Галоўная падзея для ўсіх праваслаўных вернікаў – Вялікдзень

12 Апреля 2015 2286

Сёння галоўная падзея для ўсіх праваслаўных вернікаў – Вялікдзень. Назваць гэты дзень проста святам – занадта мала. У ім уся сутнасць хрысціянства, сэнс веры, перамога жыцця над смерцю. Ён злучае сэрцы, нясе мір і згоду ў кожную сям’ю.

Свята святаў у сям’і Канцавенка вельмі чакаюць і рыхтуюцца да яго грунтоўна. Вялікдзень у гэтым годзе стаў асаблівым для ўсіх дамачадцаў: бацькоў Ганны і Артура і дзяцей Руслана і Ангеліны. Бо гэта першы Вялікдзень пад сваім уласным дахам. Некалькі месяцаў таму яны справілі наваселле ў толькі што пабудаваным доме.

Шлях да Бога ў сям’і быў няпростым і пачынаўся з падзеі трагічнай, са страты блізкага чалавека. «Затое цяпер мы зусім інакш глядзім на свет, кожную нядзелю бываем у храме і прычашчаем дзяцей, – расказвае Ганна. – Паверце, гэта – лепшае, што можна ім даць. Не матэрыяльныя каштоўнасці важныя, а чыстае сэрца і добрыя справы».

Хрышчэнне дачкі і сына, наведванне царквы па святах спачатку былі для Ганны і Артура Канцавенка проста данінай традыцыі. Але вось ужо больш за год усё гэта напоўнена глыбокім духоўным сэнсам.

Вядома, павіншаваць малых з Вялікаднем прыходзяць іх хросныя і разам з доўгачаканымі падарункамі прыносяць Руслану і Ангеліне сімвал свята – фарбаваныя яйкі. Яны сімвалізуюць жыццё, адраджэнне і абнаўленне духоўнага свету чалавека.

На сёння ў Ганны шмат планаў – гаспадыня з сястрой будуць доўга клапаціцца на кухні. Дапамагчы абавязкова прыйдуць бабулі. Пасля доўгага сямітыднёвага посту на стале з’явіцца столькі прысмакаў! Кулічы, тварожная пасха, стравы з яек, салаты і заліўное – усё, на што толькі здольная кулінарная фантазія, рыхтуецца з любоўю і афармляецца па-асабліваму.

Велікодны настрой будзе панаваць у доме яшчэ цэлы тыдзень. Гасцей у сям’і Канцавенка ўсю святую сядміцу будуць вітаць словамі: «Хрыстос уваскрос!» І чуць у адказ радаснае: «Сапраўды ўваскрос!»

pasсha

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться