У Лідзе злодзеі квапяцца на дэкаратыўныя кустарнікі, пасаджаныя на могілках

08 Мая 2015 2979

Велікодныя святы для мяне былі азмрочаны непрыемнай падзеяй: на магілах бацькоў мужа хтосьці выкапаў чатыры шарападобныя туі, якія мы пасадзілі два гады назад. Кусты перазімавалі дзве зімы і не здаліся халадам. У сакавіку, наведаўшы магілкі, каб навесці парадак, адзначылі: туйкі зелянеюць і цягнуцца насустрач веснавым промням сонца. А ў пачатку красавіка, калі зноў прыехалі правесці ўборку, на месцы насаджэнняў холадам павеяла ад пакінутых у зямлі ям – і камяк слёз падступіў да горла. Не, не ад таго, што, калі былі ў Мінску, спецыяльна заязджалі ў гадавальнік, каб набыць дрэўцы, і аддалі за іх даволі значную суму грошай, а ад крыўды.

Мая свякроў была добрым, разважлівым і разумным чалавекам. Яна змагла аб’яднаць у адну па-сапраўднаму дружную сям’ю сваіх дзяцей, зяцёў, мяне – нявестку – і нашых дзяцей. Акрамя гэтага менавіта яна навучыла нас берагчы памяць аб родных. Мы нярэдка ўсе разам ездзілі ці  хадзілі на старыя слабадскія могілкі, дзе спачываюць бацька майго мужа, дзед і бабуля.

Калі маці раптам не стала, не толькі яе дзеці, але і  мы, члены іх сем’яў, балюча перажывалі яе адыход.  Многія зразумеюць, якое  пачуцце нас агарнула. Таму вельмі захацелася аддаць і пасля смерці даніну любові і павагі блізкаму чалавеку. Мой муж па-новаму спраектаваў тэрыторыю, дзе пахаваны бацькі. У дадатак да халодных матэрыялаў, з якіх зроблены помнік і пляцоўка перад ім,   была пакінута палоска зямлі для зялёных насаджэнняў. І нездарма. Свякроў вельмі любіла зеляніну, кветкі, высаджвала іх многа на ўчастку ля дома (гэта захапленне перадала і мне).

Мяркуючы, якімі насаджэннямі аздобіць магілкі дарагіх нам людзей, мы спыніліся на туйках: няхай круглы год радуюць зелянінай. Прывезлі пад пасадку чарназём, пасля таго як пасадзілі кусцікі, прыязджалі іх паліваць, акучвалі…

І вось туйкі прапалі. Чыясьці сквапная лапа паласнула кіпцюрамі па нашай памяці, павазе да роднага чалавека! Ці то спецыяльна хтосьці ішоў за нажывай на могілкі, ці  то папаліся нашы насаджэнні на вока таму, хто прыходзіў на могілкі да сваіх родных? Я не раз, каб збіць тугу мужа па маці, сярод суцяшальных слоў заўважала яму: “Добра, што мама спачывае блізка ля ўваходу, на ўзгорку, з якога добра праглядваецца яе родная Ліда, якую вельмі любіла”. Цяпер мяркую: тое, што магілка знаходзіцца з краю пагоста, саслужыла службу для злодзеяў. Хаця… Калі аб крадзяжы сказала знаёмым, яны ў адзін голас зазначылі: “Столькі ўжо на свеце пражыла, а верыш у людскую прыстойнасць! Хто ж садзіць добрыя кветкі і кусты на могілках? Усё роўна пакрадуць!” – і прывялі мноства прыкладаў, калі не толькі насаджэнні, але і букеты жывых кветак, вазы, металічныя слупкі прападалі з магіл … Тады, прабачце мяне, у якой людской супольнасці наогул мы жывем, калі нельга аздобіць магілку роднага, бо тое, што можна забраць і прадаць ці выкарыстаць у сябе дома, усё роўна прападзе?! У свядомасці не ўкладваецца, якім адмарозкам трэба быць, каб мэтанакіравана здзяйсняць рабаўніцкі “ваяж” на могілкі!  Скажаце, гэта робяць тыя, хто прапіў усё сумленне і за бутэльку гатовы не на такое? Можа, і так. Але ж знаходзіцца нехта, хто купляе ў іх за бясцэнак ўкрадзенае і лічыць сябе добрапрыстойным чалавекам. Мне казалі, што некаторыя з тых, хто лічыць сябе добрапрыстойным, могуць і самі нешта ўкрасці з чужой магілы, каб перанесці на магілу сваіх продкаў. Гэтай версіі я зусім не даю веры, бо  дзеянне не паддаецца асэнсаванню, не ўкладваецца ў галаве, што нармальны чалавек можа быць здольны на такі ўчынак.

Аб крадзяжы шарападобных туй на могілках я напісала заяву ў міліцыю. Зрабіла гэта хутчэй для таго, каб акрэсліць праблему, якая існуе. Бо разумею, што хаця  супрацоўнікі РАУС, аддзела Следчага камітэта, з якімі гутарыла адносна факта крадзяжу, аказаліся спагадлівымі, добразычлівымі людзьмі, талковымі  спецыялістамі, у дадзеным выпадку ўкрадзенае і злодзеяў знайсці ім будзе цяжка. Але, можа, хоць некалі пачвара ў чалавечым абліччы, якая квапіцца на магільнае начыненне, у рэшце рэшт пападзецца?

Праўда, у адным я не сумняваюся дакладна. Будзе для рабаўнікоў справядлівы Вышэйшы суд. Перад ім становіцца кожны чалавек, каб адказаць за ўчынкі, якія здзяйсняў на зямлі.

* * *

Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, мне паведамілі пра  падобны, яшчэ больш  кашчунскі, факт. Усе памятаюць, што некаторы час таму у Лідзе, на вуліцы Камуністычнай, у аўтамабільнай аварыі загінула сям’я. У памяць на іх магіле родныя пасадзілі пяць вечназялёных дрэўцаў –  туй, – столькі, колькі жыццяў у адзін момант забрала тая страшная аварыя. Не так даўно з магілы прапалі дзве туйкі, а потым – тры астатнія. 

У нелюдзяў, якія гэта зрабілі, памерла важнае для чалавека – сумленне! Не пачуюць яны яго голас. Таму звяртаюся да нераўнадушных лідчан. Можа, каму вядома хоць якая інфармацыя адносна крадзяжоў з могілак? Палічыце сваім абавязкам паведаміць яе ў праваахоўчыя органы. Зрабіце гэта дзеля памяці тых вашых родных, землякоў, хто адышоў у нябыт! 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться