Людміла Краснадубская: «Дзякую лёсу за тое, што нарадзілася і жыву ў Беларусі»

09 Января 2023 877
19 снежня адзначыла свой юбілей адна з самых актыўных удзельніц літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” Людміла Мікалаеўна КРАСНАДУБСКАЯ. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, гэтая жанчына вядзе актыўны лад жыцця, піша вершы і песні, шмат дзе выступае, удзельнічае ў творчых конкурсах. “На пенсіі жыццё толькі пачынаецца”, – упэўнена юбілярша.

Людміла Мікалаеўна Краснадубская родам з Міншчыны. Па спецыяльнасці аграном. Шмат гадоў працавала на зямлі, ветэран працы. 

– Колькі сябе памятаю, – расказвае яна, – заўжды любіла народыя песні, музыку, беларускую прыроду. За сваё жыццё шмат дзе пабывала за мяжой, і лічу, што прыгажэйшай за нашу Радзіму краіны няма. Шмат працавала ў сельскай гаспадарцы, жыла ў вёсцы, трымала птушак, жывёлу. Гадавала дзетак (я маці траіх дзяцей, бабуля васьмі ўнукаў). І як бы цяжка ні было ў жыцці, знаходзіла час для вершаў, якія самі прасіліся на паперу, і на сэрцы станавілася святлей і лягчэй:

Ізноў сыплюцца словы
З-пад пяра нетаропка,
Дзе сплятаюцца доўга,
Дзе каротка-каротка.


У Лідзе, недалёка ад замка, Людміла Мікалаеўна жыве з 2013 года, прысвяціла нашаму гораду і яго славутым мясцінам шмат твораў. Вершы піша яшчэ са школьных гадоў. З’яўляецца актыўнай удзельніцай літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс” Палаца культуры горада Ліды, клуба “Актыўнае даўгалецце” пры Лідскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яе вершы друкаваліся ў “Лідскай газеце”, у калектыўных зборніках. Паэтэса была ўдзельніцай перадач Лідскага тэлерадыёаб’яднання. Са сваімі вершамі і песнямі часта выступае на сцэне Палаца культуры, ва ўстановах адукацыі, у вёсках, у воінскіх часцях. З’яўляецца ўдзельніцай хору ветэранаў “Майскія зоры” Палаца культуры горада Ліды, творчага аб’яднання “Альтанка”. 

Менавіта ў нашым горадзе Людміла Краснадубская найбольш шматбакова раскрыла сябе як таленавітая паэтэса і аўтар цудоўных песень. Яна шмат піша, шмат дзе выступае, прыгожа спявае. Тэмы вершаў паэтэсы самыя розныя: Беларусь, горад Ліда, поры года, каханне, мастацтва, ёсць і гумарыстычныя вершы, філасофскія разважанні. 
– На пенсіі жыццё толькі пачынаецца, – упэўнена гераіня артыкула. – Я ўжо даўно знаходжуся на заслужаным адпачынку і не перастаю дзякаваць лёсу за сваіх дзяцей, за ўнукаў, за тое, што нарадзілася і жыву ў Беларусі, жыву без вайны і катаклізмаў, у міры і стабільнасці.Паміж палёў пятляе сцежка.

Іду сюды з усіх дарог.
Стаіць, хвалюецца пшаніца.
Хінуцца каласы да ног.
Такое хараство наўкола,
Што люба-дорага глядзець
І птушкай хочацца над полем
Да неба зорнага ўзляцець,
Абняць бяскрайнія прасторы
Радзімы любае маёй,
Дзе льну блакітныя азёры,
Дзе так спяваецца душой,
Дзе мова матчына – мая,
Маіх дзядоў і, думаю, нашчадкаў,
Дзе не змялее жытніца дабра,
Не згіне ад чужых нападкаў.

Дарэчы, за гэты верш Людміла Краснадубская атрымала дыплом І ступені па выніках рэспубліканскага анлайн-конкурсу аўтарскіх вершаў “Беларусь – мая краіна”, дыплом І ступені па выніках конкурсу “Пад белымі крыламі”, які праводзіўся на базе Лідскага РТЦСАН. 

Апошнім часам болей пішу гумарэскі, байкі, – дапаўняе паэтэса аповед пра сябе. – Ніколі не адмаўляю, калі запрашаюць  выступіць з вершамі, песнямі. Калі набыла сінтэзатар і магнітафон, пачала ствараць музыку да сваіх твораў. “Беларусь”, “Ты і я”, “Журавы”, “Наша песня”, “Каралева зіма”… Вершы, якія сталі песнямі, можна пералічваць бясконца. І гэта не толькі мае творы, але і творы класікаў (Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна), некаторых лідскіх паэтаў (Уладзіміра Васько, Уладзіміра Дронава, Таццяны Сямёнавай). 

На жыццёвым шляху Людмілы Краснадубскай траплялася даволі шмат людзей, якія яе падбадзёрвалі, раілі працягваць пісаць. Сярод іх яе першая настаўніца Галіна Васільеўна (на жаль, прозвішча Людміла Мікалаеўна не памятае), член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч. Дарэчы, дзякуючы менавіта Людміле Антонаўне Людміла Краснадубская была ўдзельніцай ХІІ і ХІІІ рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур у Гродне са сваімі аўтарскімі песнямі, удзельніцай абласнога фестывалю “Кніжныя скарбы Беларусі” таксама ў Гродне. Брала яна ўдзел у Свяце беларускага пісьменства ў Слоніме, а таксама ў І абласным фестывалі “Музыка восені” ў Гродне (разам з Тэрэзай Смольскай і Іосіфам Сухавецкім). Выдадзены дзве кнігі вершаў паэтэсы: “Дарогаю жыцця” і “Мой адбітак на пяску часу”. Чакаюць сваёй чаргі яшчэ дзве.

У заканчэнне прыводзім радкі з песні Людмілы Краснадубскай:

Мы в этот мир приходим не напрасно.
Мы в этот мир приходим, чтобы жить,
Грустить и верить, 
плакать и смеяться,
Ну и, конечно же, любить.

– Дабра ўсім, здароўя і толькі пазітыўнага настрою! – пажадала напрыканцы нашай сустрэчы Людміла Мікалаеўна. – І няхай стары год пакіне сабе ўсё дрэннае, а новы прынясе  для нас толькі светлае і добрае!

Калектыў літаб’яднання “Суквецце”, у сваю чаргу, віншуе Людмілу Мікалаеўну з нядаўнім юбілеем і жадае ёй моцнага здароўя, аптымістычнага настрою, нязгаснага натхнення, многа-многа новых вершаў і песень, усюды паспяваць і заставацца такой жа актыўнай і энергічнай!


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться