«Вялік святы нам дзень настаў...»

01 Мая 2016 5639

Прыгожую старадаўнюю велікодную традыцыю – валачобніцтва – сёлета вырашылі ўзнавіць жыхаркі вёскі Ігнаткаўцы Голдаўскага сельсавета, удзельніцы аматарскага аб’яднання “Ігнаткаўскія весялухі”.

“Вялік святы нам дзень настаў...” – звонка, голасна зацягваюць вясковыя жанчыны, а ў сэрцы слухачоў пранікае радасць, вялікая і жывая, адтуль разліваецца, быццам эліксір, дорачы адчуванне свята.

...Калектыў з пяці вясковых бабуль, кожнай з якіх пад 80 ці нават крыху за, поўнасцю адпавядае сваёй назве: нягледзячы на ўзрост, перажытыя нягоды ды цяжкую працу, яны – вясёлыя, жвавыя, актыўныя і вельмі галасістыя. Яшчэ ў маладосці жанчыны працавалі разам на мясцовай ферме і ў паляводстве, хадзілі на вячоркі і на танцы. І ні адну справу не рабілі без песні. Так міналі гады, дзесяцігоддзі, а яны – па-ранейшаму сябруюць. І ўсё жыццё спяваюць! У адно творчае цэлае, калектыў з такой трапнай назвай “Ігнаткаўскія весялухі”, іх аб’яднала загадчыца Голдаўскага клуба-бібліятэкі Наташа Гомза. Работніца сферы культуры ды да таго ж сама ўраджэнка Ігнаткаўцаў, Наташа Іванаўна заўважыла, што бабулі не толькі любяць спяваць, але і добра памятаюць песні, абрады сваёй маладосці, таму вырашыла іх узнавіць і захаваць.

Вось ужо шмат год нідзе ў ваколіцах Голдава не хадзілі валачобнікі. І толькі сёлета першую ластаўку вырашылі запусціць, а дакладней, адрадзіць сваё добра забытае старое, “Ігнаткаўскія весялухі” (спачатку ў Ігнаткаўцах, а потым, магчыма, і ў іншых вёсках).

– Калісьці, у нашай маладосці, ні адзін Вялікдзень у вёсцы не абыходзіўся без валачобнікаў, – расказваюць бабулі. – Спачатку, у ноч з суботы на нядзелю, ішлі на ўсяночную ў царкву ў в. Лебяда. А ў нядзелю апоўдня на вясковай вуліцы з’яўляліся валачобнікі. Найчасцей гэта былі мужчыны. Бралі гармонік, кошык, у які гаспадары складвалі для іх пачастункі. Стукаліся ў кожную хату. Віталіся, зычылі дабрабыту, спявалі. Ганьбай было не прыняць валачобнікаў. А калі яны заходзілі ў хату, гэта лічылася добрай прыкметай, давала надзею на спраўджанне ўсіх пажаданняў. Так і хадзілі ад хаты да хаты, пакуль не абыдуць усе бліжэйшыя вёскі, а вярталіся, бывала, пад раніцу – пеўні ўжо пачыналі спяваць.

Па-даўнейшаму, з прыгожымі старадаўнімі песнямі, пажаданнямі здароўя і дабрабыту, пройдуць “Ігнаткаўскія весялухі” па хатах аднавяскоўцаў. Шчыра падораць кожнаму гаспадару і яго сваякам часцінку сардэчнай цеплыні, увабранай у трапным родным слове, мелодыі песень. Ды і самі адчуюць велікодную радасць: у вачах зайграюць жывыя агеньчыкі, а ў сэрцы вернецца маладосць.

IMG 0119-1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться