Незвычайнае мiнулае невялiкiх Наркун (фота)

22 Января 2015 3859

Кожны населены пункт нашага раёна па-свойму адметны. Вельмі важна для нас захаваць іх гісторыю, бо вядома ж: “Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні” ці “Калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то невядома, куды пойдзеш”. Для краязнаўцы найвялікшая асалода атрымаць новыя звесткі, няхай і невялікія, пра нашы мясціны, людзей, якія тут жылі, падзеі, якія адбываліся ў розныя перыяды.

Вёска Наркуны сёння

Нядаўна я наведаўся ў вёску Наркуны, якая знаходзіцца ў 13 кіламетрах на паўночны захад ад горада Ліды, ля ракі Дзітва. Як сведчыць даследчык І. І. Гашкевіч у сваёй працы “Виленская губерния. Полный список населенных мест со статистическими данными о каждом поселении. Вильна, 1905”, у пачатку ХХ стагоддзя Наркуны – вёска Жырмунскай воласці Лідскага павета, у якой пражывала 87 жыхароў і было 132 дзесяціны зямлі. На сёння, як бачна, лічбы амаль не змяніліся. На 1 студзеня 2015 года быў налічаны 31 двор з насельніцтвам 90 чалавек: 43 асобы мужчынскага полу і 47 – жаночага. Сярод іх 19 дзяцей (7 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак), працаздольных – 45 (28 мужчын і 17 жанчын), пенсіённага ўзросту – 8 мужчын і 18 жанчын.

IMGP9230

У Наркунах пражывае ў асноўным стары люд, можна ўбачыць і моладзь. З працоўных – даяркі, механізатары. Памятаю, год дзесяць назад тут я пазнаёміўся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Віктарам Аляксандравічам Волчыкам. Але, на жаль, ужо некалькі год, як ён пайшоў з жыцця. Памятаю, на той час быў тут мясцовы магазін, у якім змяшчалася багата паўсядзённых тавараў, прадуктаў харчавання. Сёння ўжо прыязджае сюды аўталаўка. 

Працалюб і цікавы суразмоўца Уладзіслаў Шынковіч

Мой суразмоўца – Уладзіслаў Уладзіслававіч Шынковіч, нарадзіўся 15 сакавіка 1935 года ў вёсцы Кербядзі, якая знаходзіцца непадалёку ад Наркун. 

IMGP9232

Уладзіслаў Шынковіч.

– Сям’я, у якой я нарадзіўся, была вялікая. Акрамя мяне – яшчэ 3 браты і 4 сястры. На той час калгасаў яшчэ не было, так што мае бацькі былі простыя сяляне. Стварэнне калгасаў пачалося, калі мне было 15 год, – кажа Уладзіслаў Уладзіслававіч. – Ніхто не хацеў ісці ў калектыўную гаспадарку, але ж прыйшлося пісаць заяву на прыняцце ў калгас... У канцы года падлічвалі, хто колькі зарабіў: кілаграм, паўкілаграма збожжа за працадзень. Так выходзіла ў Крупаве і ў Пурсцях. А ў Кербядзях, пры старшыні Антоне Іосіфавічы Кербедзі, працоўныя атрымлівалі больш – па 2 кілаграмы збожжа. Грошай не плацілі. Людзі корпаліся на сваіх 40 сотках зямлі і мелі адну-дзве адзінкі з хатняй гаспадаркі (карову ці каня). А пасля, як злучылі дробныя калектыўныя ўчасткі, у якія ўваходзілі некалькі вёсак, утварыліся вялікія. Напрыклад, на базе вёскі Крупава тады і быў створаны калгас імя Малянкова. Калгас імя Пушкіна ахопліваў вёскі Кербядзі, Беневічы, Наркуны, Ворнішкі, калгас імя Кутузава – вёску Вялікія Рэксці, калгас “Праўда” – Бярнуці. Але ў 1953 годзе ўсе гэтыя гаспадаркі ўліліся ў склад калгаса імя Малянкова і адносіліся да Крупаўскага сельсавета.

IMGP6740

Хата, дзе жыве Уладзіслаў Уладзіслававіч.

У 1957 годзе калгас імя Малянкова быў перайменаваны ў калгас “Зара”, дзе першым старшынёй быў П. Балдышаў. У гэтай гаспадарцы я адпрацаваў 40 год – на трактарах і камбайнах. За сваё старанне, у 1973 годзе, заслужана атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

Зніклая вёска Коўкі і яе ўласнікі

Як вядома тутэйшым жыхарам, у баку ад Наркун калісьці была тэрыторыя Аполінскага сельсавета, існаванне якога цягнулася са студзеня 1940 года да ліпеня 1954 года, калі ён быў перайменаваны ў Крупаўскі сельсавет.

