Былы жыхар Беліцы за свае сродкі адрэстаўраваў старадаўні цудадзейны абраз мясцовай парафіі

21 Августа 2014 2858

Цудадзейны абраз Маці Божай, які быў захаваны пасля разбурэння ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя капліцы ў вёсцы Крывічы, на днях, пасля больш чым паўгадавой рэстаўрацыі, вярнуўся ў Беліцкую парафію. Вернікам касцёла Святога Юрыя яго прэзентуюць 8 верасня.

Абраз Маці Божай, як ужо было сказана, знаходзіўся некалі ў капліцы ў суседняй вёсцы Крывічы. Назваць дакладны яго ўзрост складана, але размова ідзе аб стагоддзях. На металічным акладзе стаіць кляймо з датай “1870 год”, а выява Марыі, мяркуюць спецыялісты, была зроблена яшчэ раней.

Прыхаджане былой капліцы мелі да яго велізарную цікавасць, якая год за годам узмацнялася. Людзі сталага ўзросту ўспамінаюць, што ў Крывічы прыходзілі паломнікі з розных вёсак і на каленях здзяйснялі вакол капліцы хрэсныя хады з просьбамі аб дабрадзействе. Так, праз малітву і заступніцтва Маці Божай парафіянка з Беліцы Ядвіга Ясюлевіч, якая ад самага нараджэня не магла хадзіць, на вачах у іншых вернікаў атрымала ласку аздараўлення. На жаль, некалькі гадоў назад жанчыны не стала, але сведкі гэтага цуду жывуць і па сённяшні дзень. Таму аб вартасці рэстаўрацыі абраза Маці Божай Крывіцкай гаварыць не трэба. 

Паколькі абраз некалькі дзесяцігоддзяў правёў у капліцы, што на мясцовых могілках, ён быў у вельмі жаласным стане. Структура металічнага акладу была парушаная, таму месцамі ён прасвечваўся. Патрабавала ўмяшання і сама выява. Да таго ж некаторыя элементы – часткі арэолу, кароны – былі страчаныя, таму іх прыйшлося аднаўляць з нуля. Майстры рэстаўрацыйнай майстэрні Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны пад кіраўніцтвам старэйшыны беларускай рэстаўрацыі Аркадзія Шпунта не адзін месяц працавалі, каб вярнуць абразу першапачатковы выгляд.

икона

Аклад дэталёва разабралі, адшліфавалі і адпаліравалі. Затым па пэўнай тэхналогіі ён быў пакрыты срэбрам, месцамі – золатам, прычым як са знешняга, так і з унутранага боку. 

– Сама выява была пакрытая лакам для мэблі, – расказвае былы парафіянін Беліцкага касцёла, цяпер жыхар Санкт-Пецярбурга Мечыслаў Жыгала, які ўзяў на сябе ўсе матэрыяльныя выдаткі па вяртанні да жыцця старадаўняй святыні і каардынаваў ход рэстаўрацыі. – Такім чынам, людзі, самі таго не ведаючы, закансервавалі выяву, іншымі словамі, выратавалі яе ад выцвітання і разбурэння. Яшчэ адно адкрыццё было ў тым, што абраз ужо падвяргаўся рэстаўрацыі. Пад акладам Маці Божая была ў чырвоным адзенні. Але калі сантыментр за сантыметрам майстры-рэстаўратары пачалі знімаць мэблевы лак, высветлілася, што першапачаткова адзенне было залаціста-карычневага колеру. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што абразу вельмі шмат гадоў. 

Па словах душпастыра Беліцкай парафіі ксяндза Валянціна Хвядука, праца па вяртанні да жыцця абраза Маці Божай Крывіцкай яшчэ не скончылася. Плануецца «падняць» архівы і ўстанавіць дакладную дату напісання абраза, а таксама аўтара. Але ж пакуль ідзе падрыхтоўка да прэзентацыі цудадзейнага абраза Маці Божай вернікам. 8 верасня яго прывязуць на месца былой капліцы і адправяць імшу. У гэты ж дзень тут будзе пастаўлены і асвечаны крыж. Затым абраз завязуць у Беліцу, у касцёл Святога Юрыя, і ва ўрачыстай абстаноўцы змесцяць на левым бакавым алтары. 

Не выключана, што з дазволу і блаславення біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча культ Маці Божай Крывіцкай будзе развівацца. Плануецца, што 16 ліпеня 2015 года, у дзень Маці Божай Шкаплернай, у Беліцкай парафіі пройдзе першы адпуст у гонар Маці Божай Крывіцкай. І хто яго ведае, магчыма, калі-небудзь тут арганізуюць санктуарый, які будзе прымаць тысячы паломнікаў, што жадаюць памаліцца перад святыняй.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться