У іх доме цёпла і ўтульна і заўсёды рады гасцям
Жыццё – нібы рака, якая нясе свае воды ўздоўж крутых, скалістых берагоў. То яна выгнецца, прымусіўшы пераадолець неймаверныя цяжкасці, то, наадварот, паблажліва дазволіць з лёгкасцю прайсці яе самыя глыбокія месцы. І колькі б часу ні прайшло, яна працягвае сваю ўпэўненую плынь. Вось і муж і жонка Ляховічы з горада Бярозаўкі азірнуцца не паспелі, як за плячыма – паўвека сумеснага жыцця. Але не грузам праблем яны ляглі на плечы двух роднасных душ, а сапраўдным багаццем. Іван Паўлавіч і Галіна Антонаўна разам ужо пяцьдзясят гадоў. Залатое вяселле згулялі дваццаць дзявятага студзеня. «Горка!» юбілярам крычалі не толькі родныя, блізкія людзі, але і сябры, суседзі.
– Якія маладыя мы былі, – ледзь не словамі вядомай песні кажа Галіна Антонаўна, гартаючы ў руках сямейны альбом. – Вось наша вясельная фатаграфія. Тут мы зусім юныя. Проста не верыцца, што столькі часу прайшло. Пяцьдзясят гадоў як адно імгненне праляцелі. І пражылі мы іх душа ў душу, хоць і знаёмыя былі ўсяго нічога – шэсць месяцаў.
Родам героі артыкула з населеных пунктаў Пескаўскага сельсавета. Галіна Антонаўна нарадзілася ў Буцілах, а Іван Паўлавіч – у Мастаўлянах. Сцежку паміж вёскамі праклаў будучы муж. Азірнуцца не паспела прыгажуня дзяўчына, як на парозе ўжо стаялі сваты.
– Вяселле справілі з размахам, – ізноў у размове ўзяла слова гаспадыня. – Праводзілі яго па тагачасных традыцыях. Спачатку выкуп, потым пераступалі праз дровы, пераапранутым у цыганоў дзяўчатам і хлопцам кідалі вытканыя паясы (такімі ў нашых месцах яшчэ нованароджаных дзяцей перавязвалі). Святкавалі, як і належыць, тры дні. У адным доме быў накрыты стол для гасцей (іх тады з дзвюх вёсак сабралася сто чалавек), у другім, размешчаным па суседстве, былі танцы. Гучалі песні, у тым ліку і старыя, фальклорныя. Спявалі нам «Сто гадоў». Цяпер вось думаем: можа, з Божай дапамогай перасягнем яшчэ і гэтую знакавую мяжу.
Так склалася, што ўжо шмат часу муж і жонка жывуць у горадзе Бярозаўцы. Пераехалі сюды практычна адразу ж пасля вяселля. Тут абзавяліся ўласнай хатай, гаспадаркай. Потым нарадзілася дачка. І так паступова, то акунаючыся ў працоўныя будні (Галіна Антонаўна працавала ў Бярозаўскім гархарчпрамгандлі, а Іван Паўлавіч – у будаўнічым трэсце), то ў сямейныя клопаты, не заўважылі, як пайшлі на заслужаны адпачынак. Уклад жыцця стаў больш спакойным, мерным, і толькі пастаянная прысутнасць побач дарагіх сэрцу людзей, святы, якія збіраюць за агульным сталом вялікую сям’ю, дастаўляюць гасцінным гаспадарам толькі прыемныя клопаты, падымаюць настрой.
– Гэта вельмі энергічныя, спагадлівыя, сумленныя і справядлівыя людзі, – заўважыла кума Вера Васільеўна, якая прыйшла праведаць юбіляраў. – У іх доме цёпла і ўтульна, а таксама заўсёды рады гасцям. Тут пануе добрая аўра, да іх цягнуцца суседзі. Бо кожнаму знойдуць патрэбныя словы, нікому не адмовяць у дапамозе.
У невялікім пакоі светла і ўтульна. Галіна Антонаўна і Іван Паўлавіч па звычцы трымаюцца за рукі, падчас гутаркі ласкава пазіраючы адзін на аднаго. Часам нават складалася ўражанне, што і не было ўвогуле ўсіх гэтых гадоў. Яны па-ранейшаму прыгожыя і маладыя душой.
– Само па сабе жыццё не можа быць толькі лёгкім, – заўважылі залатыя юбіляры мне на развітанне. – Выбар, які прыходзіцца рабіць, выпрабаванні і перамены, якія выпадаюць у пэўны момант, – гэта ўсё ёсць у жыцці. І толькі разам, плячо ў плячо, а таксама з Божай дапамогай усё можна перажыць, выстаяць. Вось і мы разам пераадолелі пяцідзесяцігадовы рубеж. А гэта не так і мала!




