Размова з Русланам Мельнікам: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця Дварышчанскага сельвыканкама

27 Апреля 2026 428
Сёння “Лідская газета” запрасіла да размовы старшыню Дварышчанскага сельвыканкама Руслана Мельніка. Гутарка аб тым, якія пытанні знаходзяцца ў полі зроку  ўлады на месцы, атрымалася змястоўнай і пазнавальнай.

– Як вядома, у чэрвені 2023 года частка населеных пунктаў Крупаўскага сельсавета ўвайшла ў склад Дварышчанскага сельсавета, і зараз на яго тэрыторыі размешчаны 33 населеныя пункты, з іх два аграгарадкі: Гуды і Дворышча. Пражывае 2327 чалавек, працаздольных – 1351 і 680 пенсійнага ўзросту, дзяцей і падлеткаў – амаль трыста чалавек. Самы буйны населены пункт – Малэйкаўшчына (амаль сем з паловай сотняў жыхароў).  Трохі меншая колькасць насельніцтва ў параўнанні з ім у Дворышчы і Гудах, – расказвае Руслан Уладзіміравіч.

– Кожны з жыхароў мае як свае радасці, так і свае турботы. З часткай пытанняў яны звяртаюцца да мясцовай улады. Што хвалюе вяскоўцаў?

– Жыхары звяртаюцца ў сельвыканкам штодзённа, скажам так, па рабочых пытаннях, якія знаходзяцца ў нашай кампетэнцыі,  і ўсе яны аператыўна  вырашаюцца. Разам з тым ёсць звароты, якія патрабуюць далейшага нашага разгляду і ўдзелу ў вырашэнні. Так, напрыклад, за мінулы год яны тычыліся добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, у тым ліку ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі, асабістай падсобнай гаспадаркі, землеўпарадкавання і землекарыстання, устанаўлення межаў зямельных участкаў, архітэктуры і будаўніцтва.

– Ведаю, што ў сваю чаргу ўлада на месцы працуе, як кажуць, на апярэджанне, каб зняць пытанні, па якіх у жыхароў могуць узнікнуць нараканні.

– Гэта так.  Вось, напрыклад, каб падтрымліваць парадак у населеных пунктах, і яны не мелі закінуты выгляд, мы праводзім  работу па ўліку і скарачэнню пустых дамоў, пошуку іх уласнікаў і патэнцыяльных нашчадкаў. У мінулым годзе сельвыканкамам было прададзена 17 пустуючых дамоў, 7 прыйшлося знесці з-за іх нездавальняючага стану. Фарміруюцца ўчасткі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. 

Работа па добраўпарадкаванню населеных пунктаў  заўсёды была адным з прыярытэтных напрамкаў нашай дейнасці. Штогод зацвярджаецца план мерапрыемстваў па навядзенні  парадку на зямлі, добраўпарадкаванню і ўтрыманню тэрыторыі сельсавета.

– Ці можна сказаць, што людзі актыўна  набываюць пустуючыя дамы ў населеных пунктах Дварышчанскага сельсавета?

– Так. Часцей за ўсё іх набываюць лідчане пад  дачы. Ёсць і тыя, хто купляе дамы для  пастаяннага пражывання. Асаблівым попытам карыстаюцца вёскі, якія знаходзяцца бліжэй да горада: Эйтуны, Уладзіславова, Гурыны і іншыя. 

–  А калі чалавек мае прысядзібны ўчастак, дык ён абавязаны падтрымліваць парадак не толькі на ім, але і вакол яго.

– У плане па навядзенні парадку на зямлі агаворваецца, якія землі для гэтага замацоўваюцца за юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. На грамадзян ускладваецца абавязак падтрымліваць парадак   на адлегласці дзесяці метраў ад мяжы  зямельнага ўчастка, якім  валодаюць. Ёсць  такія, каму патрэбен напамін, але большасці жыхароў аб гэтым нагадваць не трэба. Больш таго, некаторыя не толькі наводзяць парадак на сваёй сядзібе і вакол яе, але імкнуцца, каб ён быў  ва ўсёй вёсцы. З кагорты такіх  людзей Іван Люцыянавіч Кібіш з вёскі Мяргінцы. Ён  выкарыстоўвае бацькоўскую хату пад  дачу. Не толькі сваю ўласную сядзібу ўтрымлівае ў  ідэальным стане, але многае робіць і для самога населенага пункта. Дарэчы,  у мінулым годзе за такія адносіны ён быў  адзначаны  ўдзячнасцю Лідскага раённага Савета дэпутатаў. Не магу не згадаць пра Івана Феліксавіча Ганевіча. Ён доўгі час працаваў на пасадзе старшыні  сельскага Савета, і хаця зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, па-ранейшаму  ўносіць свой уклад у вырашэнне пытанняў розных напрамкаў: ад добраўпарадкавання да касцельнай дзейнасці. Сёлета Іван Феліксавіч быў абраны старшынёй савета ветэранаў Дварышчанскага сельсавета. У планах  ветэранскай арганізацыі – разам з сельскім Саветам, мясцовымі жыхарамі прыняць актыўны ўдзел у суботніку па навядзенні  парадку ў паркавай зоне аграгарадка Дворышча. 

