Прадавец з Ліды перамагла на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства

13 Декабря 2012 1648

На мінулым тыдні ў Мінску праходзіў VII рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў. Гродзеншчыну на ім прадставіла лідчанка – прадавец харчовых тавараў Дома гандлю горада Ліды Людміла Пісарык (на здымку). Адзін раз у тры гады рэспубліканскі конкурс, які праводзіцца Міністэрствам гандлю сумесна з рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, збірае лепшых з лепшых – прадаўцоў гандлёвых арганізацый абласцей і горада Мінска. Дарэчы, Лідчына на ім прадстаўлена ўпершыню. Наш Дом гандлю – адно з буйнейшых гандлёвых прадпрыемстваў вобласці, калектыў якога сёлета ўдастоены Бронзавага Меркурыя. Менавіта таму на конкурсе прафмайстэрства Гродзеншчыну даверылі прадстаўляць таксама яму.

Дырэктар Дома гандлю Валерый Касяк і яго памочнікі прызнаюцца: выбіраць канкурсанта сярод прадаўцоў давялося нялёгка. Патрэбны быў чалавек, які б адначасова валодаў прафесійнымі навыкамі, быў таленавітым і мог годна прадставіць свой рэгіён. Кіраўніцтва доўга вагалася… Урэшце меркаванні сышліся на адной кандыдатуры – прадаўцы-касіры Людміле Пісарык. З гэтага моманту для калектыву Дома гандлю і асабліва для Людмілы пачалася карпатлівая падрыхтоўка. Быў распрацаваны сцэнарый, падабраны артысты, у ролі якіх, дарэчы, выступілі самі ж прадаўцы Дома гандлю, калегі Людмілы. У выніку за месяц рэпетыцый будучае дзейства было так адточана, што са сцэны выглядала як сапраўдны фестываль. А яшчэ выступленне лідчан было адзіным, якое гучала на нашай роднай, беларускай, мове. З гэтай нагоды адна з уражаных членаў журы нават прысвяціла лідчанам верш.

Конкурсныя мерапрыемствы ў Мінску праходзілі на працягу двух дзён. Людміле Пісарык на сёмым рэспубліканскім конкурсе давялося выступаць якраз пад нумарам... сем. Тады яна яшчэ не ўяўляла, якой шчаслівай для яе стане гэта лічба, а толькі прыкладала ўсе намаганні, каб спадзяванні, на яе ўскладзеныя, спраўдзіліся. Дзевяць выпрабаванняў трэба было прайсці канкурсантам. Яны павінны былі прадэманстраваць уменне працаваць з пакупніком, здольнасць вырашыць узнікшую з ім канфліктную сітуацыю, аформіць падарунак да свята і прарэкламаваць тавар. Дарэчы, у апошнім выпрабаванні прадаўцу Дома гандлю вельмі дапамаглі лідскія прадпрыемствы, прадукцыю якіх яна рэкламавала: “Лідазбожжапрадукт”, Лідскі хлебазавод, Лідскі малочна-кансервавы камбінат, “Ліда-харчканцэнтраты” і Лідскі мясакамбінат. Усе яны прадставілі на конкурс свой тавар, а ААТ “Лідазбожжапрадукт” – нават і абсталяванне. Акрамя таго, у час конкурсу правяралася веданне ўдзельнікамі правілаў гандлю, паводзін прадаўца, правілаў унутранага працоўнага распарадку, закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Між тым, усе канкурсанты былі падрыхтаваны на высокім узроўні, таму канкурэнты ў Людмілы былі самыя што ні на ёсць сур’ёзныя. Так, пасля першага конкурснага дня Людміла ішла чацвёртай. Абстаноўка накальвалася... Як кажа дырэктар Дома гандлю Валерый Касяк, у падобных, амаль экстрэмальных, сітуацыях чалавек або праяўляе сябе, або закрываецца...

Людміла сапраўды праявіла сябе. Па выніках конкурсу яна была адзначана дыпломам пераможцы ІІ ступені. Акрамя таго, атрымала дыплом у намінацыі “За адраджэнне нацыянальных традыцый”. 

Сёння, калі лідчанка вярнулася дамоў і на працу, у свой калектыў, і калі ўжо ўлегліся эмоцыі, яна шчыра дзеліцца з карэспандэнтам “Лідскай газеты”: 

– Перамагчы дапамагло тое, што я і мой калектыў былі адной камандай. Мы – адно цэлае!

Наш Дом гандлю зноў сярод лепшых у рэспубліцы! А Людміле Пісарык, як пераможцы конкурсу, павышаны разрад, яе чакае грашовая прэмія.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться