Зноў у першы клас

08 Сентября 2025 680
Першакласнікі 1984 года вырашылі паўтарыць сваё фота саракагадовай даўнасці ў газеце “Уперад”

1 верасня 1984 года на ўрачыстай лінейцы ў СШ №3 (зараз – ліцэй №1) сярод дзясяткаў першакласнікаў карэспандэнт газеты “Уперад” (зараз – “Лідская газета”) Генадзь Гайдураў выбраў менавіта іх – Таню Белавокую і Руслана Валяка – у іх былі самыя прыгожыя і вялікія букеты. Кадр атрымаўся сапраўды лепшы: на тварах дзяцей – шчаслівыя ўсмешкі, у вачах – іскрынкі радасці. Вось як напісаў пра першакласнікаў карэспандэнт: “Для Тані і Руслана адсюль пачынаецца шырокі шлях у Краіну ведаў, а затым і ў вялікае жыццё. На пачатку дарогі яны ўзялі з сабой самае неабходнае – кветкі і буквар, як сімвал шчасця і пазнання. Іх прынялі ў вялікую дружную школьную сям’ю – залічылі ў 1 “А” клас сярэдняй школы №3, багатай сваімі традыцыямі”. 

З таго часу праляцеў сорак адзін год. І вось на пачатку верасня 2025 года яны, Таццяна Белавокая і Руслан Валяк, зноў прыйшлі да сваёй школы, каб вярнуцца ў той незабыўны дзень.

– Цэнтральны ўваход у школу тады быў з левага боку сучаснага будынка, – успамінаюць аднакласнікі. – У клас нас прывяла першая настаўніца Ганна Іванаўна Гетка. Дарэчы, у 1 “А” было больш за сорак вучняў! Гэта ўжо потым, калі пабудавалі школу №15, частка вучняў перайшла туды, і нас стала штосьці каля дваццаці.

– Памятаю, якім вялікім здавалася ўсё ў школе!.. Нават букет кветак, якія я трымала, – гаворыць Таццяна. 

– А ў мяне быў прыгожы букет з гладыёлусаў, – успамінае Руслан. – І сёння мне ўсё ж такі ўдалося знайсці гладыёлусы. Праўда, не такія прыгожыя, як раней, і без абгорткі. Успамінаю, як у пачатковых класах нас прымалі ў акцябраты. Я навучыўся іграць на барабане і да гэтай пары іграю. У нас было шмат карысных спраў. Напрыклад, мы з Таняй хадзілі ў дзіцячы сад да падшэфных і чыталі ім кніжкі. 

Пасля заканчэння школы шляхі аднакласнікаў разышліся.  Але непарыўныя, нябачныя ніці яднаюць іх праз усё жыццё. Напрыклад, абодва, і Руслан, і Таццяна, працуюць у сферы энергетыкі. 

– Я скончыў тэхнікум, затым – Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (зараз БНТУ), інжынер-электрык, затым – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, узначальваў ААТ «ГроднаМантажАўтаматыка», зараз кірую кампаніяй “Еўраток”. Жыву ў г. Гродна. Лічу сябе патрыётам сваёй краіны, займаю актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яўляюся членам Камуністычнай партыі Беларусі, – расказвае Руслан Валяк.

– Я працую ў Лідскім энергазбыце. Скончыла спачатку Лідскі тэхнікум, потым – Баранавіцкі дзяржуніверсітэт, інжынер-эканаміст, – кажа Таццяна. – Дарэчы, з’яўляюся ўдзельніцай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца «Талака» Лідскіх электрычных сетак. 

“Стараемся не губляць сувязі, – кажуць аднакласнікі. – У нашага класа ёсць чат у Вайберы, сочым за лёсамі і па магчымасці стараемся сустракацца. Пакуль памятаем, застаёмся ў душы дзецьмі, перажываем хвіліны шчасця”.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться