«Кветкі Вялікай Перамогі» расцвітаюць у Лідзе

15 Апреля 2015 2533

Аднайменны патрыятычны праект – “Кветкі Вялікай Перамогі” – сёлета, у 70-ю гадавіну Перамогі савецкага народа над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне, ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Ідэю праекта падхапілі супрацоўнікі раённага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”, яны рыхтуюць да свята Перамогі сімвал праекта – бутаньеркі з кветкай яблыні і чырвона-зялёнай стужкай.

Згодна з ідэяй, яблыневая кветка – гэта сімвал чысціні, свежасці, вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця, што як мага лепш перадае агульнанародную радасць усіх пакаленняў беларусаў у сувязі з Днём Вялікай Перамогі. Прысутнасць чырвона-зялёнай стужкі падкрэслівае гістарычную значнасць у беларускім грамадстве Дня Перамогі, яго вялікую ролю ў станаўленні і развіцці краіны.

Спосаб вырабу сімвалічных бутаньерак можа быць самы розны. У Цэнтры рамёстваў вырашылі выконваць іх з крэпавай паперы белага і зялёнага колераў, а таксама з чырона-зялёнай стужкі. “Крэпавая папера складваецца гармонікам і наразаецца, – расказвае майстар Ірына Вашкевіч. – Асобна робяцца тычынкі, іх вяршкі фарбуюцца ў жоўты колер. Усе элементы збіраюцца ў адну кветку. Да яе дабаўляецца зялёны лісток. Чырвона-зялёная стужка складваецца на вугалок. На выраб адной бутаньеркі ідзе 40-45 хвілін”.

Кожнаму пад сілу зрабіць гэты сімвал і самаму, сваімі рукамі. Ну а тым, хто захоча павучыцца ў прафесіяналаў, па папярэдняй дамоўленасці ў Цэнтры рамёстваў згодны даць майстар-клас.

Да Дня Вялікай Перамогі застаецца не так ужо і шмат часу. А ў майстроў яшчэ багата працы. Ужо сёння ім паступаюць вялікія заказы ад лідскіх прадпрыемстваў, працаўнікі якіх пойдуць у святочным шэсці. Мець у сябе сімвал Вялікай Перамогі, напэўна, пажадаюць і іншыя лідчане, якія прыйдуць на свята.

039

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться