Калі возьмем у рукі аплатку…
Святочны стол, накрыты белым абрусам, пасланае пад ім сена, куцця, смачныя посныя стравы, над якімі трымціць агеньчык свечкі, і на талерцы пад белай сурвэткай – белая аплатка… Засталося ўсяго пару дзён да галоўнай урачыстасці католікаў – Божага Нараджэння. Кожная сям’я рыхтуецца і перажывае яго на свой лад, але ўсё ж такі падобна адна да другой. А як адбываецца святкаванне ў супольнасцях сёстраў законных? Для журналіста “Лідскай газеты” заслона гэтай таямніцы прыадкрылася ўпершыню.
З сястрой Аліцыяй Шадурскай з Кангрэгацыі Сёстраў школьных Нотр-Дам мы сустрэліся амаль за тыдзень да свята. Нягледзячы на тое што раней мы знаёмыя не былі, размова ішла на дзіва лёгка – гадзіна праляцела незаўважна. Хацелася пагаварыць яшчэ, але не было магчымасці: у сёстраў законных час распісаны літаральна па хвілінах.
– Галоўнае ў Божым Нараджэнні – гэта духоўныя падрыхтоўкі, – пачала сястра Аліцыя. – Не ёлка, не агні, не смачны стол, а чыстае сэрца, адкрытае для Ісуса. Сэнс Божага Нараджэння ва ўменні дараваць, ва ўменні прымаць выпрабаванні, пасланыя Богам, ва ўменні радавацца і быць удзячнымі таму, што ёсць, ва ўменні дарыць любоў і спагаду... А ўсё гэта не знешнія паказчыкі, а ўнутраныя. Нездарма кажуць, што Божае Нараджэнне – гэта свята веры, свята добрых спраў, якія не павінны спыняцца на працягу ўсяго жыцця.
Пасля гэтых слоў сястра ўстала і прынесла ліст паперы, на якім быў надрукаваны нейкі тэкст. Яна прачытала яго: “Кожны раз, калі ўсміхаешся свайму брату і працягваеш яму руку, надыходзіць Нараджэнне Хрыстова. Кожны раз, калі змаўкаеш, каб выслухаць іншых, калі адмаўляешся ад правілаў, якія, як жалезны абруч, сцягваюць людзей у іх адзіноце, калі дорыш агеньчык надзеі чалавеку ў роспачы, калі спазнаеш у пакоры, наколькі нікчэмныя твае магчымасці і наколькі вялікая твая слабасць, кожны раз, калі дазваляеш, каб Бог палюбіў іншых праз Цябе, – кожны раз наступае Божае Нараджэнне».
– Гэтае выказванне належыць Маці Тэрэзе з Калькуты. Лепш, красамоўней за яе я не скажу і не патлумачу, – завяршыла сястра Аліцыя.
Вігілійны вечар
Традыцыя рыхтаваць вігілійную вячэру ў суполцы сёстраў, вядома, таксама ёсць. Але ёсць тут і свае асаблівасці. У падрыхтоўцы менш увагі надаецца рытуалам і больш – зместу.
– Несвядомае прытрымліванне рытуалаў – гэта пустое, трэба не проста ведаць іх сэнс, а падзяляць яго. Інакш усё ўпустую… Сервіроўка стала абавязкова 12 стравамі нічога не дасць, калі не разумееш, адкуль гэтая лічба – 12 (столькі вучняў было ў Хрыста. – Ад рэдакцыі). Не дасць яна нічога і тады, калі сэрца забруджана. Паўтаруся, галоўнае ў Нараджэнні Хрыстовым не вонкавае прытрымліванне, а ўнутранае, – яшчэ раз падкрэсліла мая суразмоўца.
Сястра Аліцыя, між іншым, паведаміла, што вігілійны стол іх суполкі заўсёды пакрываецца белым абрусам як сімвалам чысціні. З абавязковага на стале – пустая талерка. “Яна для Ісуса. Пачуеце стук апоўначы – гэта Ён прыходзіць, і мы павінны быць гатовыя да гэтай сустрэчы”, – патлумачыла сястра законная. А вось чаго дакладна не павінна быць на стале – дык гэта спіртнога. І справа не ў алкаголі, а ва ўменні адчуваць і перажываць радасць на цвярозую галаву.
У цэнтры вігілійнага стала сёстры запальваюць свечку як сімвал Ісуса Хрыста, які нясе святло людзям. Побач кладуць аплаткі і Евангелле.
– Наша вячэра пачынаецца з малітвы: хтосьці са старэйшых чытае ўрывак з Евангелля ад святога Лукі, з раздзела 2, вершы 1–14. І толькі потым ідзе дзяленне аплаткамі. Так мы даём любоў і прымаем яе, – працягвала сястра Аліцыя.
Мая суразмоўца спынілася на тым, што важна разумець: вігілійная аплатка – гэта не Святая Камунія, а сімвал любові. Як Бог падзяліўся ёю з намі, так і мы дзелімся з іншымі.
– І толькі потым мы садзімся за сумесную вячэру, пасля заканчэння якой ідзём у касцёл на ўрачыстую імшу, – скончыла свой аповед сястра Аліцыя.
А пасля невялікай паўзы дадала: «Магчыма, вы чакалі чагосьці іншага ад майго аповеду, больш падрабязнасцей, нейкіх таямніц, якіх на самой справе няма... Але хіба можна шмат казаць пра пачуцці, пра духоўны змест? Мы, сёстры, не абмяжоўваемся выключна чатырма тыднямі Адвэнту. Адвэнт для нас – гэта падрыхтоўка, якая доўжыцца ўсё жыццё і заканчваецца ў момант смерці. Важна, каб людзі гэта зразумелі і далі сабе шанц сустрэцца з Богам з пачуццём радасці, а не страху і шкадавання за бязмэтна і бездухоўна пражытыя гады».
…Як бачым, сустрэча Божага Нараджэння ў сёстраў з Кангрэгацыі Сёстраў школьных Нотр-Дам вонкава мала чым адрозніваецца ад нашай. Трэба імкнуцца да таго, каб мінімізаваць унутраныя адрозненні. А гэта атрымаецца тады, калі да нас прыйдзе разуменне таго, што ў такі важны вечар, як вечар Нараджэння Хрыстовага, самае важнае – папрасіць прабачэння ў свайго блізкага і ад усяго сэрца прабачыць яму, а таксама ўсім, хто пакрыўдзіў нас. Бо вігілійны стол – гэта стол паяднання, прымірэння, любові.

НА ЗДЫМКУ (злева направа): сёстры Аліцыя Шадурская і Рэгіна Садоўская з Кангрэгацыі Сёстраў школьных Нотр-Дам у Лідзе.



