Пшанічныя, жытнія, аўсяныя, а яшчэ з яблыкаў і бульбы....Рэпартаж со свята блiноу ў Дворышчах

24 Февраля 2023 1536
А ці ведаеце вы, паважаныя спадары, у каго самая вялікая патэльня? – пытаюцца ў людзей скамарохі

У маёй цешчы, – з жартам адказвае нехта з грамады. 

Цешчыны пачастункі – справа святая, але самая вялікая патэльня, мабыць, у Дварышчанскім Доме культуры! Паглядзіце, колькі бліноў на ёй напяклі! 

І сапраўды: пшанічныя, жытнія, аўсяныя, а яшчэ з яблыкаў і бульбы. Пухлыя, тонкія або ажурныя. А начынняў ажно некалькі дзясяткаў: з тварагом, шакаладам, яйкамі ды цыбуляй, вантрабянкай і нават ікрой... Падлічыць, колькі відаў розных бліноў напяклі тутэйшыя гаспадыні, было складана. Цыкл брэндавых мерапрыемстваў сёлета адкрыла свята бліноў у аграгарадку Дворышча. Сабрала яно не толькі жыхароў навакольных вёсак, але і гасцей з горада. Нагода прыемная: зіму праводзіць і вясну сустрэць, вясёлыя песні паспяваць і ў гульні пагуляць.







Бой падушкамі, перацягванне каната, эстафета з “конікамі” – людзі з цікавасцю бралі ўдзел у народных забавах. Напрыклад, у спаборніцтве па выпяканні бліноў перамагла Ганна Цыбрук з вёскі Палубнікі. За свае спрыт і кемлівасць яна атрымала падарунак ад арганізатараў. На свята бліноў Ганна Юзэфаўна прыехала разам з мужам і сяброўкамі. Жанчына прызнаецца: з таго часу, як выйшла на пенсію, не прапускае ніводнага брэндавага мерапрыемства з тых, якія праходзяць у Лідскім раёне і па суседстве. 

Улетку пашанцавала прыняць удзел у фестывалі “Іўеўскі памідор”. Восенню адпачывалі на свяце бульбы ў Гудах, а ў Мажэйкаве зрабілі “глыток гісторыі з Брахоцкім” падчас фестывалю напояў. Сёння вось наведаліся ў Дворышча на бліны… Кожнае такое свята па-свойму цёплае, душэўнае, напоўненае беларускім каларытам. Лічу, што пенсія – гэта адпачынак, які мы сапраўды заслужылі. І можна з чыстым сумленнем, нікуды не спяшаючыся, бавіць час на раённых святах, – разважае Ганна Цыбрук

А цяпер мы пабачым, у каго з мужчын самы лепшы апетыт, – прапаноўвае вядучы. – Пераможа той, хто хутчэй за ўсіх з'есць бліны на талерцы. Ёсць жадаючыя?

Жадаючых подсілкавацца дармавымі ласункамі аказалася нават больш, чым планавалася. І пераможцаў таксама: з пачастункамі адначасова “расправіліся” і Андрэй, і Валянцін. Дарэчы, ніхто не быў супраць – абы на здароўе!





Ногі самі кідаліся ў скокі ў такт знаёмым песням. Канцэртную праграму “Святочны настрой” падарылі дварышчанцам народны сямейны ансамбль  Парфенчыкаў Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра і мясцовыя самадзейныя артысты.


Свята бліноў у нашым аграгарадку праводіцца гадоў дзесяць, калі не больш. Гэта мерапрыемства ўжо стала брэндам Дворышча. Сёлета ўдзельнічаць у ім асабліва прыемна, бо надвор'е надта лагоднае! Сонейка красуецца ў небе, быццам блін на патэльні ў дварышчанскай гаспадыні. А ў мяне святочны настрой яшчэ і таму, што ў госці прыехала нявестка з унукам. Радасна на сэрцы ад таго, што сёння бавім час разам, – дзеліцца жыхарка аграгарадка Дворышча Ірына Каранік.

Дарэчы «Неаднаразова чула ад старых людзей выраз «Першы блін комам», але так і не ведаю, які дакладна сэнс заключаны ў гэтым выслоўі», – цікавіцца наша чытачка Марына.

На гэта пытанне адказала загадчыца Дварышчанскага Дома культуры Таццяна Рубава: ”Некаторыя эксперты тлумачаць: у даўніну духаў продкаў называлі кОмамі, адсюль узнікла прымаўка. Цалкам яна гучала так: “Першы блін кОмам, блін другі – знаёмым, трэці блін – далёкай радні, а чацвёрты – мне”. Таму першым бліном заўсёды частавалі продкаў: блін клалі на талерку і ставілі ў чырвоны кут, радзей – на падаконнік. Праз тры дні яго аддавалі птушкам, якія аднясуць добрую вестку ў “вы-Рай”. 

У беларусаў сёння шырока бытуе і такая прымаўка: «Першы блін камяком», сэнс якой тлумачыцца наступным чынам: адсутнасць вопыту прыводзіць да таго, што задуманае не ўдаецца здзейсніць цалкам. Дапускаецца і наступнае тлумачэнне: наша паспешлівасць ва ўжыванні страў прыводзіць да таго, што гарачы блін «перасядае». 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться