Фестываль кнігі і прэсы ў святочнай Лідзе
На вуліцы Мітрапаліта Філарэта разгарнуўся Фестываль кнігі і прэсы, які традыцыйна арганізуе Міністэрства інфармацыі. Сёлета асаблівая ўвага была прыцягнута да рэгіёнаў. Упершыню іх пляцоўкі выдзелены вялікімі павільёнамі. І гэта справядліва, бо кожная з абласцей мае свой унікальны літаратурны патэнцыял.
У горад завіталі дэлегацыі рэгіянальных саюзаў пісьменнікаў – усяго больш за 100 чалавек. Да іх далучыліся і нашы землякі. Так, сваю творчасць прэзентавалі лідчане Ірына Маркевіч, Алена Несцерава, Таццяна Сямёнава, Тэрэза Смольская, Руслан Півавараў.
Выклікала цікавасць у наведвальнікаў свята і выстава “СМІ Гродзеншчыны”, на якой былі прадстаўлены ўсе выданні Прынёманскага краю. Свае лепшыя праекты прэзентавала і “Лідская газета”.
Гэта пляцоўка прыцягвала ўвагу тых, хто цікавіцца беларускай кнігай. Лепшыя выданні, пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, цікавыя па зместу і бездакорныя з пункту гледжання дызайну і паліграфіі – менавіта такія кнігі тут былі ў вялікай колькасці. Гледзячы на шырокі асартымент кніжнай прадукцыі, зразумела: папулярнасць папяровай версіі нікуды не знікла. Аб гэтым сведчыць і статыстыка. Толькі за першае паўгоддзе 2025 года беларуская кніжная паліца стала цяжэйшай на 3701 кнігу і брашуру. З іх на беларускай мове надрукавана 516 выданняў.
Па душы свята і мясцовым жыхарам. Лідчанін Ігар Канькоў у ліку першых завітаў на Фестываль кнігі і прэсы, каб пазнаёміцца з навінкамі, а калі пашанцуе, то і сустрэць знакамітых літаратараў.
– Чытаць люблю з дзяцінства, асабліва сваіх землякоў: Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Знаёмства з імі падштурхнула да вывучэння гісторыі роднага краю, да новых адкрыццяў у літаратуры. Радуе, што сёлета свята беларускага пісьменства праходзіць у нашым горадзе, – зазначыў лідчанін.
Акрамя сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі новых выданняў і аўтограф-сесій, на фестывалі можна было пазнаёміцца з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі асобных рэгіёнаў. Тут былі і сапоцкінскія пісанкі, і іўеўскія мугіры, і астравецкія выцінанкі. Майстры з Мастоў прэзентавалі свае вырабы з саломы, а гаспадыні з аграгарадка Адэль – свае знакамітыя прысмакі.





