Алея напамінае аб былым Заполлі, а малітоўнік - аб дзедзе Юзэфе (фота)

20 Мая 2015 2233

Сустрэчы з цікавымі людзьмі, з якімі пасля заводзіш гутаркі аб мінулым, пераходзяць парой у сяброўскія адносіны. Тым больш калі суразмоўцы з’яўляюцца землякамі, суседзямі з бліжэйшай вёскі, якія, слова за слова, раскрываюць гістарычны шлях родных мясцін. Праз пэўны час міжволі цікавішся, як жывуць гэтыя суразмоўцы, што іх турбуе на гэты раз, што змянілася ў іхнім жыцці за апошнія гады.

Пра жыхарку з хутара вёскі Янцавічы Дзітвянскага сельсавета Бернарду Іосіфаўну Лукуць “Лідская газета” расказвала ў снежні 2005 года (матэрыял “Да ўсяго і тэлефон падасць ім голас”). У той раз аўтар матэрыяла Крысціна Майская пісала пра гэтую жанчыну і яе мужа Баляслава Станіслававіча як пра юбіляраў, якія адзначалі залатое вяселле – 50 год сумеснага жыцця.

Час унёс свае карэктывы. Бернарда Іосіфаўна ўжо тры гады жыве без мужа, але не пакідаюць яе ў адзіноце дзеці Марыя, Хрысціна і Аня, а таксама 9 унукаў і столькі ж праўнукаў.

І на гэты раз жанчына гасцінна запрасіла мяне да сябе ў хату і шчыра дабавіла:

– “Лідскую газету” я выпісваю даўно і як сямейную рэліквію захоўваю той нумар газеты, дзе змешчана публікацыя пра мяне і майго мужа. Ужо больш як дзевяць гадоў з тых пор прайшло, а ўспаміны аб залатым вяселлі засталіся дзякуючы газеце…

Першую споведзь трымала ў Слабадскім касцёле

Нарадзілася Бернарда Лукуць у 1929 годзе ў вёсцы Хрулі, што знаходзяцца зусім побач з Заполлем, як кажуць, рукой падаць. Бацька, Іосіф Казіміравіч, быў кавалём, а маці, Вера Іосіфаўна, хатняй гаспадыняй. У сям’і гадаваліся тры браты і яна, Бернарда. 

spov

У час першай споведзі (1937-1938 гг.): крайняя злева – Бернарда Лукуць, сярод слабадскіх ксяндзоў Вінцэнта Лабана і Люцыяна Мрачкоўскага, якія пазней былі жорстка пакараны немцамі.

– А дзе адукацыю атрымалі? – спытаў я.

– У Хрулях, – адказвае жанчына. – У гэтай вёсцы калісьці была польскамоўная пачатковая школа, у якой я скончыла тры класы. Добра памятаю сваю настаўніцу па прозвішчы Аляхновіч. На тры класы, ды і на ўсю школу яна спраўлялася адна. Была і ў суседнім Заполлі школа. У яе сценах выкладанне вялося на беларускай мове. Там я скончыла чацвёрты клас. Нягледзячы на цяжкія ўмовы пражывання, мы, дзеці, знаходзілі час як на вучобу, так і на малітвы. Дзесьці ў 1937-1938 гадах, калі мне было дзевяць год, адбылася мая першая споведзь у Слабадскім касцёле. Службу ў ім праводзілі ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі, якія ў час вайны былі расстраляны нямецкімі акупантамі.

IMGP8197Калі дрэвы былі вялікімі

У той час Заполлем кіравала пані Галена Шалевіч (Шалявіч), якую ў народзе называлі Шалевічыхай. Са слоў маёй суразмоўцы, гэтая пані любіла шпацыраваць па алеі, сярод ясеняў, клёнаў і дубоў. Ужо тады, як зазначае Бернарда Іосіфаўна, гэтыя дрэвы былі вялікімі. Пазней большасць з іх была спілавана мясцовымі жыхарамі. А цяпер ад тых прысадаў засталася невялікая купка гэтых нямых сведкаў гісторыі.

– Пані Галена вельмі любіла прыроду, бо, адпачываючы ў алеі, яна наталялася водарам кветак і зеляніны, – працягвае Бернарда Лукуць. – Любіла прагульвацца з маленькімі сабачкамі з цікавымі мянушкамі: Вілюсь і Бася. Паціху, абапіраючыся на кіёчак, худзенькая і сівенькая пані Шалевіч шпацыравала аж пад нашу хату, у Хрулі.