Актыўнымі памочнікамі сельвыканкама ў вырашэнні разнастайных праблем і просьбаў грамадзян з’яўляюцца нашы дэпутаты і старасты. Яны аказваюць дапамогу ў правядзенні грамадскіх мерапрыемстваў, свят. у іх на кантролі стаяць пытанні спраўнасці вулічнага асвятлення,  закупкі малака, работа магазінаў, аўтамагазінаў, інфармаванне жыхароў аб правядзенні прывівак дамашнім жывёлам, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. 

Напрыклад, Галіна Валянцінаўна Бічэль, стараста  вёскі Крыніцы. Гэта вельмі актыўны і нераўнадушны да таго, што адбываецца наўкола, чалавек. Разам з мужам Уладзімірам Антонавічам (дарэчы, ён з’яўляецца дэпутатам Дварышчанскага сельскага Савета) яны вырашаюць пытанні на карысць роднай вёскі і сельсавета ў цэлым. Добрыя словы за грамадскую работу хачу выказаць і ў адрас Алы Казіміраўны Ткачук, якая з’яўляецца старастай аграгарадка Гуды. Ды і іншым памочнікам мясцовай улады вялікі дзякуй.

Асобна хачу сказаць пра мясцовых фермераў. У навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў і ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці сельсавета нам аказваюць падтрымку Вадзім Віктаравіч Кудла,  Валянцін Эдвардавіч Капачэль, Іван Віктаравіч Дулько. Заўсёды  гатовы падсабіць  Іван Іванавіч Грыгель.


– А наколькі цеснае ўзаемадзеянне Дварышчанскага сельвыканкама  з установамі і арганізацыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета?

– Безумоўна, мы цесна супрацоўнічаем з РСУП “саўгас “Лідскі”.

Добрая сувязь у нас са школамі, Гудскай базавай і Дварышчанскай сярэдняй. Дарэчы, дырэктар Дварышчанскай школы Святлана Уладзіміраўна Апанас – член   сельскага выканаўчага камітэта, а значыць,  тым больш  у курсе ўсіх яго спраў. Школы замацаваны за помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы разам з педагагічным калектывам падтрымліваюць у парадку захаванні.  Ёсць на тэрыторыі грамадскія месцы, якія патрабуюць догляду, і тут таксама школьнікі ўносяць свой пасільны ўклад.  Штогод наша моладзь актыўна працуе на пасадцы лесу. 

Вучні школ з’яўляюцца абавязковымі ўдзельнікамі  мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі сельсавета з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці і іншых значных дат. Нашы дэпутаты, а таксама мясцовыя жыхары, якія ў свой час унеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і населеных пунктаў, у ліку тых гасцей, якія наведваюць навучальныя ўстановы ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”.

Не сыходзіць з поля нашага зроку дзейнасць мясцовых ФАПаў. Іх на тэрыторыі сельсавета чатыры: Гудскі, Дварышчанскі, Колышкаўскі, Крыніцкі. З іх загадчыкамі мы працуем у цеснай супольнасці пры правядзенні прафілактычнай работы сярод насельніцтва, прыняцці мер па забеспячэнню бяспечнага пражывання грамадзян.

Безумоўна, не ў баку мы і ад работы  іншых устаноў, якія аказваюць паслугі нашым грамадзянам: гандлёвыя, паштовай сувязі, культурна-забаўляльныя і іншыя. Трэба сказаць, што арганізаваны яны на належным узроўні. Напрыклад, гандлёвае абслугоўванне на тэрыторыі сельсавета забяспечваюць тры магазіны Лідскага філіяла Гродзенскага спажыўтаварыства, у Гудах працуе прыватная гандлёвая кропка. Жыхароў 21 населенага пункта, у адпаведнасці з узгодненым графікам, абслугоўвае аўталаўка, адзін раз на тыдзень прыязджае аўталаўка Лідскага хлебазавода са свежым хлебам і рознай неабходнай вяскоўцам дробяззю. Асартымент тавара ўсюды шырокі, нараканняў няма.


– Хачу сказаць, што кожны раз, прыязджаючы як журналіст у населеныя пункты сельсавета, станаўлюся сведкай змяненняў, якія паступова адбываюцца тут на карысць людзей. Напрыклад, калі наведвала вёску Пашунцы, даведалася, што там ідзе абнаўленне вулічнай электрасеткі.

– А зараз завершана ўсталяванне святлодыёдных модуляў ужо ва ўсіх вёсках. Таксама радуе, што на справе пачаў ажыццяўляцца працэс збору смецця ў індывідуальныя кантэйнеры.  У студзені гэтага года Лідскае ГУП ЖКГ забяспечыла імі жыхароў аграгарадка Дворышча. Такая дзейнасць працягваецца і ў іншых населеных пунктах сельсавета. Лідскай ЦРБ  выкананы вялікі аб’ём работы па рэканструкцыі ФАПаў. Прыведзены ў належны стан Колышкаўскі ФАП, які абслугоўвае жыхароў вёскі Малэйкаўшчына. Адбылося значнае абнаўленне ФАПа ў Крыніцах, выкананы  работы і ў будынку медыцынскай установы ў Дворышчы. Наведвае  нашы аддаленыя вёскі і перасоўны ФАП Лідскай ЦРБ. Для людзей гэта вялікая зручнасць. З наступленнем спрыяльнага надвор’я Лідскае ГУП ЖКГ вядзе рамонт даху шматпавярховак, якія знаходзяцца на яго абслугоўванні. Сёлета  ДРБУ-157  вырашыць пытанне абсталявання асфальтабетоннага пакрыцця замест пясчана-гравійнага на дарозе Эйтуны – Мігуны ад вёскі Мігуны да аўтадарогі Р89. Яно даўно стаяла  востра.

У нашых планах паўдзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіць Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў депутатаў (такі добры вопыт на Лідчыне ёсць у Бярозаўцы). Мяркуем, што нашым аб’ектам для добраўпарадкавання стане парк на ўездзе ў Дворышча.

Зрушылася з месца вырашэнне пытання аднаўлення вежы, якая размешчана ў гэтым парку. РСУП “саўгас “Лідскі” пачаў рыхтаваць  дакументы, каб была магчымасць выкарыстання яе ў гаспадарчай дзейнасці. Магчыма, вежа стане яшчэ адным турыстычным аб’ектам Дворышча, дзякуючы якому наведвальнікі будуць пазнаваць гісторыю нашай мясцовасці. Як вы ведаеце, у аграгарадку арганізавана дзейнасць туркомплекса “Вольны мельнік”.

У цэнтры Дворышча жыхары аграгарадка і яго госці звяртаюць увагу на абноўлены   помнік загінуўшым землякам-воінам  у гады  Вялікай Айчыннай вайны і савецкім актывістам.  Летась, у рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню і навядзенні парадку на зямлі, на ім устаноўлена пліта з пералікам прозвішчаў. Вялікую дапамогу  ва ўвекавечванні герояў аказаў жыхар аграгарадка Дворышча Віктар Іванавіч Кудла, які займаецца краязнаўчай дзейнасцю. 

Нямала наведвальнікаў і ў аддзяленні коннага спорту ДЮСШ-2. Дарэчы, добрая навіна. Лідскім райвыканкамам прынята рашэнне аб перадачы на баланс ДЮСШ збудаванняў канюшняў з наступным правядзеннем там рамонтных работ.

– Руслан Уладзіміравіч, недарэмна кажуць, што той, хто не стаіць на месцы, рухаецца наперад. Якія напрамкі работы вызначылі на бліжэйшы час?

– Планаў і задач заўсёды цэлы стос. Гэта правядзенне работы з пустуючымі дамамі, актыўнае інфармаванне насельніцтва аб правільным зборы бытавых адходаў і прадухіленні засмечвання лясных масіваў, а таксама патрабаванне падтрымліваць парадак на прысядзібных участках і на могілках, працяг работы па задавальненню патрэб і запытаў старых і адзінокіх грамадзян і іншае. Важна, што ў вырашэнні ўсіх пытанняў мясцовая ўлада можа разлічваць на разуменне і дапамогу як раённага кіраўніцтва, арганізацый, так і ўсіх нашых актыўных жыхароў.

– Дзякую за гутарку.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться