Французы павінны ведаць французскую мову, а беларусы – беларускую

09 Января 2023 1779

Зазначым, што знаёміцца з беларускай мовай юныя жыхары Лідчыны пачынаюць ужо ў дзіцячым садку. У малодшай групе дзеткам чытаюцца казкі на роднай мове, больш старэйшыя дашкаляты вучаць беларускія словы і спрабуюць будаваць з іх сказы. Карэспандэнт «Лідскай газеты» пацікавіўся ў выхаванцаў ясляў-сада №10, якая, на іх думку, карысць ад такіх заняткаў, і вось якія атрымаў адказы…

Кіра КАСЦЮЧЭНКА, 5 гадоў:
У садку размаўляць па-беларуску нас вучыць Аляксандра Сяргееўна. Яна чытае нам вельмі цікавыя казкі. І я ўжо ведаю, што слова «дзяўчынка» перакладаецца як «девочка», «хлопчык» – «мальчик», а «парасон» – гэта «зонт». Так што я ўжо магу размаўляць і на рускай, і на беларускай мовах.

Алена БРОЎКА, 5 гадоў:
Дома я беларускую мову не вывучаю – толькі ў садку. Заняткі, якія з намі праводзяць Ірына Іванаўна і Аляксандра Сяргееўна, вельмі люблю, таму што падчас іх заўсёды даведваюся пра нешта новае. Вось як па-беларуску сказаць «платье»? “Сукенка”. А як прыгожа гучыць «да пабачэння»! Гэта значыць «до свидания». Пакуль што мы вучым толькі асобныя словы, і я некаторыя з іх ужо ведаю. А як бацькі купяць мне казкі на беларускай мове, буду ведаць яшчэ болей!

Арсеній МАЦЕЙКА, 6 гадоў:
Кожную раніцу ў садку я слухаю Дзяржаўны гімн: «Мы беларусы – мірныя людзі...» А яшчэ я ведаю словы «дзякуй», «бусел», «добрай раніцы». Беларуская мова вельмі прыгожая, і яе трэба ведаць, каб быць разумным. Вывучаць некаторыя словы мне дапамагае бабуля: я ёй кажу тыя, што ведаю, а яна мне – іншыя. Французы павінны ведаць французскую мову, немцы – нямецкую, а беларусы – беларускую.

Маша САВВА, 6 гадоў:
Ведаю, што ў школе абавязкова будзе беларуская мова, і, каб у нас потым былі добрыя адзнакі, вучыць яе трэба ўжо цяпер. На занятках мы паводзім сябе добра, сядзім, паклаўшы рукі адну на другую, уважліва слухаем выхавальніцу, адказваем на пытанні. Ужо вывучылі такія ветлівыя словы, як «дзякуй», «да пабачэння», «добры дзень», «добрай раніцы». А яшчэ мне вельмі падабаецца слухаць казкі на беларускай мове. Мая любімая казка – «Лёгкі хлеб».

Яўген ХАЛАЛОВІЧ, 6 гадоў:
Выхавальніцы ў садку нам паказваюць беларускія літары, карту і жывёл, якія жывуць у Беларусі, а таксама тых, што занесены ў Чырвоную кнігу нашай краіны. Мне вельмі падабаецца слухаць казкі на беларускай мове. Дарэчы, руская і беларуская мова вельмі падобныя адна да другой, але ёсць словы, якія адрозніваюцца. У маёй сям'і лепш за ўсіх размаўляе па-беларуску дзядуля. Ён жыве недалёка – за 40 кіламетраў, толькі машыну трэба тры разы заправіць. Мама і тата таксама добра ведаюць беларускую мову. І калі мая сястрычка падрасце (а зараз Паліне толькі годзік), я навучу яе некаторым беларускім словам. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться