Лідчане рыхтуюцца да Вялікадня
У ноч з суботы на нядзелю ў каталіцкіх храмах адбудзецца адна з галоўных службаў у годзе – Велікодная Вігілія, якая азнамянуе ўваскрэсенне Хрыста.
З самага рання ў сям’і Амбражук з вёскі Малейкаўшчызна пануе дух свята. Асабліва радуюцца дзесяцігадовы Максім і сямігадовая Кацярына – сёння яны ўпершыню самастойна асвяцяць велікодныя прысмакі: фарбаваныя яйкі і куліч. У касцёл, праўда, ехаць не прый-дзецца: штогод ксёндз з парафіі Узвышэння Святога Крыжа аб'язджае вёскі, якія адносяцца да прыхода, і акрапляе ежу на месцы.
– Мы ўжо досыць дарослыя, таму выконвалі пост, – на правах старэйшага брата апавядае Максім. – Не ўсе 40 дзён, канешне, але па серадах і пятніцах стараліся не есці мяса, на працягу апошніх тыдняў менш гулялі ў камп'ютарныя гульні і глядзелі тэлевізар. Вялікдзень мы вельмі любім. Падабаецца дапамагаць маме пячы булкі, фарбаваць яйкі. Наогул, яек нафарбавалі шмат – чакаем хросных, будзем іх частаваць.
– А мне падабаецца, што на Вялікдзень прыязджаюць бабулі і дзядуля, дваюрадная сястра Дыяна, – уключаецца ў размову Кацярына. – Мы б'ёмся з ёй яйкамі. У каго самае моцнае – той і перамог.
Вялікдзень – самае галоўнае свята, якое ёсць у католікаў. Яно суправаджаецца традыцыямі, адна з якіх – збірацца разам за адным сталом, бо свята гэтае не толькі рэлігійнае, але і сямейнае.