Дарэчы, у паноў была свая, шляхецкая, ганарлівасць: пры сустрэчы з простымі вяскоўцамі яна працягвала сваю руку для пацалунка. Хто адмаўляўся, у таго здзіўлена пыталася: “А скон ты?” Мела яна і свой сад з наліўнымі яблыкамі. Але перад Другой сусветнай вайной Шалевіч выехала ў Польшчу, захапіўшы з сабою торбачку з запольскай зямлёй. Даведка з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Ротмістр Антоній Квяткоўскі ў 1857 годзе купіў маёнтак Заполле, у якім у 1824-1831 гадах жыў у будучым знакаміты наш зямляк і вучоны з сусветным імем Ігнат Дамейка. 8 кастрычніка 1885 года ротмістр памёр і быў пахаваны на могілках у Рапейках, дзе па сённяшні дзень захавалася надмагільная пліта. У 1886 годзе маёнтак (50 дзесяцін, 39 жыхароў) перайшоў у спадчыну Квяткоўскай (па мужу Шалевіч) Галене. У пачатку 20 стагоддзя яна ўжо валодала і фальваркам Бароўка, і лясной вартоўняй Дамейкі. Як згадваюць жыхары, у Заполлі яна ўзвяла двухпавярховы дом, мела немалую бібліятэку, куды прыязджалі наведвальнікі нават здалёк. Сама пані па характару была добрай, дапамагала сялянам. А замуж выйшла за багатага памешчыка Казіміра Шалевіча, які хварэў, ратуючыся ад хваробы, ездзіў у Францыю, але і там не вылечыўся. Памёр ён 8 лістапада 1914 года, пахаваны на могілках у Рапейках. Аўдавелая пані засталася адна, маёнтак Заполле здала ў арэнду немцу Бэрхману. Мела яна таксама шасціпакаёвы дом у Заполлі, але адзін з пакояў перадала для навучання сялянскіх дзяцей. Вучыла іх яе гувернантка – немка. На Лідчыне Г. Шалевіч жыла да 1938 года. Памерла ў пажылым узросце (больш за 80 год).

Клікаў Бэрхман: «Пойдзем да мяне жонць»

– Калісьці тут жыў і пан Бэрхман, – дзеліцца далейшымі ўспамінамі Бернарда Іосіфаўна, – які таксама з’яўляўся кіраўніком Заполля. Ён падпарадкоўваўся пані Галене, якая давала яму пэўныя загады, а той іх выконваў. Звычайна ён аб’язджаў палеткі, аглядаў іх, сачыў за парадкам. Памятаю і яго фурмана, Лаўрэнція Каско (таксама пахаваны на мясцовых могілках. – Аўт.).

IMGP9170

Дом, у якім жылі кіраўнікі Заполля.

Пан Бэрхман быў немцам па нацыянальнасці, добрым і незласлівым. Росту ён быў невысокага, круглатвары, з кароткай сівой бародкай. Сяляне яму жалі жыта, але з той умовай, каб пасля на гэтае поле выгнаць кароў, бо пасвіць не было дзе. Але першапачаткова ён лічыў копы і толькі тады па іх колькасці назначаў дні для пашы. Бэрхман расплачваўся за работу збожжам і нават грашыма. Калі ён звяртаўся да кабет і пытаўся: “Хто пойдзе да мяне жонць?” (жаць. – Аўт.) – жанчыны прад’яўлялі свае ўмовы: патрабавалі большую плату за сваю нялёгкую працу. Бывала, што і па 2 злотыя плаціў. А вось мужчын наймаў на касьбу. У той час жыццё было нялёгкім, кожны імкнуўся зарабіць сабе на хлеб. А куды было наняцца на працу, як не да пана? Соль, газа, запалкі, цукар былі вельмі дарагія, не заўсёды выпадала магчымасць іх купіць.

Дзівам была тая «таксоўка»

Як далей згадала суразмоўца, ужо “за немцамі” кіраваў запалянскай ваколіцай новы гаспадар – пан Шаноўскі. Ён жыў у тым жа самым доме, дзе калісьці гаспадарылі пані Шалевіч і яе наступнік Бэрхман. Цікава, што з бацькамі Бернарды Іосіфаўны Лукуць ён быў у добрых зносінах, нават ёй, дзяўчыне-школьніцы, прапаноўваў працаваць гандляркай у магазіне. Казаў, што акажа дапамогу ў навучанні. Меў вялікі кавалак зямлі для агародніны, на якім таксама ўвіхаўся просты люд.

– Захавалася ў памяці, як на «таксоўках» везлі хаваць на рапейскія могілкі яго швагерку, – далей кажа Бернарда Лукуць. – І мы, дзеці, як убачылі гэтыя машыны, павыбягалі са школы, каб падзівіцца. Як памятаю, дзверы ад магільнага склепа, што ад дарогі, якая пралягае побач, замуроўваў Стась Бубен з Заполля. Тут знайшлі апошняе прыстанішча і выхадцы з родаў Квяткоўскіх, Шалевічаў, Гарбатоўскіх. А яшчэ стаялі калісьці тут і два чорныя мармуровыя польскія помнікі. Як ні прыкра, ужо ў наш час знаходзіліся ахвотнікі да лёгкай нажывы, якія раскопвалі магілы і шукалі золата ў трунах. Як памятаю, хавалі памерлых у жалезных трунах з жалезнымі вянкамі.

