былі. Умелі людзі весяліцца!
Усё жыццё працавала сямейная пара ў калгace. Дваццаць пяць гадоў Пётр Канстанцінавіч прарабіў механізатарам, яшчэ больш Надзея Маркаўна – паляводам. Працавалі шмат, не шкадуючы сябе. У той жа час гэта вельмі бадзёрая, чулая, дружная сямейная пара, багаццем якой з’яўляюцца трое дзяцей, чатыры ўнукі i адна ўнучка. Самае лепшае, што ёсць у іх душах, яны аддаюць сваім дарагім нашчадкам, пестуюць іх, імі ж ганарацца.

– Раней, кaлі маглі, трымалі вялікую гаспадарку: былі каровы, свінні, куры, авечкі, – кажа Надзея Маркаўна. – 3 воўны я прала ніці, вязала, ткала. І цяпер захоўваю дываны, зробленыя сваімі рукамі. На жаль, прасці ўжо не магу: узрост не той. Аднак без працы не сяджу.. Завіхаюся на невялікім агародзе, вырошчваю бульбу, aгypкi, цыбульку, памідоры ў цяпліцы, якую зpaбілі дзед з унукам. Калі наведваюцца ў госці дзеткі, таксама дапамагаюць па хатняй гаспадарцы, клапоцяцца аб нашым здароўі.
Невялічкі населены пункт, дзе сёння пражываюць залатыя юбіляры, мала чым нагадвае вёску ix маладосці, у якой было больш за сто хат. Здзіўляюцца Надзея Маркаўна i Пётр Канстанцінавіч: “Куды ўсё падзелася: гамонкі моладзі, вяселлі, дзіцячы смех? Цяпер тут зусім мала мясцовых жыхароў. Усё больш дачнікі.”

У той жа час не забываюць юбіляраў блізкія людзі, сябры. Вось што расказвае карэспандэнту “Лідскай газеты” адна з іх – Вольга Ігнацьеўна:
– Аб маіх сватах можна казаць шмат добрых слоў. Калі да іх ні прый-дзеш, заўсёды сустрэнеш цёплы прыём. Пражылі пяцьдзясят гадоў душа ў душу, падтрымліваючы адзін другога ў радасці і горы. Іх сумеснае шчасце – гэта іх вялікая каштоўнасць. Пётр Канстанцінавіч і Надзея Маркаўна даказалі ўзаемную любоў, павагу, давер і адданасць, многае перажылі і многае зрабілі. І ўсё – разам, плячо ў плячо. А на падворку, паглядзіце, якія дзівы! Чаго тут толькі няма: пеўнікі, матылькі, пальмы, буслы каля хаты. Ды і сама хатка нібы казачны церам. Усё гэта – іх мары аб аздабленні двара, ператвораныя ў жыццё. Хочацца пажадаць юбілярам самага галоўнага – здароўя, даўгалецця, шчасця, дачакацца праўнукаў i вырасціць ix.

Не магла і я не далучыцца да прыгожых слоў віншавання, бо героі гэтага артыкула заслугоўваюць іх, а таксама таго, каб аб шчаслівым жыцці мужа і жонкі Заяц даведаліся нашы чытачы. Гледзячы на юбіляраў, шчыра радуешся душой, бо жыццё пражыць – не поле перайсці. А яны прайшлі гэты доўгі шлях разам, плячо ў плячо, не азіраючыся назад, а гледзячы толькі ўперад!








