Жыхары Эйтунаў Лідскага раёну ўспамінаюць ліпень 41-га, калі іх вёску бамбілі немцы (фота)
З першых гадзін вайны немцы вялі моцны наступ ад межаў нашай краіны на ўсход. Чырвоная Армія з баямі адступала. Баі былі жорсткія, страты чырвонаармейцаў вялікія. Адзін з такіх баёў паміж фашыстамі і нашымі байцамі завязаўся ў першыя дні ліпеня 1941 года ў бярозавым ляску пад вёскай Бянейкі. Наступствы гэтага бою і звязаныя з ім далейшыя падзеі таго дня былі трагічныя. І не толькі для нашых байцоў, якіх шмат палягло ў тым бярэзніку, але і для сялян з Бянеек і суседніх Эйтунаў. У гэтых вёсках і сёння жывуць сведкі тых страшных падзей.
А яны разгортваліся так. У выніку бою (і, хутчэй за ўсё, не без дапамогі фашысцкай авіяцыі) загарэліся Бянейкі. Надвор’е было сухое, пабудовы з саламянымі стрэхамі згарэлі ўсе ўшчэнт. Уцалела толькі адна хата на водшыбе, ля бярэзніку, – сям’і Лыскаўка. Ад пажару і наступаючых немцаў жыхары Бянеек уцякалі хто куды. А многія на конях, запрэжаных у фурманкі, рушылі з сем’ямі за раку Жыжма, у суседнія Эйтуны. У кагосьці там былі сваякі, шмат значыла і тое, што вялікая вёска Эйтуны (больш за сто хатаў) стаяла на ўскрайку балота і было дзе схавацца. Жыхары Бянеек спадзяваліся, что знойдуць там хоць часовы паратунак, ды не ведалі, што рухаюцца проста насустрач непапраўнай бядзе…
Не ведалі яны, што праз некаторы час у гэты ж дзень запалаюць і Эйтуны. Фашысты скінулі на гэты населены пункт чатыры запальныя бомбы. У выніку згарэла большая частка вёскі. Загінулі 15 чалавек. Пераважна гэта былі бежанцы з Бянеек.
Аб гэтых падзеях няма публікацый. І каб час іх не сцёр з памяці людской назаўсёды, краязнаўца з Дворышча Віктар Іванавіч Кудла некаторы час назад занатаваў успаміны асобных старажылаў у сшытак. Аднойчы ён падзяліўся гэтым са мной, і неяк сама сабою ўзнікла задумка праехаць разам па месцах тых падзей.
Па дарозе ў Эйтуны Віктар Кудла распавёў мне адну з версій той трагедыі – з падачы былога жыхара вёскі (ён ужо памёр) Казіміра Аляксандравіча Мікавоза. Па яго ўспамінах, над Эйтунамі і суседнімі вёскамі спачатку лятаў самалёт-разведчык. А ўжо потым прыляцелі бамбіць. Бянейкі бамбілі, бо побач ішоў бой. Але якая неабходнасць была кідаць запальныя бомбы на Эйтуны?
Казімір Аляксандравіч лічыў, што прычынай сталі распрэжаныя павозкі. Калі бянейкаўскія бежанцы прыбылі ў Эйтуны і прыпыніліся ля хаты Вінцука Мікавоза, то першай справай распрэглі коней і выпусцілі на пашу – за гумнамі, у бок балота. А павозкі паставілі ля Вінцукова гумна і, як у тых мясцінах было заведзена, паднялі аглоблі (каб іх незнарок не паламалі) дагары. Па версіі Казіміра Аляксандравіча, нямецкі лётчык, па ўсёй верагоднасці, паднятыя аглоблі палічыў за ствалы гармат. І нанёс туды бомбавы ўдар. Віктар Кудла зафіксаваў гэты ўспамін у сваім сшытку. Больш такой версіі я не чула, таму яе тут прыводжу. Аб усім астатнім расказалі жывыя сведкі, якіх засталося ўжо няшмат.
Неўзабаве мы наблізіліся да Эйтунаў. Перасеклі Жыжму. Яна ўжо не такая паўнаводная, як калісь. А вёска, якую ў 41-м палілі немцы, стаіць. Адбудавалася за дзесяцігоддзі. Старажыл Яніна Антонаўна Мікавоз таксама жыве ў хаце, узведзенай на былым папялішчы.
Цяперашняе прозвішча Яніны Мікавоз – ад мужа. Яна адразу ўдакладніла, што Вінцук Мікавоз, дом якога разбамбілі, даводзіўся яе будучаму мужу раднёй. У 41-м Яні споўнілася 11 гадоў, яна жыла з бацькамі (Ганнай і Антонам Ендза) і старэйшым братам Міхаілам. З імі таксама жыў дзядуля. Дом Ендзаў да вайны стаяў па суседству з хатай Вінцука Мікавоза, і страшныя падзеі таго дня адбываліся ў Яні на вачах.
– Эйтуны стаялі ля балота, і ў нас хаваліся ў той дзень людзі з Бянеек, Дворышча, Казакоўшчыны… – пачала Яніна Антонаўна, прысеўшы на лавачцы ля хаты. – Мы ўжо ведалі пра бамбёжку і пажар у Бянейках, і, прадчуваючы бяду, людзі пачалі выцягваць з хаты куфры і іншае дабро і хаваць бліжэй да балота. Таксама адагналі туды кароў, коней. А бяда ўжо была побач. Хутка на Эйтуны фашысты скінулі першую бомбу. Яна трапіла ў Васілюкова гумно, вырыла ў зямлі вялікую яму і забіла гаспадара – Мішу Васілюка. Неўзабаве на вёску ўпалі яшчэ тры бомбы.
– Гэта было ў самы абед, – працягвала наша субяседніца. – Мы з братам сядзелі пад нашым гумном, побач прысеў дзядуля, падышлі суседскія хлопцы. На падворку суседа, Вінцука Мікавоза, было шматлюдна. Пад яго хатай сядзелі бянейкаўскія. Відаць, раіліся, што далей рабіць. Наша мама сабралася карміць свіней. Яна хацела, каб тата дапамог, і сказала: «Пайшлі, Антось, дапаможаш мне свінням даць». Але ён па нейкай прычыне затрымаўся. Быццам адчуваў. Мама пайшла ў хлеў адна. Сабрала курыныя яйкі, і ў гэты момант як бабахнула!Гэта бомба трапіла ў хату Вінцука Мікавоза, пад якой якраз сядзелі людзі з Бянеек. Як мы даведаліся крыху пазней, бомба адразу 12 чалавек забіла. Выбуховая хваля збіла з ног нашу маму, яна павалілася. Тата кінуўся да яе, а ёй зямлёй вочы засыпала, яна нічога не бачыла. Тата падхапіў маму пад руку і пацягнуў ад хлява. Ад таго выбуху пацярпеў і Антон Мікавоз, яму асколкам перабіла руку (Антон – стрыечны брат майго мужа).
Трэцяя бомба ўпала на падворак яшчэ аднаго вяскоўца (яго прозвішча было таксама Мікавоз). Гэта, дарэчы, побач з нашым цяперашнім падворкам, на якім мы зараз з вамі сядзім. Бачыце, у суседзяў за плотам бульба расце? Якраз там, пасярэдзіне, стаяў да вайны калодзеж. Калі наляцеў самалёт, міма калодзежа бег Гімполь Сарэла – уцякаў за гумны, на балота. Гімполь быў яшчэ нежанатым маладым хлопцам. Бомба трапіла прама ў калодзеж і забіла Гімполя.
Чацвёртая бомба ўпала проста на вёску. Самалёт быў невялікі, як кукурузнік. З яго яшчэ вёўся і абстрэл. А бомбы, верагодна, былі запальныя, і хутка ўжо палалі дзве трэціх вёскі. Згарэла каля 70 хат, полымя падбіралася да падворка Юхневічаў. А праз дзве хаты жыла Міхаліна. Кажуць, Міхаліна пранесла вакол свайго дому абраз святой Агаты (яна бароніць ад пажараў), і полымя ля падворка Юхневічаў спынілася. Міхаліна ўжо памерла, а хата стаіць і цяпер. Нашчадкі, праўда, нядаўна яе прадалі, але там ніхто не жыве, і, напэўна, той абраз і зараз там вісіць.
– Мо' вы памятаеце прозвішчы тых 12 чалавек, якіх забіла бомба ля хаты Вінцука Мікавоза? – запытаўся Віктар Кудла ў Яніны Антонаўны.
– Яны ўсе былі бянейкаўскія. Іх павезлі хаваць на могілкі ў Тракелі. Але я іх амаль не ведала. Памятаю толькі, што загінула Юзя Барыла з дачкой-падлеткам. Юзя, дарэчы, была родам з Эйтунаў, а потым выйшла замуж за Барылу ў Бянейкі. Калі яна разам з бянейкаўскімі прыехала ў Эйтуны, то вырашыла з дачкой наведаць сваіх родных. Казалі, дзяўчынка была напужаная, моцна плакала. Родныя пакармілі іх і кажуць: «Пабудзь яшчэ з намі, Юзя!» «Не, – адказала яна, – пайду да сваіх, бянейкаўскіх». І пайшла з дачкой да Вінцуковай хаты. Там яны і загінулі ад бомбы.
– А адна бянейкаўская дзяўчынка згарэла ў полымі, – успомніла Яніна Антонаўна. – Насупраць хаты Вінцука Мікавоза, праз вуліцу, стаяў дом з доўгім ганкам. Дзяўчынка (а было ёй гады тры) загулялася на тым ганку, а бацькі сядзелі пад хатай. Калі ад бомб раптам усё навокал запалала, полымя імгненна ахапіла і ганак. Памятаю, дзяўчынка па ім мітусіцца, а вырвацца з пажару не можа. Маці кінулася ў полымя, каб выратаваць дачку, але нічога ўжо зрабіць не здолела, толькі сама моцна абгарэла. А ад дзяўчынкі адны сандалеткі засталіся…
Пакуль мы гутарылі, падышлі другія вяскоўцы, таксама старажылы: стараста вёскі Эйтуны Лявон Вікенцьевіч Кайлевіч і Гелена Браніславаўна Жук. Яны дапоўнілі расказ Яніны Мікавоз. А Гелена Жук, як аказалася, да тых трагічных падзей жыла ў хаце Вінцука Мікавоза.
– Наш тата рана асірацеў, – патлумачыла Гелена Браніславаўна, – і яго выхавалі бяздзетныя – Вінцук Мікавоз і яго жонка. Яны сталі тату як родныя, а калі ён ажаніўся, усе працягвалі жыць разам. У таты з мамай нарадзілася чацвёра дзяцей (я самая старэйшая, з 37-га). Прыёмныя бацькі таты былі нам як родныя дзядуля і бабуля. Дзядуля Вінцук быў вельмі паважаны чалавек. Напэўна, таму вяскоўцы з Бянеек і спыніліся ля яго хаты – мо’ каб параіцца з ім. Запомнілася, як яны сядзелі пад хатаю, размаўлялі, маліліся з ружанцамі ў руках. А мы пайшлі за гумно. Помню, як брацік мой, 40-га года нараджэння, спаў у калысцы, падвешанай пад страхой гумна. Раптам раздаўся моцны выбух, шуганула полымя, і вакол быў такі жах! Аказалася, у наш дом трапіла бомба. 12 чалавек адразу загінулі. А адзін хлопчык гадоў трох, які быў бліжэй да гумна, застаўся жывы, але моцна твар абпаліў. І нас выратавала, што мы былі за гумном. На нашых вачах гарэлі свінні (асколкамі ім вывернула вантробы), раўлі каровы. Але самае страшнае – тое, што адбылося з людзьмі.
…На тым месцы, дзе разбамбілі дом Вінцука Мікавоза, зараз стаіць склеп. Мы пад’ехалі туды, зайшлі ў двор, падышлі да склепа. «Тут і стаяў наш дом, – сказала Гелена Браніславаўна. – Калі рванула бомба, палаючай страхой умомант накрыла 12 чалавек, і яны згарэлі». Быў такі ж сонечны ліпеньскі дзень, зелянела трава, недалёка, на апоры, клапаціліся аб сваім патомстве буслы. І цяжка было ўявіць, што на гэтым самым месцы давялося пабачыць маленькай Гэлі роўна 73 гады назад.
Хоць нашы суразмоўцы былі ў вайну дзецьмі, страшныя падзеі да дробязей адбіліся ў іх памяці. А вось прозвішчы загінуўшых сялян з суседняй вёскі ім, дзетвары, былі амаль незнаёмыя. Таму гэтых прозвішчаў у маім блакноце было нягуста. «Паехалі ў Бянейкі! – прапанаваў Віктар Кудла. – Магчыма, там пра былых аднавяскоўцаў памятаюць болей».
Віктар Іванавіч калісь быў дырэктарам мясцовага саўгаса і ведае многіх тутэйшых. Ён палічыў, што ёсць сэнс сустрэцца з пенсіянеркай Чаславай Ксавер’еўнай Вяршыла. Як ён быў правы! Да таго ж высветлілася, што ў дзявоцтве яна мела прозвішча Лыскаўка. І была з той самай сям’і, чыя хата (адна на ўсе Бянейкі!) у той жудасны дзень уцалела ад полымя.
– Мне тады было гадоў дзесяць, – неўзабаве расказвала нам Часлава Вяршыла. – Быў пачатак вайны. Немцы з захаду – з боку Жырмунаў, з-за лесу – наступалі, чырвонаармейцы адступалі. У тым лесе завязаўся бой. А Бянейкі ў той дзень з раніцы гарэлі. Засталася толькі наша хата, яна стаяла на ўскрайку вёскі, побач з бярэзнічкам. Людзі падаліся хто куды, частка з іх пайшла ў Эйтуны. А нас у бацькі было пяцёра дзяцей, і мы вырашылі не пакідаць гаспадарку. Але заставацца ў доме было небяспечна. Па другі бок вёскі цячэ Жыжма. У Жыжме быў брод (зараз яго няма). Бацька забраў нас туды, і мы там хаваліся – стаялі ў вадзе. Вада была халодная, а потым малыя захацелі есці. І бацька кажа: пайду, кароўку падаю. А там ужо немцы. Тата прызнаўся, што сям’я хаваецца ў Жыжме. І яго не кранулі, толькі сказалі, каб забіраў сям’ю і ішоў у Жырмуны, дзе ўжо ўсталявалася нямецкая ўлада. Тата забраў нас, і мы пайшлі праз лес, дзе толькі што адбыўся бой. Фашысты адпачывалі пасля бою. Як зараз памятаю: ідзём мы, а немцы голыя разваліліся на траве, загараюць, пузы да сонца вывернуўшы. Крыху пазней у тым жа лесе знаходзілі столькі салдатаў нашых забітых! Дзе людзі іх знаходзілі, там і хавалі. Магчыма, яны і зараз у той зямельцы ляжаць, неапазнаныя.
– Як мы пазней даведаліся, – дадала Часлава Ксавер’еўна, – у той дзень у Эйтунах загінула шмат нашых, бянейкаўскіх. Але прозвішчаў, акрамя Барыла, не памятаю, малая была. Вам лепш бы паразмаўляць з Уладзіславай Некраш. Яна старэйшая за мяне, больш успомніць.
У адроджанай пасля вайны, чысценькай і прыветлівай вёсцы Бянейкі нескладана было адшукаць хату Уладзіславы Станіславаўны Некраш. Хутка ёй споўніцца дзевяноста. А ў 41-м дзяўчыне са шматдзетнай сям’і з засценку Кадаўбы (што ля Цвермаў) было сямнаццаць.
– Хоць Кадаўбы знаходзіліся ў васьмі кіламетрах ад Бянеек, мы бачылі, як палала гэта вёска. А ў бярэзнічку ад Гурыноў у той дзень шмат пабілі чырвонаармейцаў, – расказвала нам, калі мы завіталі да яе на двор, Уладзіслава Некраш. – Потым Бянейкі сталі адраджацца. Людзі вярталіся на папялішчы, ставілі маленькія хаткі. А мой будучы муж быў яшчэ хлапцом, жыў у Бянейках з маткаю і сястрой, і дапамагаць ім будавацца не было каму. Таму ён выкапаў на папялішчы склеп, там з маткаю і сястрой жыў. Крыху пазней ён купіў у Дайнаве хлеў і паставіў на падворку. У адну палову хлява памясцілі кароўку, у другой – жылі самі. У гэты хлеў у 1943 годзе я і выйшла замуж. З той пары жыву ў Бянейках.
– Калі я яшчэ жыла ў Кадаўбах, мы чулі, што ў Эйтунах у пачатку вайны загінула шмат бянейкаўскіх, – працягвала Уладзіслава Станіславаўна. – А калі сама стала жыць у Бянейках, то асабіста ведала тых, хто выжыў у тым пекле. Памятаю, што ўцалеў Міхась Некраш. На жаль, яго жонка і двое дзетак тады загінулі. Вярнулася і Настасся Барыла. А трохгадовая дачушка згарэла ў яе на вачах. Расказвалі, як дзіця бегала па палаючаму ганку, а маці хацела яе выратаваць, кідалася ў полымя, моцна абпаліла твар, рукі, ногі, ды дачушку не ўратавала. Настасся потым доўга хварэла, апёкі не загойваліся. Да таго ж, маладая жанчына была ўжо цяжарная сваім сыночкам. Як яна, бедная, гэтага сыночка нарадзіла, адзін Бог ведае. Але пазней нарадзілася ў яе яшчэ адно дзіця.
Вярнуўся жывы з Эйтунаў і Баляслаў Барыла, а яго дзеці Гэльця (Гэлена) і Зэнак абгарэлі. У Зэнака надта твар абгарэў. Казалі, іх выратавала тое, што яны размясціліся крыху воддаль ад дома, у які трапіла бомба. Пасля вайны яны выехалі ў Польшчу.
Такі вось вогненны след пакінулі першыя дні вайны ў вёсках Эйтуны і Бянейкі. На жаль, мы даведаліся далёка не пра ўсіх загінуўшых падчас той бамбёжкі, не ўсе імёны ўспомнілі нашы суразмоўцы. Але мы спадзяёмся, что хтосьці з чытачоў валодае больш поўнай інфармацыяй аб гэтых падзеях. І чакаем званкоў па тэлефоне рэдакцыі 52-32-87.