Лёс Міністра асветы БССР быў пераплецены і з Лідчынай

22 Сентября 2025 459

Пачынаючы з 1968 года Міхаіл  Гаўрылавіч Мінкевіч на працягу 16 гадоў з’яўляўся Міністрам асветы БССР. У музеі сярэдняй школы №1 г. Ліды захоўваецца сабраны матэрыял пра гэтага выдатнага беларускага дзеяча, змагара, які ўнёс свой уклад у аб'яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. Тут можна падрабязна азнаёміцца з яго біяграфіяй. Акрамя таго, у музеі маецца арыгінал  фотаздымка, датаванага 1934 годам, кніга «На шляху да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі», якая была выдадзена ў 1976 годзе. На кнізе – запіс аб дараванні  стрыечнай сястры Міхаіла Мінкевіча, Надзеі Аляксейчык, якая ў свой час працавала настаўніцай пачатковых класаў Вялічкаўскай васьмігадовай школы нашага раёна. 

Чаму асобе Міхаіла Мінкевіча надаецца вялікае значэнне ў нашым раёне? Што звязвае яго з Лідчынай? Сёння мы раскажам пра гэта, абапіраючыся на інфармацыю, якую прадаставілі нашаму выданню члены клуба «Краяведы» СШ №1 на чале з настаўніцай гісторыі Наталіяй Ліханавай.

Нават у зняволенні спяваў гімн маладых камунараў

Нарадзіўся Міхаіл Мінкевіч у 1919 годзе ў вёсцы Гулічы Слуцкага павета Мінскай губерніі (цяпер Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). Выхоўваўся ў простай  сялянскай сям'і, аднак з маленства меў імкненне да ведаў.  Хлопец закончыў Гуліцкую пачатковую школу і паступіў у Клецкую беларускую гімназію. Тут  ён далучыўся да грамадскай дзейнасці: стаў піянерам-падпольшчыкам, паколькі ў гэты час  землі ўваходзілі ў склад Польшчы. Разам з сябрамі Міхаіл распаўсюджваў лістоўкі, у дні рэвалюцыйных свят вывешваў чырвоныя сцягі. За гэтую падпольную дзейнасць у 1930 годзе ён быў выключаны з гімназіі.


Вучобу Міхаіл Мінкевіч прадоўжыў у Віленскай беларускай гімназіі. У 1934 годзе, будучы гімназістам шостага класа, хлопец браў удзел у стварэнні ячэйкі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі у  роднай вёсцы Гулічы. 

Потым была вучоба ў Гродзенскай польскай гімназіі, затым – на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта. І ўвесь гэты перыяд Міхаіл Мінкевіч вёў актыўную рэвалюцыйную дзейнасць. У лютым 1938 года  ён быў арыштаваны і прыгавораны да трох гадоў турэмнага зняволення. У чаканні прысуду Міхаіл  не маркоціўся і ў камеры спяваў песню «Гімн маладых камунараў». 

Праз  год Мінкевіч разам з іншымі таварышамі па падполлі  быў пераведзены ў Гродзенскую турму. Там ён апынуўся ў адной турэмнай камеры з Валянцінам Таўлаем. Ваенна-палявы суд прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Прысуд не быў прыведзены ў выкананне, бо хутка пасля гэтага на тэрыторыю Заходняй Беларусі прыйшла Чырвоная армія. Пасля вызвалення з Гродзенскай турмы Міхаіл Мінкевіч вярнуўся ў родную вёску Гулічы.

Адразу ж на далучанай да БССР тэрыторыі мясцовыя актывісты з ліку членаў КПЗБ разгарнулі актыўную работу па фарміраванню мясцовых органаў улады па савецкаму прынцыпу. Міхаіл Мінкевіч не застаўся ўбаку. У пачатку 1940 года, калі было сфарміравана Ляхавіцкае часовае ўпраўленне, Міхаіл Гаўрылавіч працаваў інспектарам аддзела адукацыі, а потым загадчыкам Ляхавіцкага валаснога аддзела народнай адукацыі. У гэтым жа годзе Міхаіл Мінкевіч паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут на гістарычны факультэт. 

Вясною 1941 года Міхаіл Мінкевіч быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён у якасці механіка-вадзіцеля танка Т-34 удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Паўночна-Заходнім фронце. Двойчы быў паранены, гарэў у танку. 

Пасляваеннае жыццё Міхаіла Мінкевіча было таксама звязана з асветай. І ўсюды, дзе не працаваў, яго дзейнасць мела станоўчыя водгукі.  Так, напрыклад, у 50-х гадах Міхаіла Мінкевіча прызначылі дырэктарам Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Таксама ён выкладаў у школе гісторыю. Былы яго калега, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Міхаіл  Вайна, успамінаў: «У 1954 годзе да нас у школу прыехалі пісьменнікі: Янка Брыль, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін. Яны сустракаліся з вучнямі, чыталі ім свае творы. Развітваючыся, высока ацанілі нашу школу і працу дырэктара».


З пачатку 1958 года Міхаіл Мінкевіч быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай адукацыі Навагрудскага раёна. Пазней пераведзены ў г. п. Свіслач, дзе займаў пасаду старшыні Свіслацкага райвыканкама, а затым – пост першага сакратара Свіслацкага райкама КПБ. 

Уклад у развіццё Лідскага раёна

У  1962 годзе Міхаіл Мінкевіч  пераехаў у горад Ліду ў сувязі з яго прызначэннем на пасаду сакратара партыйнага камітэта Лідскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Праз тры гады рашэннем Гродзенскага абласнога камітэта КПБ Міхаіл Гаўрылавіч быў зацверджаны першым сакратаром Лідскага райкама КПБ. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1968 года.

І ў тым, што за гэты час Лідчына ў сваім развіцці дасягнула значных поспехаў, немалая заслуга Міхаіла Мінкевіча. Аб гэтым сведчаць захаваныя матэрыялы. У сельскай гаспадарцы павялічылася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур і вытворчасць прадуктаў жывёлагадоўлі, значна ўзраслі  валавыя зборы ільну, бульбы, цукровых буракоў. Значныя дасягненні ў вытворчай дзейнасці меліся на той час у такіх калектыўных і сумесных гаспадарках, як "Малое Мажэйкава" (пераможцы ў сацыялістычным спаборніцтве па вытворчасці малака, мяса), імя Мічурына, "Тарнова", "Запаветы Ільіча". Выканалі  даведзеную праграму  шклозавод "Нёман", торфапрадпрыемства "40 гадоў БССР", мінойтаўскае аддзяленне "Сельгастэхнікі" і іншыя.

Міхаіл Мінкевіч  шмат увагі надаваў не толькі эканамічнаму развіццю, але і культурна-бытавому будаўніцтву. У Лідскім раёне актыўна ўзводзіліся бальніцы,  ФАПы, клубы, магазіны, сталовыя, лазні, жыллё. Адкрываліся новыя школы і дзіцячыя садкі. Міхаіл Гаўрылавіч умела кантраляваў і накіроўваў работу органаў адукацыі. Ён дапамагаў школам ва ўкамплектаванні тэхнічным абсталяваннем, сачыў за напаўняльнасцю школьных бібліятэк вучэбнай, навуковай і мастацкай літаратурай.

У сваіх успамінах Валянцін Фёдаравіч Кашпар, загадчык Лідскага раённага аддзела адукацыі з 1965 па 1976 гады, былы дырэктар СШ №6 г. Ліды, адзначаў: «Па ініцыятыве Міхаіла Гаўрылавіча калгасы і саўгасы аказалі сур'ёзную бязвыплатную матэрыяльную дапамогу школам у будаўніцтве і абсталяванні стадыёнаў, спартыўных пляцовак, стралковых ціраў, школьных сталовых і інтэрнатаў пры школах для навучэнцаў, якія жывуць далёка. За паспяховае развіццё матэрыяльнай базы Лідскі раён сістэматычна займаў прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы».

Падчас працы на Лідчыне Міхаіл Мінкевіч з’яўляўся членам Гродзенскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі.  Жыхары нашага раёна выбіралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 7-га склікання.

Праца ў Міністэрстве 

У жніўні 1968 года Міхаіл Мінкевіч  быў прызначаны Міністрам асветы БССР. Яго гады працы на пасадзе міністра супалі з перыядам бурнага развіцця народнай адукацыі. Міхаіла Гаўрылавіча ўключылі ў склад групы Міністэрства асветы СССР для распрацоўкі прапаноў па рэфармаванні сярэдняй адукацыі моладзі. У БССР ажыццяўляўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі пад  непасрэдным кіраўніцтвам Міхаіла Мінкевіча. На падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй перайшлі прафтэхвучылішчы рэспублікі.

Вялікая ўвага ў БССР надавалася будаўніцтву школ. За дзявятую пяцігодку (а гэта 1971-1975 гады) у рэспубліцы было пабудавана школ на 300 тысяч месцаў. Дарэчы, у Лідзе і раёне ў той час з'явіліся СШ №№4, 7, 8, 12, 14, Мінойтаўская сярэдняя школа.


Нельга не сказаць і пра тое, што асаблівую ўвагу Міхаіл Гаўрылавіч надзяляў падрыхтоўцы педагагічных кадраў, павышэнню іх кваліфікацыі, умацаванню вучэбна-матэрыяльнай базы агульнаадукацыйных і спецыяльных школ, дашкольных устаноў, інстытутаў удасканалення педагагічных работнікаў. У 70-я гады былі адкрыты Мінскі інстытут культуры, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Магілёўскі тэхналагічны інстытут.

За свае баявыя і працоўныя заслугі Міхаіл Мінкевіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, чатырма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Таксама яму было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

Кажуць, што гісторыю краіны, рэгіёнаў, асобных населеных пунктаў пішуць людзі. Тыя  старонкі, якія ўпісаў сваёй дзейнасцю Міхаіл Мінкевіч, асабліва значныя і важкія. Іх цэняць жыхары Беларусі і, у прыватнасці, мы, лідчане.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться