Соты дзень нараджэння адзначыла жыхарка вёскі Мыто Бернарда Шымулевіч
Дадзены доўгі век, каб дабра зрабіў больш чалавек. У гэтым пераканана жыхарка вёскі Мыто Ваверскага сельсавета Бернарда Шымулевіч. 20 жніўня яна адзначыла двойчы залаты юбілей – стагоддзе з дня нара-джэння. Бернарда Стэфанаўна нарадзіла двух дачок, мае чатырох унукаў, шасцярых праўнукаў і жыве ў чаканні ўзяць на рукі прапраўнука.
Нарадзілася юбілярша ў вёсцы Кульбакі Лідскага раёна. Пасля замужжа пераехала на хутар паблізу вёскі Мыто, дзе і пражыла амаль усё жыццё. Бернарда Стэфанаўна жартуе, што выйшла замуж па разліку: па мерках таго часу яе нарачоны лічыўся вельмі заможным – меў немалы надзел зямлі і добрую гаспадарку. Нягле-дзячы на гэта, лёс жанчыны склаўся няпроста. Як і ўсім з таго пакалення, на яе долю выпала нямала выпрабаванняў: вайна, пасляваенная разруха, голад, цяжкая праца… Але ў той час гэта перажывалі ўсе. Больш кранае асабістае. Спачатку заўчасная смерць мужа, потым не стала малодшай дачкі. Цяпер ад цяжкай хваробы занемагла і старэйшая. Але скардзіцца на несправядлівасць лёсу не ў характары Бернарды Стэфанаўны.
– Не ведаю, гэта пакаранне ці ўзнагарода з нябёсаў – пражыць на гэтым свеце цэлы век. Але калі Бог так вырашыў, значыць, трэба пакорна прымаць яго дар, – сумна ўсміхаецца бабулька і сухой маршчыністай рукой папраўляе хустачку.
Дарэчы, рукі Бернарды Стэфанаўны зморшчаныя не толькі ад часу, але і ад цяжкай штодзённай працы. Кажа, не разгінала спіну на працягу ўсяго жыцця: днём працавала ў калгасе паляводам, увечары займалася хатнімі справамі, якіх у сялянак заўжды безліч. Быў у жанчыны і занятак для душы – яна ўмела і любіла шыць. Ды так добра ў яе атрымлівалася, што вестка пра майстрыху, якой падуладна выкананне любога заказу, разышлася далёка за межы роднай вёскі.
– Шыла ўсё: жаночае і мужчынскае адзенне, бялізну, святочную вопратку і нават футры. Акрамя таго, праз мае рукі праходзіла шмат заказаў па рамонце адзення. Словам, займалася справай, якая не толькі падабалася, але і прыносіла дадатковы заробак, – успамінае жанчына.
Дарэчы, грукат швейнай машынкі ў хаце Бернарды Шымулевіч можна было пачуць яшчэ ў мінулым годзе. Нават на сотым годзе жыцця яна не выпускала з рук нітку і іголку. Такая ж няўрымслівая была і ў працы ў агародзе: садзіла, палола, палівала і нават капала. Але апошнім часам бабулька занемагла. Каб паўнавартасна зябяспечыць яе медыцынскім доглядам, Ваверская бальніца прапанавала сацыяльны ложак. Так з вясны гэтага года Бернарда Стэфанаўна пераехала са свайго хутара ў медыцынскую ўстанову.
– Разумею, што ў бальніцы я пад доглядам медыкаў, але ў думках увесь час вяртаюся дадому – у гэтую хату, дзе кожны куток напоўнены ўспамінамі, – уздыхае юбілярша.
Аднак юбілеі існуюць для таго, каб здзяйсняліся любыя пажаданні. А ў соты дзень нараджэння тым больш! Сёння дом Бернарды Шымулевіч поўніцца шчырымі віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі. Святочны стол ломіцца ад пачастункаў і кветак, якія ёй уручылі родныя, знаёмыя і суседзі. Павіншаваць юбіляршу прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады, журналісты, сацыяльныя работнікі Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і медыкі.
– Пражыць 100 гадоў… Толькі ўдумайцеся, якая лічба! А колькі падзей адбылося за гэты перыяд, колькі ўсяго перажыта! 100-гадовыя юбіляры – гэта людзі-легенды, вялікая рэдкасць у наш час, аднак вельмі радуе, што яны ёсць, – разважае старшыня Ваверскага сельвыканкама Аляксандр Іодка, які ведае юбіляршу не адзін год. – Жадаю Бернардзе Стэфанаўне моцнага здароўя, аптымізму і сілы духу. Вельмі хочацца, каб у яе памяці засталіся толькі светлыя ўспаміны і сённяшняя юбілярша яшчэ доўга радавала нас сваёй прысутнасцю.
Калі журналіст раёнкі запыталася ў Бернарды Стэфанаўны пра формулу даўгалецця, яна адказала вельмі проста: «Жыві і працуй – і, калі Бог дасць, дажывеш да ста гадоў». Сапраўды ніякіх асаб-лівых сакрэтаў ні ў харчаванні, ні ў ладзе жыцця юбіляршы няма, акрамя малітвы. Сцвярджае, што вера ў Бога на ўсім яе жыццёвым шляху надавала сіл і цярпення. Нават тады, калі сітуацыя была самая бязвыхадная. Да Усявышняга яна звярталася не толькі з просьбамі, але і з падзякай і адчувала духоўную падтрымку.
Аднак свята з нагоды 100-годдзя жыхаркі Лідскага раёна на гэтым не скончылася. Супрацоўнікі аддзялення па грама-дзянстве і міграцыі Лідскага РАУС уручылі шаноўнай юбіляршы новы пашпарт.
– Нямногім выпадае гэта магчымасць – пераступіць стогадовы рубеж. Бернарда Шымулевіч – адна з такіх. Ёй пашчасціла сустрэць такі паважаны юбілей у адносна добрым здароўі, пры светлай памяці і сярод людзей, якія клапоцяцца пра яе. А гэта, напэўна, і ёсць шчасце, – кажа пашпартыст Валянціна Лужанская.
Расчуленая да слёз такой увагай, бабуля таксама жадала сваім шматлікім гасцям здароўя і доўгага жыцця, дзякавала за добры настрой і падарункі. Але прызналася: уражанні ад свята азмрочвае думка, што ўвечары зноў прыйдзецца вярнуцца ў медыцынскую ўстанову.