Дзве шматдзетныя жыхаркі Ліды ўзнагароджаны ордэнамі Маці
Алена Клімашэўская і Мадзіна Роўба – мнагадзетныя маці. На мінулым тыдні, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яны былі ўзнагароджаны ордэнамі Маці.
Каля Алены Уладзіміраўны і яе мужа Аляксандра Станіслававіча шумна: дзеці гуляюць з маленькім братам. Тое, што вялікая дружная сям’я першапачаткова была іх мэтай, сцвярджаюць абодва бацькі. Цяпер старэйшая дачка, Анастасія, ужо сама замужам, а самаму маленькаму, Марэку, усяго паўтара гады. Мацярынства магло б стаць для Алены Клімашэўскай нялёгкім штодзённым выпрабаваннем, бо яе муж часта бывае ў ад’ездзе. Па прафесіі ён вадзіцель-экспедытар-міжнароднік. Але ў доме ў кожнага свае абавязкі, дарэчы бывае дапамога бабулі і дзядулі. Істотнай стала і падтрымка дзяржавы. Клімашэўскія карыстаюцца ўсімі льготамі, прадугледжанымі для шматдзетных сем'яў, і чакаюць паляпшэння ў бліжэйшы час жыллёвых умоў.
Алена Уладзіміраўна – хатняя гаспадыня. “Дзяцей я хацела выхоўваць сама, і цяпер яны – наша з мужам самая вялікая радасць”, – тлумачыць яна.Радасць мацярынства Мадзіны Роўбы з аграгарадка Ёдкі цяпер таксама падмацавана ордэнам. Атрыманне дзяржаўнай узнагароды стала для яе сюрпрызам. Не разлічвала яна, калі дваццаць год таму пазнаёмілася з лідчанінам у Санкт-Пецярбурзе, і на тое, што пераедзе ў Беларусь і што стане шматдзетнай. “Мне заўсёды здавалася, што гэта нейкія незвычайныя людзі і незвычайныя сем’і, – апавядае яна. – Мы з мужам былі вельмі шчаслівыя, калі нарадзіўся наш першы сын, а са з'яўленнем кожнага наступнага дзіцяці радасць станавілася яшчэ большай. Цяпер я ўпэўненая, што ў тым, што сям'я шматдзетная, няма нічога асаблівага. Калі Бог дае дзіця, ён дае сілы і магчымасці яго вырасціць”.
Аб’ядноўвае сям’ю і дапамагае справіцца з бытавымі цяжкасцямі сумесны адпачынак, у тым ліку пілігрымкі, падарожжы.

Уручала дзяржаўную ўзнагароду жанчынам старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. Звяртаючыся да іх з прывітальным словам, яна падкрэсліла: “У Беларусі, адной з нямногіх краін былога СССР, захавалася добрая традыцыя ўшанавання жанчын, што нарадзілі і дастойна выхавалі пяць і болей дзяцей. Дзяржава дзякуе вам за гэту цяжкую, але высакародную штодзённую працу”. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Лідскага райвыканкама Андрэй Міміш адзначыў: “Калі некалькі год назад я заступіў на пасаду, у раёне налічваліся 824 шматдзетныя сям’і. Цяпер іх больш за 1200. Гэта значыць, што вялікія сем’і становяцца ўсё больш папулярнымі ў жыхароў нашага рэгіёна. Спадзяюся, што менавіта такая сям’я стане сям’ёй будучага”.