Непадалёку знаходзіліся Сукурчы і Баяршчына

З ўспамінаў кабеты мне стала вядома, што непадалёку ад Заполля размяшчаўся маёнтак Сукурчы, якім кіраваў пан Вітольд Пілецкі. Вышэй, на горцы, жыў яго парабак Дубжанскі, а яго жонка звалася Антося. У баку ад Сукурчаў жыла таксама пані, звалася Баярская. Яна кіравала фальваркам, які потым празвалі Баяршчынай. Цяпер прыкладна ў тым месцы, каля дарогі, размяшчаецца кудра.

– Гэтая невялікая ростам пані трымала пчол, – далей згадвае жанчына. – За кавальскую работу, якую для яе выконваў мой дзед у кузні, аддзячвала мёдам. Добра запомнілася, як яна часта прамаўляла словы: “Маш, маш” (па-нашаму “вазьмі”. – Аўт.).

Ручная работа – не толькі сродак ад самоты

– Цяпер людзі жывуць у раскошы, бо ўсяго хапае, – працягвае гутарку кабета, – толькі гультаю цяжка пастаянна, бо працаваць не хоча. Калісьці спецыяльна пашпартоў не выдавалі, каб вяскоўцы не выязджалі ў горад на работу. У вёсцы жыў чалавек па прозвішчы Кравель, які працаваў у горадзе на чыгунцы, але, каб звольніцца адтуль і займацца гаспадаркай на сваёй зямлі, яму прыйшлося туды завезці авечку. Тое, што рабілі сваімі рукамі, надоўга захоўвалася, як, напрыклад, вырабы з тканіны: ніжняя і верхняя бялізна, ручнікі і посцілкі, а таксама бурносы з сукна на зімовы час для паездкі на возе.

IMGP9146Быццам бы аб учарашнім дні, у памяці Бернарды Іосіфаўны застаўся працэс апрацоўкі лёну. Спачатку яго ўручную сеялі, палолі, як паспяваў, затым рвалі, малацілі, укладвалі, каб адляжаўся, выціралі, атрэпвалі, на дзве шчоткі ачэсвалі (адна – жалезная, цвікамі нагнаная, другая – круглая, у выглядзе трубкі са свіной шэрсці). Пралі, ткалі, набела выбельвалі, каб кашулю пашыць. А пасцель была такая: на ложак, які высцілаўся дошкамі, клалі кулі саломы, якую засцілалі дзяружкай. Між іншым, з такой самай дзяружкі шылі сяднік, начынка якога была такой: верх і ніз з саломы, а пасярэдзіне адходы лёну – цвёрдая кастрыца. Ложкі былі драўляныя, у іх заводзіліся клапы, якія жылі і ў сценах хаты. Падлога была з току (са збітай гліны), бо толькі багаты чалавек мог мець яе з дошак.

– А якія былі танцы ў Хрулях! – узнёсла прамаўляе жанчына. – Збіралася ў вёсцы моладзь, музыкі былі свае, мясцовыя, напрыклад, мой старэйшы брат іграў на дудцы. Весяліліся ад душы, нягледзячы на тое што заўтра чакае нялёгкая праца ў полі. Першую зарплату, як помню, падліковец прынёс у Хрулі, дык гэта былі першыя капейкі. Уся вёска адзначала гэты дзень, спявалі, радаваліся.

– Дзед Юзэф, па лініі маці, акрамя таго што быў кавалём, часаў воўну (для гэтага меў шаткі), – напрыканцы падзялілася са мною жанчына. – Ён і алей ціснуў (меў спецыяльнае прыстасаванне), а таксама рамантаваў гадзіннікі, пераплятаў кніжкі. Да гэтага часу ў памяць аб ім засталіся невялікая “ксёнжка” – малітоўнік са скураной вокладкай (“10 grudnia (снежня) 1930” – пазначана на ёй. – Аўт.), – а таксама мікалаеўскі самавар. Малітоўнікам, якому амаль столькі ж год, колькі і мне, я да гэтых пор карыстаюся, праз малітвы прашу ў Бога здароўя маім дзецям і ўнукам, як вучылі мяне бацькі…

***

…Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, Бернарда Іосіфаўна дагледжана, бо не забываюць яе дзеці, унукі і праўнукі, а яшчэ тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Ды і сама, як кажа, мае рукі: трымае невялікую жыўнасць на падворку – курэй, сабаку, ката, – а як толькі сыходзіць зіма, выходзіць у агарод. Бо разумеее, што без зямлі цяжка: яна спакон веку з’яўляецца карміцелькай – асновай усіх асноў.

P. S. Калі ў вас ёсць цікавая гісторыя з мінулага нашага прынёманскага краю, калі ласка, падзяліцеся, напішыце. Давайце разам збіраць і занатоўваць гісторыю роднай зямлі!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться