Праз Лідчыну пройдзе экспедыцыя «Дарога да Святыняў» , падчас якой будзе пасаджана Алея Малітвы
У першую нядзелю верасня традыцыйна праводзіцца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства. Да яго прымяркоўваецца Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў». Яна рыхтуецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой, міністэрствамі культуры і адукацыі, упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і іншымі зацікаўленымі ведамствамі. У склад экспедыцыі ўваходзяць вядомыя дзеячы культуры, навукі, мастацтваў, педагогі, прадстаўнікі духавенства.
Такая дэлегацыя штогод бярэ кірунак па розных маршрутах, робячы прыпынкі ў населеных пунктах ля святынь і аб’ектаў духоўнасці. Пачынаецца экспедыцыя ў Мінску, ад Свята-Духава кафедральнага сабора, а завяршаецца – у так званай сталіцы Дня пісьменства. Сёлета гэта горад Заслаўе. Да яго экспедыцыя будзе праходзіць па тэрыторыі Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей. Праляжа “Дарога да Святыняў” і праз Лідчыну.
Як стала вядома журналісту “Лідскай газеты”, сама экспедыцыя запланавана на перыяд з 3 па 7 верасня. У нашым жа раёне яе ўдзельнікі будуць 4 і 5 верасня. Трэба сказаць, што да нас, як і ўсюды, яны прынясуць нязменны сімвал экспедыцыі – Непагасную лампаду Духоўнасці з Благадатным Агнём ад Труны Гасподняй, які ў 1992 годзе быў запалены ў Іерусаліме і перададзены ў Беларусь. Благадатны Агонь ад Непагаснай лампады перадаецца на свечкі прыхаджанам, ім асвячаюцца праваслаўныя храмы, манастыры, помнікі славы беларускага народа, дзіцячыя дамы, бальніцы, школы. Перадача Благадатнага Агню будзе адбывацца і на Лідчыне. Таксама ў дарозе экспедыцыю суправаджае яшчэ адна святыня – цудатворная Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы.
4 верасня першым прыпынкам экспедыцыі на лідскай зямлі будзе вёска Вялічкі Траццякоўскага сельсавета. Тут, у малітоўным доме падвор’я Свята-Благавешчанскага Слонімскага жаночага манастыра, пройдзе малебен. На тэрыторыі малітоўнага дома ўдзельнікі экспедыцыі пасадзяць пладовыя дрэвы – заложаць Сад Малітвы.Затым экспедыцыю будзе сустракаць Ліда. Плануецца, што ўрачыстая сустрэча пройдзе ў Лідскім замку, паколькі ў ім у 1323 годзе быў пабудаваны і доўгі час існаваў першы на Лідчыне праваслаўны храм, асвячоны ў гонар святога Велікамучаніка і Перамаганосца Георгія. З замка хрэсны ход накіруецца да храма Усіх Святых, дзе пройдзе малебен, перадача Благадатнага Агню.
У Лідзе ўдзельнікі экспедыцыі таксама плануюць пасадзіць Алею Малітвы.
Яшчэ адной важнай часткай праграмы экспедыцыі “Дарога да Святыняў” стануць сустрэчы яе членаў у сацыяльных установах, ліцэях, каледжы, школах на тэмы “Беларуская пісьменнасць” і “Святыні і святыя Беларусі”. Не прамінуць госці сустрэцца з жыхарамі горада і наладзіць навукова-асветніцкую, педагагічную і літаратурна-музычную імпрэзу.
З Ліды экспедыцыя «Дарога да Святыняў» працягне свой шлях 5 верасня – на Валожын.