Як мяне аблічылі і не папрасілі прабачэння ў адной з гандлёвых кропак горада
Апошнім часам сярод лідчан нярэдка можна пачуць развагі аб сферы гандлю (асабліва пасля прыходу на нашы пляцоўкі прадстаўнікоў буйных гандлёвых сетак). Маўляў, і захапілі ўсё, і малыя магазіны “задушылі”... Так, супер- і гіпермаркеты растуць на нашых вуліцах як грыбы. З аднаго боку, для пакупніка гэта добра, канкурэнцыя. Усюды багаты асартымент, усюды – акцыі. З другога боку, ёсць яшчэ і чалавечы фактар – працуюць ў супермаркетах звычайныя людзі, простыя прадаўцы. Між іншым, калі ўзяць пад увагу менавіта гэты фактар, а дакладней – культуру абслугоўвання, то становіцца відавочна яшчэ адно кола канкурэнцыі і зразумела, чаму аб’екты гандлю ціснуць адзін аднаго на гарадскіх вуліцах.
...Усё адбывалася не ў нейкім там маленечкім магазіне, а ў адным з супермаркетаў з вядомай гандлёвай сеткі, у цэнтры нашага горада, куды культура абслугоўвання, мабыць, яшчэ не дайшла. Пятніца... Як і ўсе, я спяшалася з работы дамоў. Напярэдадні выхадных дзён, перад паездкай на дачу, трэба было зайсці ў магазін і закупіцца прадуктамі. Ды яшчэ і ўкласціся ў час, бо грамадскі транспарт, якім карыстаюся (маршрутка), адыходзіць строга па раскладзе. Хуценька рухаючыся па магазіне і не прыдзіраючыся, як звычайна, да цэнаў, узяла тое, што мне патрабавалася, і пайшла да касы. 240 тысяч, якія падбіла ў агульную суму прадавец, рэзанулі: здаецца, нічога асаблівага не купіла – і на табе, 240... Супакоіла сябе: усё ж дорага. Узяла чэк, але перад тым як адысці, праляцела па ім позіркам, адразу адгадаўшы прычыну свайго здзіўлення: прадавец памылкова «выбіла» мне два мясныя рулеты замест узятага мною аднаго рулета і адной каўбасы. Розніца – больш за 30 тысяч. Тут жа я звярнулася да прадаўшчыцы і паказала на яе памылку.
Фактычна гэта быў аблік, падман. Але я не спрачалася (ну, усякае бывае), спакойна сама сабе падумала: няхай вернуць грошы – і да пабачэння. Але спакой хутка ўлятучыўся. Прадавец, зірнуўшы ў чэк, кінула: “Чакайце” – і працягнула абслугоўваць пакупнікоў, якіх сабралася ў гэты час багата. Глянуўшы на гадзіннік і ўбачыўшы, што да адпраўлення маёй маршруткі засталося пяць хвілін, зноў звярнулася да прадаўца: “Прабачце, але я вельмі спяшаюся. Вярніце мне грошы”. З раздражненнем тая адарвалася і пайшла да другой касы, там штось сказала сваёй калезе і вярнулася на сваё месца, кінуўшы мне: “Чакайце старэйшага касіра”. Старэйшы касір з’явілася не адразу і чамусьці не пайшла да нас, а накіравалася да вольнай касы, дзе ўзялася адпускаць чаргу пакупнікоў. Унутры мяне нешта як быццам адарвалася: спазнюся, з поўным пакетам прыйдзецца яшчэ паўтары гадзіны “гуляць” каля прыпынку да наступнай маршруткі. Ды – за што? За мае ж грошы і за памылку прадаўшчыцы?! Зноў звярнулася да яе, а яна – зноў з раздражненнем: “Я не вінаватая, што старэйшы касір не ідзе. Чакайце”, – і працягвала разлічваць людзей. Тады не вытрымала я: “Яшчэ раз кажу: я спяшаюся... Вы напартачылі – чаму мне трэба чакаць? І колькі?” Я пайшла да старэйшага касіра сама. Растлумачыла ёй, як усё было. Першае, што ад яе пачула: “Ідзіце да адміністратара”. Вось як!.. Ува мне пачынала закіпаць абурэнне: няўжо так цяжка проста вярнуць чалавеку грошы, якія ў яго несправядліва забралі?.. Я ўжо была гатовая адмовіцца ад тых 30 тысяч і бегчы да прыпынку, калі старэйшы касір усё-такі падышла да нашай касы. На маніторы касы яна адмяніла пакупку і вярнула мне грошы. Зразумела, на прабачэнне ў гэтым магазіне я не разлічвала.
Нават калі эмоцыі ўлягліся, мая пазіцыя адносна здарэння засталася тая ж. Напэўна, так меркаваў бы і кожны, бо, бываючы ў розных магазінах, можна рабіць вывады. Асабіста я ў гэты магазін заходжу цяпер рэдка і пакупкі раблю без энтузіязму. А як жа інакш: падманулі, аблічылі ды яшчэ і нагрубілі! Было б больш часу, сапраўды ўнесла б запіс у кнігу заўваг і прапаноў. Няхай камусьці было б ад гэтага непрыемна. Але хтосьці зрабіў бы вывады. Прычым хацелася б, каб не толькі прадаўцы, але і гаспадары магазінаў. Ім варта задумацца хаця б аб навучанні прадаўцоў. Не толькі навуцы лічыць грошы (гэта за іх тэхніка зробіць), але і культуры абслугоўвання.