Сярэбранае вяселле сённяшнія жыхары Рыгі вырашылі адсвяткаваць у Лідзе (фота)
Усё гэтак жа, як і дваццаць пяць гадоў таму, пад гукі марша Мендэльсона, уваходзілі ў залу ўрачыстых рэгістрацый «сярэбраныя маладажоны» – Айварс і Ірына Плепіс. У святочны дзень, што вянчаў чвэрць стагоддзя іх сумеснага жыцця, яны разам з роднымі і сябрамі прыйшлі ў той жа загс, і ў тым жа горадзе, дзе калісьці пажаніліся.
Айварс быў злёгку іранічны. Яно і зразумела: пачуццё гумару стала чымсьці накшталт прафесійнай рысы ў многіх медыкаў. Хваляванне Ірыны падчас цырымоніі чыталася прыкметней. Слёзы наварочваліся, калі вясельны ручнік перад імі рассцілалі дзеці – Крысціна і Артур, а словы віншаванняў казалі бацькі Рышард Вацлававіч і Хрысціна Антонаўна Макарчукі. «Юбілеі вяселляў мы, на жаль, праводзім нячаста, – тлумачыць намеснік начальніка аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Алена Кальцова, – муж і жонка, як правіла, адзначаюць такія даты ў вузкім сямейным коле і ўрачыстасцей пазбягаюць. Затое калі такое здараецца, глядзець на нашых «маладых», такіх шчаслівых, расчуленых, – адно задавальненне».
25 гадоў таму, у 1990-м, малады спецыяліст Айварс Плепіс працаваў урачом у адной з вайсковых часцей горада. Лідчанка Ірына заканчвала Інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава ў Мінску. У гасцях маладыя людзі пазнаёміліся, іскарка кахання мільганула паміж імі з першага погляду. Неўзабаве пара вырашыла ажаніцца. Як і ў многіх тады маладых, асобнага жылля ў Ірыны і Айварса не было. Яны жылі ў бацькоў нявесты.
Праз два гады сям’я пераехала ў Рыгу. Там малады ўрач пачаў працаваць разам са сваім бацькам. Да слова, Плепіс – медыцынская дынастыя. Ірына працавала ў пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Латвіі. За ўсе гэтыя гады было шмат і выпрабаванняў, і прыемных клопатаў: дні нараджэння дзяцей, іх першы і апошні школьныя званкі, паступленне дачкі ў ВНУ. Дарэчы, дачка Крысціна пайшла па слядах бацькі і справай свайго жыцця абрала медыцыну, сын Артур заканчвае школу і стаіць перад выбарам шляху.
Зараз, калі разводы ўжо сталі чымсьці звыклым, цёплыя, моцныя, шматгадовыя сямейныя адносіны не могуць пакідаць абыякавым. Як жа маладым захаваць разуменне і любоў, нягледзячы на жыццёвыя нягоды? «Трэба проста клапаціцца адзін аб адным, саступаць і разумець», – раіць Ірына. Айварс працягвае: «Моладзі раім: не рабіце так, як мы, рабіце яшчэ лепш за нас!»

У Лідзе сям’я бывае часта: як мінімум раз у паўгода. «Хочацца ўбачыць сваіх блізкіх і родных людзей, – апавядае Ірына. – У Беларусь мы заўсёды едзем з радасцю. Цягне туды, дзе ты нарадзіўся». «Сённяшнюю Ліду не параўнаць з тым горадам, з якога мы з’язджалі, – працягвае Айварс. – Асабліва прыгожа тут стала пасля «Дажынак». У 1990-м маладыя звычайна фатаграфаваліся ў загсе і ля кургана. І ў нас ёсць такія фота. Зараз прыгожых месцаў намнога больш».
Вядома, што 25 гадоў па мерках горада – зусім няшмат. У маштабах жа чалавечага жыцця гэта цэлая эпоха. Сярэбранае вяселле – не проста юбілей, а важная веха, якая дае магчымасць ацаніць пройдзены шлях. Многае прайшло і стала сямейнай гісторыяй. Упэўненая, што шмат запамінальных, яркіх старонак Айварс і Ірына ў яе яшчэ ўпішуць. Якраз да залатога юбілею.








