Жыхары Бельскіх ведаюць: вада ў іх дамы прыйдзе
Вёска Бельскія Дзітвянскага сельсавета хаця і не мае статуса аграгарадка, але з гадамі не апусцела, як іншыя. У ёй купляюць дамы на дачы, сюды, на бацькаўшчыну, вяртаюцца дзеці... Дае аб сабе знаць, па-першае, блізкасць Ліды, па-другое – зноў жа блізкасць аграгарадка Дзітва з развітай інфраструктурай, у тым ліку – добрымі транспартнымі зносінамі. Ну і, па-трэцяе, тут ёсць усё, каб проста ціха, спакойна жыць. Няма толькі аднаго – вады. Так-так, менавіта яна, вада, а дакладней яе адсутнасць, ужо шмат год непакоіць мясцовых жыхароў. І толькі сёлета ў вырашэнні гэтай праблемы з’явіўся-такі зрух.
Кожная вёска мае сваё аблічча. Так і Бельскія. Адметнай рысай іх з’яўляецца тое, што, акрамя цэнтральнай вуліцы, шмат дамоў стаяць паасобку, нібы параскіданыя хутарочкі. І ўсё разам гэта – Бельскія. Між іншым, хаты ў вёсцы – акуратныя і добраўпарадкаваныя, на падворках некаторых – аўтамабілі. З чаго можна зрабіць вывад: у многіх дамах жывуць маладыя, дзелавітыя людзі.
Карэспандэнту не адзін раз даводзілася сустракацца з вяскоўцамі. З гэтых сустрэч і са знаёмстваў можна намаляваць іх партрэт. Ну вось хаця б стараста вёскі – Яўгенія Станіславаўна Жолудзь (на здымку злева) – з такімі характэрнымі рысамі, як адкрытасць і добразычлівасць, жыве не толькі і не столькі сваімі, колькі вясковымі, грамадскімі турботамі. Менавіта яна шмат год пісала лісты ў розныя інстанцыі, узнімала праблему вады. Найцікавейшая жыхарка і 96-гадовая Марыя Юр’еўна Борыс (на здымку справа). Нягледзячы на ўзрост, яна на сваіх нагах і нічым не хварэе! Хаця жыццё выдалася нялёгкім: вайною выходзіла замуж, а ўжо ў 1962 годзе пахавала мужа, засталася адна з чатырма дзецьмі, выгадавала іх, а потым траіх, ужо дарослых, пахавала. Застаўся адзін сын, Іван, і, пэўна, Бог пашкадаваў Марыю Юр’еўну, бо гэты адзіны сын стаў сапраўднай матчынай апорай у старасці. Ад сваёй моцнай маці ён пераняў такі ж моцны жыццёвы стрыжань. Ці яшчэ адна жыхарка – прадстаўніца маладога пакалення Бельскіх Ларыса Карэйва. Гэта яны з мужам вярнуліся з горада ў бацькоўскую хату, добраўпарадкавалі яе і менавіта тут, на сваёй зямлі, лічаць сябе на адзіна правільным месцы. Нельга не сказаць, што ўсіх жыхароў Бельскіх яднае агульная рыса – працавітасць. Настрой ёй у Бельскіх задае нават фермер Валерый Шарыч, які арандуе мясцовыя землі і вырошчвае на іх агародніну.

Дык вось, менавіта ў гэтай вёсцы востра паўстала праблема вады. Здавалася б, як жыць без яе?.. Ні хатнюю жывёлу напаіць, ні агарод паліць, ні пасціраць, ні ежу прыгатаваць – усё ж завязана на вадзе. Як жылі і жывуць тут людзі?.. Але ж – жывуць, і болей таго – імкнуцца сюды.
***
Між тым, праблема вады ўзнікла тут не раптоўна, а назравала гадамі. Дало знаць аб сабе ўмяшанне чалавека ў прыроду, усё большае і большае на яе наступленне.
– Пачалося ўсё гадоў з дзесяць таму, – уводзіць у курс справы Яўгенія Жолудзь. – Вакол вёскі будаваліся скважыны: адна, потым – другая. Калі раней вады ў нашых калодзежах было ўдосталь, то з цягам часу станавілася ўсё меней і меней. Пакуль яна не знікла зусім. Вады не было як летам, так і ўзімку. Не было нават кубачка вады, каб папіць! Уявіце сабе становішча, у якім апынуліся ўсе мы, мясцовыя жыхары...
Ваду падвозіў у Бельскія трактар бліжэйшага сельгаспрадпрыемства, Лідскай птушкафабрыкі, падчапіўшы бочку. Але выкарыстоўваць яе можна было хіба дзеля таго, каб папаіць хатнюю жывёлу, паліць агарод. Гатаваць на ёй ежу ці нават проста памыць посуд, пасціраць адзенне было нельга. Чыстую ваду, часцей – буціліраваную, вазілі ў вёску з горада. Ды добра, калі было ці ёсць яе каму ды на чым прывезці. А калі няма?.. Адзін час жыхары практыкавалі заліваць прывезеную ваду ў калодзежы. Але хутка зразумелі: дарэмна – вада адразу знікала ў зямлі. На падворку Ларысы Карэйва, напрыклад, пабудавалі калодзеж ажно на 24 кольцы (!), у яго паставілі насос. Ды вады ў ім усё роўна зачэрпаць можна зусім мала. Але гэта ўсё ж адзінае месца ў вёсцы, дзе вады хоць крышачку ёсць. На падворку старасты, напрыклад, таксама ў калодзеж апушчаны насос. Але за дзень у лепшым выпадку можна набраць не больш за вядро. Што гэта значыць нават для аднаго чалавека?!
Вось чаму стараста так актыўна ўзялася будзіраваць гэту праблему на розных узроўнях. Куды толькі не пісала: “Дапамажыце!..”
***
Нарэшце яе просьба была пачута. Галоўную ж ролю ў тым, што праблема вады, якую жыхары Бельскіх інакш як глыбай не называюць, зрушылася з месца, яны ж самі адводзяць старшыні Дзітвянскага сельвыканкама Іне Мяшкевіч. Кіраўнік Іна Мікалаеўна хоць і малады, але напорысты і мэтанакіраваны, а самае галоўнае – неабыякавы да праблем людзей. “Нам з ёю пашанцавала, – адзначае Яўгенія Жолудзь, – і мы вельмі ўдзячныя, што яна ўзялася за нашу праблему”.
Важную ролю тут сыграла яшчэ і актыўная пазіцыя саміх жыхароў: той жа старасты і яе дачкі – Ліліі Лапко, якая зараз жыве ў Лідзе, але часта бывае на вёсцы ў маці, а таксама Ларысы Карэйва, пра якую мы ўжо казалі вышэй, і многіх іншых.
– Разам з Інай Мікалаеўнай мы абмяркоўвалі, што і як рабіць, – расказвае Лілія Станіславаўна Лапко. – З самага пачатку стала зразумела: праводзіць ваду прыйдзецца за свае сродкі, прытым сродкі немалыя. І ўсё ж ясна было адно: ваду праводзіць патрэбна, і кропка.
І вось першы вынік – атрыманы тэхнічныя ўмовы на будучыя работы. Зразумела, да канчатковага этапу было яшчэ вельмі далёка, але галоўнае – справа зрушылася з месца.
– Мы заказалі здымку мясцовасці і праект будучага водаправода, – расказвае Лілія Станіславаўна. – І тут не абышлося без цяжкасцяў. Галоўная з іх – гэта вялікая адлегласць да месца нашага падключэння. Уявіце сабе: больш за кіламетр. Можна было б гэту адлегласць крыху скараціць. Але тады прыйшлося б пракладваць трубаправод праз лес. А гэта значыць – праводзіць высечку, выкарчоўку, што таксама – значныя цяжкасці і вялікія працоўныя затраты. Вырашылі: няхай будзе лішні метр, але – па роўнай мясцовасці. Спецыялісты зрабілі разлік па ціску – каб вада даходзіла да ўсіх, нават самых далёкіх, дамоў. Па гэтай жа прычыне – аддаленасці дамоў – узніклі цяжкасці ў распрацоўцы самога праекта. А яшчэ некаторыя жыхары занепакоіліся, ці здолеюць сабраць сродкі (а яны спатрэбяцца немалыя). І ўсё ж ваду хочуць і намераны праводзіць усе, бо ведаюць: такога шанца ў Бельскіх больш не будзе.
***
Ужо пасля нашай сустрэчы, падчас падрыхтоўкі артыкула ў нумар, стала вядома: праект будучага водаправода гатовы. З ім старшыня Дзітвянскага сельвыканкама Іна Мяшкевіч плануе звярнуцца ў шэраг спецыялізаваных арганізацый, у тым ліку – Лідскае ГУП ЖКГ. Яна будзе весці размову аб выкананні работ па пракладцы трубаправода і дамаўляцца, каб вяскоўцам у гэтай справе пайшлі насустрач. Паколькі для мясцовых жыхароў усё ўпіраецца ў немалыя матэрыяльныя сродкі, сельвыканкам будзе шукаць і іншыя магчымасці, каб аблегчыць гэты цяжар. Вядома, напрыклад, што частку работ гатовы ўзяць на сябе фермер Валерый Шарыч.
Тым часам мясцовыя актывісты шукаюць магчымасць набыць матэрыялы для трубаправода, пралічваючы заказ іх у заводаў-вытворцаў па найменшай з магчымых цэнаў.
Жыхары Бельскіх вельмі спа-дзяюцца, што сёлета ў іх вёсцы будзе пракладзены водаправод. «Мы ўпэўнены, – кажуць яны, – у Бельскіх усё пачнецца па-іншаму. Ужо сёння ёсць людзі, якія хочуць і гатовыя купіць дом і пераехаць у Бельскія. Стрымлівае толькі адсутнасць вады. Ды што і казаць: для нас таксама вельмі важна, каб вада з'явілася ў нашых дамах».







