Свяшчэнная трыяда. Лідчане адзначылі Дзень Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь
Дзень дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга ў Беларусі адзначаюць ужо больш за чвэрць стагоддзя. А з 2023 года другая нядзеля мая стала таксама святам нашага гімна. Гэта трыяда ўвасабляе наш суверэнітэт і нацыянальнае адзінства. Сімвалам, якія нас яднаюць, у Лідзе прысвяцілі патрыятычную акцыю, кульмінацыйным момантам якой стала ўрачыстае ўзняцце Дзяржаўнага сцяга. А сотні лідчан выканалі галоўную песню краіны – Дзяржаўны гімн.
Па традыцыі ў гэты святочны дзень прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя і моладзь сабраліся на плошчы ў Лідзе на ўрачыстую цырымонію «У адзінстве сімвалаў – сіла нацыі». Са словамі віншаванняў да землякоў звярнуўся старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
– У кожнай нацыі ёсць свае святыні, якія вышэйшыя за любыя словы. Для нас дзяржаўныя сімвалы – гэта нацыянальнае "я". Наш сцяг увабраў у сябе саму сутнасць нацыі: чысціню нашых намераў, бясстрашнасць перад выпрабаваннямі і непарыўную сувязь з роднай зямлёй. Залатыя каласы герба ўвасабляюць працавітасць і хлебасольства народа, а магутныя акорды гімна – непахісную волю быць гаспадарамі на сваёй роднай зямлі. Сімвалічна, што гэтае свята мы сустракаем у светлыя майскія дні, услед за Днём Перамогі. Гэта важны напамін пра тое, што мірнае неба і права ганарліва паднімаць свой сцяг былі аплачаны вялікай цаной. Быць патрыётам сёння – значыць не толькі шанаваць гісторыю, але і штодня ствараць будучыню. Наш агульны абавязак – берагчы гэтыя сімвалы ад любых замахаў і перадаваць дзецям шчырае пачуццё гонару за сваю Айчыну. Дарагія сябры! Няхай герб, сцяг і гімн заўсёды натхняюць вас на добрыя справы, дораць пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага ладу і новых здзяйсненняў пад сцягам нашай любімай Беларусі. Няхай у вашых дамах заўсёды гучыць музыка шчасця, а над Лідчынай ганарліва лунае сцяг мірнай і квітнеючай краіны!
Ганаровага права ўзняць Дзяржаўны сцяг былі ўдастоены прадстаўнікі таленавітай моладзі, а таксама начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк і генеральны дырэктар прадпрыемства "Бел-Пласт Інтэрнэшнл" Анатоль Вялікін.
– Стаўлюся да дзяржаўнай сімволікі з павагай і шанаваннем, як кожны сапраўдны беларус. Нацыянальны гімн ведаю на зубок. Лічу, што любоў да Радзімы складваецца з клопату пра захаванне традыцый, – выказала сваю думку вучаніца 11-га класа гімназіі №1 г. Ліды Яна Саковіч.
Песнямі і танцамі ў гэты дзень віталі землякоў самадзейныя артысты. Падчас урачыстасці прайшла цырымонія ўступлення ў піянеры. Гальштукі школьнікам, якія папоўнілі рады БРПА, павязалі ганаровыя госці мерапрыемства.
– Беларусь – адна з нямногіх краін былога Савецкага Саюза, якая захавала пераемнасць і традыцыі дзяржаўных сімвалаў. Так, яны набылі крыху іншыя абрысы, але сэнс застаўся нязменным: “Мы, беларусы – мірныя людзі”. Менавіта з гэтых слоў пачынаецца наш гімн. Гэта і ёсць адказ, у чым галоўная сутнасць нашай дзяржаўнай палітыкі, – кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін.
ТРЭБА ВЕДАЦЬ
Дзяржаўны сцяг Беларусі ўяўляе сабой прамавугольнае палатно. Чырвоны колер сімвалізуе подзвіг беларускага народа, сілу, мужнасць. Зялёны – гэта надзея на адраджэнне, маладосць, прыродная гармонія і працаздольнасць. Белы – чысціня, мудрасць, мір. Беларусь была першай краінай свету, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента Дзяржаўнага сцяга. Дарэчы, арнамент «Узыходзячае сонца» быў узяты з рэальнага ручніка. Яго на пачатку ХХ стагоддзя вышыла звычайная сялянка з-пад Сянна Матрона Маркевіч.






