Тварэнні добрай душы і ўмелых рук

28 Апреля 2023 303

Вось ужо трэці год Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея збірае ў сваіх сценах людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія валодаюць тым ці іншым відам мастацтва. Тут пабывалі паэты, спевакі, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такія сустрэчы праходзяць у рамках інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе”, куратарам якога з’яўляецца навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Дзякуючы гэтаму праекту людзі з абмежаванымі магчымасцямі раскрываюць наведвальнікам дома-музея свой багаты і неабмежаваны ўнутраны свет, радуюць іх сваімі творамі і работамі. 

Мінулы 2022 год у дзейнасці праекта быў багаты на выставы. Ладзяцца выставы ў сценах Дома Валянціна Таўлая і сёлета. На днях эстафету дабра перанялі два творчыя наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў горада Бярозаўкі – Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч. У доме паэта адкрылася сумесная выстава іх работ, якая называецца “Тварэнне душы і рук”. Дзяніс Іванавіч выставіў творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – мяккія цацкі і шкатулкі, Надзея Іванаўна – жывапіс і каляровую графіку. На адкрыццё выставы прыйшлі наведвальнікі аддзялення, а таксама спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення Галіна Чаброўская, кіраўнік гуртка Дзіна Ціхановіч. 

Вырабам мяккіх цацак Дзяніс Бубноўскі пачаў займацца сем гадоў назад. Гэта карпатлівая ручная праца, якая патрабуе цярпення і ўседлівасці. Элементы цацкі Дзяніс Іванавіч шые і сшывае сам, над вобразам жа цацкі працуе разам з кіраўніком гуртка Дзінай Мікалаеўнай. Напрыклад, галаву мядзведзя сшыў, не ўстаючы з месца, за чатыры гадзіны – атрымалася як фабрычная. “Мяккія цацкі добра раскупляюцца на розных святах, – адзначае майстар. – Успамінаю, як на свяце дзяцінства ў Бярозаўцы нават чатырнаццацігадовая дзяўчынка ўгаворвала бацькоў купіць ёй зробленага маімі рукамі зайца”. Наведвае Дзяніс Бубноўскі і іншыя гурткі пры аддзяленні: кулінарны, тэатральны, інтэлектуальны, з’яўляецца салістам мужчынскага вакальнага гурта “Братаны”. 

Надзея Санкевіч малюе са школьных гадоў. Доўгі час у гэтым яе захапленні быў перапынак, але ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі яна зноў вярнулася да выяўленчага мастацтва. Асабліва любіць яна маляваць пейзажы, кветкі. А яшчэ Надзея Іванаўна прыгожа спявае, любіць рыбачыць ра-зам з мужам, вырошчваць кветкі і агародніну на дачы. З вясны і да самай восені яна ўся ў дачных клопатах, нават гурткі ў гэты перыяд не наведвае. 

У творчых планах Дзяніса Бубноўскага – асвоіць вырабы з саломы, а Надзея Санкевіч плануе заняцца і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. А значыць, наперадзе ў гэтых людзей з неабмежаваным імкненнем тварыць – новыя выставы. Магчыма, і ў сценах Дома Валянціна Таўлая.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться