У Доміку Таўлая адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Дзмітрыя Федчанкі

23 Декабря 2022 1540

Працягваецца эстафета дабра і творчасці ў Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Нагадаем нашым чытачам пра тое, што ў рамках інклюзіўнага праекта Дома Таўлая “Перадай дабро па крузе” людзі з абмежаванымі магчымасцямі дэманструюць гасцям дома-музея свае таленты, запальваюць у іх сэрцах агеньчыкі дабрыні і творчасці,  што  асабліва  важна  для  тых наведвальнікаў, якія, як і ўдзельнікі праекта, маюць інваліднасць. Супрацоўнікі Дома Таўлая, а таксама работнікі і карыстальнікі паслуг аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і горада Бярозаўкі дзякуючы гэтаму праекту, які рэалізоўваецца вось ужо два гады, пасябравалі паміж сабой. Увесь гэты час Дом паэта Валянціна Таўлая з’яўляецца пляцоўкай не толькі для паэтаў і для дзяцей вайны,  але і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (сярод якіх, дарэчы, ёсць паэты). З апошнімі тут таксама праводзяцца разнастайныя сустрэчы: арганізоўваюцца выставы іх работ, чытанне і абмеркаванне іх твораў, якія раскрываюць багаты ўнутраны свет гэтых людзей і даказваюць, што іх  фантазія і здольнасці  не  абмежаваны  станам  здароўя.

Багатым на выставы ў рамках інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе” стаў адыходзячы год. Яго героямі за гэты час былі таленавітыя беразаўчане Ала і Марыя Кулеш (маці і дачка), Вера Саннікава, Сяргей Пачабут. Якія толькі тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не былі прадстаўлены на другім паверсе дома-музея, дзе  ладзяцца выставы! Стрынг-арт, кінусайга, вышыўка бісерам, вырабы з фаамірану і фетру…  Былі таксама і графічныя малюнкі.

А на днях у гэтых сценах адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  Дзмітрыя Федчанкі, зноў жа з горада Бярозаўкі. Яе назва – “У жыцці маім – мастацтва і натхненне”.
Дзмітрый Васільевіч у свой час скончыў Іўеўскую дапаможную школу-інтэрнат, працаваў упакоўшчыкам у таварыстве з дадатковай адказнасцю.  Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў у горадзе над Нёманам наведвае з 2011 года, ледзь не з дня яго адкрыцця. І наведвае актыўна,  удзельнічае ў самадзейнасці:  спявае ў вакальным гурце “Братаны”, іграе на шумавых інструментах у ансамблі “Вясёлыя рабяты”, спрабуе сябе і ў мясцовым тэатры мініяцюр. Але галоўнае яго захапленне – вышыўка, прычым розныя яе віды: гладдзю, крыжыкам, бісерам, аб’ёмная вышыўка, вышыўка французскім вузельчыкам.

На сустрэчу з таленавітым беразаўчанінам у Дом Таўлая былі запрошаны яго сябры па аддзяленні, кіраўнікі гурткоў, у якіх ён займаецца, яго бацькі – словам, людзі, якія добра яго ведаюць.
На выставе прадстаўлены вышываныя карціны Дзмітрыя Федчанкі. Тэматыка іх розная: раслінны свет, пейзажы, выявы коней, ільвоў, паўліна… З пейзажаў майстру найбольш падабаюцца восеньскія. Дарэчы, работы Дзмітрыя Васільевіча ўдастоіліся дыплома ІІ ступені на міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў “Віцебск-2021” (у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”). Некалькі яго карцін зараз знаходзіцца ў Германіі, Бразіліі.

– Вышываць я навучыўся яшчэ ў школе-інтэрнаце, – расказвае майстар. – Пачынаў з маленькіх работ. Вышыўка стала маім захапленнем на ўсё жыццё. Люблю ствараць яркія вышываныя карціны. Лічу, што навучыцца вышываць можа кожны, калі будзе праяўляць стараннасць і цярпенне. І ў мужчын гэта атрымліваецца не горш, чым у жанчын.

А з мінулага года Дзмітрый Федчанка пачаў спяваць, стаў удзельнікам вакальнага гурта “Братаны”. Паслухаць кранальныя песні пра маці, сяброўства, ветэранаў вайны, пра ўменне радавацца жыццю нават у непагадзь у выкананні Дзмітрыя Васільевіча і ўсіх “братаноў” мелі магчымасць тыя, хто прыйшоў на мерапрыемства ў  Дом Таўлая.

– Дзіма ў нас безадмоўны, – характарызуе героя сустрэчы загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі Наталля Саўко, – дапаможа, калі хто папросіць, і агарод ускапаць, і дроў насекчы, і сена згрэбсці, і дарожку ад снегу расчысціць… Сапраўдны гайдараўскі Цімур! У нашым аддзяленні ён заўсёды наперадзе ўсіх, усюды паспявае, імкнецца да лідарства. Без Дзімы іншым наведвальнікам сумна: ён душа кампаніі, з ім весела і цікава.

А яшчэ Наталля Мікалаеўна адзначыла, што сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі шмат творчых асоб, –  таму інклюзіўнаму праекту “Перадай дабро па крузе” дзейнічаць яшчэ не адзін год. Куратар праекта, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун дадаў, што дзверы Дома Таўлая ў рамках праекта адчынены не толькі для майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастакоў, але і для тых людзей з інваліднасцю, хто піша вершы, спявае, іграе на тым ці іншым музычным інструменце, і праз “Лідскую газету” папрасіў такіх людзей адгукнуцца і стаць чарговымі ўдзельнікамі інклюзіўнага праекта.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться