Старыя дамы на карце нашага горада
Усё XIX ст. галоўнай навучальнай установай нашага горада і ўсёй Лідчыны было павятовае (потым – гарадское) вучылішча. Практычна ўсе вядомыя лідзяне той эпохі, якія пакінулі сваё імя ў гісторыі, вучыліся ў ім.
Вучылішча адчынілася і пачало працаваць як піярская школа яшчэ ў XVIII ст. У сярэдзіне XIX ст. павятовае вучылішча было пры вуліцы Каменскай (сучаснай Ленінскай), у доме Рудніцкага. Потым Лідскае, ужо гарадское, вучылішча размяшчалася па вуліцы Замкавай (ці Гедымінаўскім завулку), у двухпавярховым цагляным жылым доме. Будынак стаяў з паўночнага боку Лiдскага замка. Фасад будынка быў павернуты да дзвюх соснаў на паўночным схіле замка. Тут жа быў і галоўны ўваход. Гэты гмах будаваўся за банкаўскую пазыку як жылы дом. Гаспадар, які будаваў дом, не змог своечасова выплаціць пазыку, і будынак перайшоў у маёмасць банка, а потым быў перададзены пад вучылішча.
Лепшы знаўца гісторыі Лідчыны ХХ ст., аўтар шэрагу выдатнейшых артыкулаў па гісторыі Лідчыны, якія не страцілі сваёй навуковай каштоўнасці да нашага часу, Міхал Шымялевіч каля 1890 г. таксама скончыў Лідскае павятовае вучылішча. Падчас яго вучобы ў Лідскім двухкласным павятовым вучылішчы выкладалі: штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкі і геаграфіі, надворны саветнік Сцяпан Сямёнавіч Свідэрскі, протаіерэй Іосіф Восіпавіч Каяловіч – настаўнік праваслаўнага веравызнання, ксёндз Іосіф Дэксніс – настаўнік каталіцкага веравызнання, настаўнік рускай мовы і гісторыі Уладзімір Паўлавіч Юзафовіч, настаўнік чыстапісання, чарчэння і малявання Мікалай Канстанцінавіч Канстанцінаў.
Вучылішча знаходзілася каля замка і таму быццам бы было пагружана ў аўру легенд і паданняў гэтага старога абарончага збудавання. Міхал Шымялевіч успамінаў, што на месцы вучылішча па Гедымінаўскім завулку раней «стаяла старое драўлянае гумно – склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедымінаўскі – вузкі, балоцісты і цёмны – усімі гараджанамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: пра замкнутага ў замкавай вежы невінаватага чалавека, пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць у першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы – набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў ці яму перашкаджала паліцыя, пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеваў і г. д. У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?»

А вось што пісаў пра вучобу ў вучылішчы 1890-х гг. былы вучань гэтай установы і сябар Шымялевіча Караль Ёдка: «Ліда была ў тыя часы ціхім, малым павятовым горадам, у якім не было аніводнай крамы з кніжкамі, паперу для пісьма можна было дастаць толькі ў некалькіх гандэлках, а фарбы для малявання – толькі у аптэчнай краме Эпштэйна. Вучні ... набывалі неабходныя кніжкі ў самой школе. Зрэшты, падручнікі – якія-небудзь “Детский мир” ці “Родное слово” – нязменна ўжываліся на працягу некалькі гадоў і служылі ажно да поўнага знішчэння некалькім генерацыям вучняў, пераходзячы ад старэйшага брата да малодшага ці да малодшага школьнага сябра. У кожным класе і службовым памяшканні на сцяне вісеў партрэт цара Аляксандра ІІІ...» Караль Ёдка заўважаў, што мiнiмальнай адукацыяй для атрымання першага дзяржаўнага чыну чыноўніка — калежскага рэгiстратара – была якраз 2-класная школа: «Хто меў пасведчанне аб заканчэннi такой школы, мог смела лiчыць, што носiць у ранцы маршальскую булаву».
Міхал Шымялеівіч, Караль Ёдка і дзед маёй жонкі Юзаф Хруль – аднакласнікі, выпускнікі Лідскай гарадской школы і сябры, якія ўсё жыццё захоўвалі добрыя стасункі.

У 1920-30-я гг. у гэтым будынку каля замка месцiлася гарадская агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута (дарэчы, таксама выпускніка Лідскага павятовага вучылішча). Вучаніца гэтай школы, лідзянка Яўгенія Ярмант пісала: «На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня – рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Направа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцэраў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе з правага боку размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі».
З гэтага месца пачыналася дарога ў жыццё для некалькіх пакаленняў жыхароў нашага горада. Будынак не захаваўся – як і ўвесь цэнтр горада, згарэў у 1941 г.