– Першапачаткова, яшчэ да ўтварэння аполінскай тэрыторыі, у ХІХ стагоддзі, ёю кіраваў царскі службовец Рапацкі, – зазначае Уладзіслаў Шынковіч, – і была там вёска Коўкі. (Даведка. З “Вопісаў парафій Лідскага дэканата 1784 года. З магістарскай працы Андрэя Рыбака пад кіраўніцтвам прафесара, доктара габілітаванага Юзафа Марошкі” ў перакладзе Леаніда Лаўрэша вядома, што Коўкі (Kowki) адносіліся да Жырмунскай парафіі і з’яўляліся “вёскай ягамосцяў князёў Радзівілаў…”) І вось аднойчы дазналіся царскія ўлады, што тут урадлівая зямля, і жыхароў гэтай вёсачкі перасялілі ў вёску Рэксці. І гэтая зямля перайшла ва ўладанні Рапацкага, пад кіраўніцтвам якога было 200 гектараў: 100 га ворнай зямлі, 40 балотных і 60 га лесу. А ў Малых Рэксцях калісьці таксама быў фальварак, якім кіраваў пан Сікорскі. І вось адным разам ён дазнаўся, што ў Рапацкага ёсць дачка. Да яе час ад часу і пачаў наведвацца. У рэшце рэшт ён ажаніўся з ёй і прыйшоў “у прымы” да Рапацкага.

IMGP6745

Поле, дзе калісьці знаходзілася вёска Коўкі.

У Сікорскага былі два сыны і дачка. Адзін з сыноў быў урачом, але так здарылася, што ён зламаў нагу і хутка памёр. Другі сын, атрымаўшы грошы ад бацькі, выехаў у Мінск, каб купіць маёнтак. Але не ведаючы аб тым, што сядзіба і зямля пры ёй ужо былі арандаваны, вырашыў тут пераначаваць. Раніцай арандатар, не разабраўшыся, што робіць тут гэты купец, прыняў яго за злодзея і застрэліў з карабіна. Не стала і другога сына заможнага Сікорскага. Цела яго прывезлі ў Аполін і пахавалі на Жырмунскіх могілках. Засталася дачка Марыся Сікорская.

Аднойчы на тэрыторыю Аполіна прыйшлі польскія салдаты, з якімі быў афіцэр – капітан Бужынскі. Вядома, што ён спачатку служыў у рускай арміі, але паколькі быў палякам, перайшоў на службу ў польскае войска. Ён і пакахаў Марысю. Але бацька яе – Сікорскі – быў супраць яго, маўляў, бедны, беззямельны хлопец, не звяртаў увагі нават на яго армейскі чын. Але хутка памірае і сам Сікорскі. Гэта і паспрыяла таму, што Бужынскі злучыў свой лёс з лёсам Марысі. Ды і маёнтак перайшоў пад яго кіраўніцтва. Але не абышлося без гора. Праз пяць год ад туберкулёзу памірае і Марыся. У 1939 годзе, калі пачалася польска-нямецкая вайна, Бужынскага, як афіцэра, забралі на фронт у Польшчу. Там ён і застаўся.

– Прайшло шмат год з той пары, як Аполінам кіраваў Рапацкі, – зазначае Уладзіслаў Шынковіч. – Старэйшыя казалі, што там быў вялікі сад. А чаму ён так назваў гэтае мястэчка, невядома. Можа, таму, што шмат меў зямлі, палёў і гэта пасадзейнічала назве – Аполіна. А адкуль пайшла назва Коўкі, напэўна, ужо ніхто не адкажа. Захавалася яна ў народзе ўжо ў перайначаным варыянце – Падкоўкі, на тэрыторыі якіх расце лес і некалі размяшчалася ваенная часць. 

А пра іншыя вёскі вядома...

– Непадалёку ёсць вёска Кербядзі. На яе тэрыторыі жылі сем’і Кербядзёў і Захватовічаў. (Даведка. У кнізе “Літоўская метрыка. Рэестры падымнага Вялікага княства Літоўскага Віленскага ваяводства 1690 года” ёсць запіс, што “Кербядзі ў 1690 годзе належалі шляхцічу Казіміру Іотку”. Вядома і тое, што ўжо “ў 1762 годзе ў ваколіцы Кербядзі пражываў шляхціч Ян Кербедж (Кербецкі), які завяшчаў 7 тысяч злотых у доўг наследнікам памесця Крупа (Крупава. – Аўт.) Нарбутам з той умовай, каб 3 разы ў год два манахі-піяры прыязджалі ў Крупаўскі касцёл служыць імшу”. Далей з “Літоўскай метрыкі” стала вядома, што і “ў 1784 годзе Кербядзі лічацца як ваколіца”, у якой пражывалі ў той час шляхцічы (аж да ХІХ стагоддзя) і мелі тут пэўныя адрэзкі зямель. Пазней, у 1849 годзе, значнымі часткамі зямлі валодалі Захватовічы – Сямён Іосіфавіч (меў 60 дзесяцін зямлі) і Мацвей Францавіч (меў 100 дзесяцін.) У свой час назва вёскі пісалася як «Захватовічы». Але ж там жыў гаспадар Кербедзь, які змог падкупіць чыноўнікаў, і яны перапісалі паселішча на яго прозвішча.

IMGP6736

Фрагмент адной з вуліц вёскі Наркуны.

Такім чынам “паадпісвалі” сабе вёскі і іншыя больш заможныя і разумнейшыя гаспадары. Напрыклад, назва вёскі Бенкавічы пайшла ад жыхара Бенкавіча, вёскі Гудэлі – ад Гудэлевіча, Ганцавічы – ад Ганцавіча. Назва вёскі Наркуны таксама пайшла ад прозвішча жыхара Наркуна. (Даведка. Вёска магла мець і назву Наркушкі. З “Літоўскай метрыкі 1690 года” вядома, што ў “1690 годзе яны належалі шляхцічам Радзімінскім-Францкевічам», а ў ХІХ стагоддзі гэтае паселішча было ваколіцай, зямлёй валодалі шляхцічы Сянкевічы.) Вядома, бывала, што прозвішчы знікалі, а вось назвы захаваліся да гэтых пор. Тут, у Наркунах, першапачаткова пражывалі тыя, каму была выдзелена зямля ад дзяржавы, і паступова гэтая мясціна пачала пашырацца дзякуючы простым людзям.

Як зазначыў суразмоўца, назвы вёсак захавалі прозвішчы шляхецкіх сем’яў, носьбіты якіх не адраблялі паншчыну, дарма не працавалі. 

Водгалас Вялікай Айчыннай

– А пра ваенны час, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны што адклалася ў вашай памяці?

– Як немцы ішлі ў 1941 годзе, мне было 6 год. Як і цяпер бачу іх – прыгожа апранутых і абутых, адным словам, падрыхтаваных да вайны, з аўтаматамі ў руках. А савецкія салдаты, на жаль, былі ў горшым адзенні, абутак быў абкручаны ў анучы, а ў карабіне было ўсяго пяць-дзесяць патронаў. Праз нашы мясціны нямецкае войска прайшло хутка, але ж свой след пакінула. Грукатанне кулямётаў і гул варожых самалётаў больш чутны былі ў Лідзе, даносілася да нас страляніна і з бліжэйшых да нас Гудаў. Як нямецкія танкі наступалі на Крупава, то нашы вырашылі перакрыць ім шлях – самалётам скінуць бомбу на мост, які злучае Крупава з Навіцкімі. Але бомба ўпала непадалёку ад рачулкі Крупка, і асколкі, якія разляталіся, даляцелі да вежы касцёла і разбілі невялікі яе вугал. 

– А што наогул вядома вам пра мясцовы храм?

– Ведаю, што першапачаткова касцёл знаходзіўся на Крупаўскіх могілках. Але паколькі ён быў драўляным, то згарэў. Як калісьці мне казаў старажыл Іосіф Цімашэўскі, на гэтым месцы, дзе цяпер стаіць сучасны касцёл, была невялікая горка, з якой дзеці зімой каталіся на санках. У 1922 годзе вырашылі пабудаваць тут, на горцы, новы храм. Спачатку яе крышку зраўнавалі, а пясок падпіхнулі ніжэй, ім і падсыпалі дарогу. 

IMGP6737

Адзін з найбольш прыгожых двароў у Наркунах.

Але, акрамя гэтай дарогі (Ліда-Радунь), у планах было пракласці і чыгунку. Было гэта ў 1913 годзе, больш за 100 год назад. Меркавалі, што дарога для чыгуначнага транспарту будзе цягнуцца аж да Варэны, ці, як называюць літоўцы, Аран. Упачатку насыпалі валы, гэтай працай займалася не адна брыгада. Вялікія насыпы паступова ўзнікалі паміж Казічамі і Крупавам, а таксама ля Гудэляў. Людзі звозілі пясок спецыяльнымі вазамі, ахутанымі жалезам. Пагаворвалі, што каб яшчэ год-два так папрацавалі, то і дарога была б пракладзена. Аднойчы Ян Адамовіч з Расіі мне казаў, што ў 1914 годзе ў расійскай газеце ўжо пісалі пра гэтую чыгуначную лінію і нават была нейкая выява пры тэксце, на якой паказана, як імчыцца па рэйках цягнік. У той час за мяжой пагаворвалі, што ў Наркунах ужо і паўстанак ёсць. З тых пор захаваўся ў Гудэлях толькі вялікі вал. (Даведка. У кнізе лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша “Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах”, у раз-дзеле “Чыгуначны вакзал, чыгунка”, ёсць спасылка на “Kuryer Wilenski”, №92 за 26 красавіка (9 мая) 1911 года, у якім зазначана: “У 1911 г. камісія па перспектыўным будаўніцтве пры Міністэрстве шляхоў зносін Расіі вызначыла, што чыгункі павінны будавацца з улікам эканамічных патрэб тэрыторый. Планы міністэрства абмяркоўваліся ў Дзяржаўнай Думе. Быў прыняты план праектавання і будаўніцтва чыгунак на 1911-13 гг. У Беларусі планавалася пабудаваць чыгунку Магілёў-Паставы-Свянцяны-Паневеж і чыгунку Ліда-Араны (зараз – Варэна) даўжынёй 60 км. Чыгунка Ліда-Араны павінна была злучыць новую чыгунку Балагое-Сядлец з чыгункай Пецярбург-Варшава, яна мела б і ваеннае значэнне для перавозкі грузаў і расійскіх войскаў да Прусіі ў выпадку вайны. Па ўспамінах людзей, у 1914 г. ужо былі пачаты падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве. Вядома, што на тэрыторыі Лідчыны чыгунка павінна была прайсці прыкладна па трасе сучаснай аўтадарогі Ліда-Радунь”.)

– Шмат чаго змянілася з тых пор, – гаворыць Уладзіслаў Шынковіч. – Каля Верх-Крупава быў калісьці вялікі лес, які называлі «ельнікам». Цягнуўся ён да Козіч, шырыня яго даходзіла да былога млына, працягласцю да Кербядзёў. Пасля яго выкарчавалі і ўзнікла поле. Гэтая тэрыторыя належала панам Шукевічам. 

Шукала магілу роднай маці

Уладзіслаў Уладзіслававіч падзяліўся са мною адным жыццёвым здарэннем, маўляў, можа, хтось прачытае яго ў газеце і адгукнецца. Аднойчы, год 5-6 назад, прыязджала з Польшчы жанчына, якая расказала яму гісторыю свайго жыцця. У вайну яе маці і яна (было ёй толькі тыдні два-тры ад нараджэння), а таксама сям’я нейкіх Урбановічаў уцякалі ад бамбёжкі праз мясціны, што ля Крупава, прыблізна дзе зараз мікрараён Маладзёжны (называлі Леснічуўка ці Бараўчуўка, а магчыма, Бароўка). На руках у маці знаходзілася немаўля. Як ішлі немцы, то застрэлілі жанчыну. Пасля ўцалелыя Урбановічы вырашылі пахаваць застрэленую кабету, а разам з ёй і яе дзіцятка, бо абодва былі нерухомыя і ў крыві (думалі, што дзіцё таксама загінула).

І вось цуд: немаўля заварушылася. Тады жанчына з сям’і Урбановічаў вырашыла забраць яго сабе. Пазней, ужо жывучы ў Польшчы, яна не прызнавалася сваім дзецям, адкуль гэтае немаўля, казала, што яно роднае. Гэтая дзяўчынка была нашмат цямнейшая за дзяцей гэтай жанчыны. Калі дзеці падраслі, то пачалі цікавіцца: чаму яны светлыя, а гэтая сястрычка чарнявая? Ды толькі ў старасці, перад смерцю, яна расказала пра тое трагічнае здарэнне. І гэтая колішняя дзяўчынка, таксама ўжо ў пажылым узросце, прыехала сюды, у Крупава, а пасля ў Наркуны з мэтай дазнацца больш падрабязна пра тую трагедыю і знайсці магілу роднай маці. Але так ні аб чым і не дазналася, бо шмат год прайшло і пра гэта ніхто нічога не ведае.

* * *

Развітваючыся з такім цікавым суразмоўцам, я думаў: дзякуючы такім вось людзям, чыя памяць захоўвае звесткі, якіх не знойдзеш ні ў адной энцыклапедыі, у нас будзе спадчына, якая спакон вякоў нам застаецца ад прадзедаў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться