Рамеснік Уладзімір Чарноў з вёскі Дакудава – майстар шэдэўраў з эпаксіднай смалы
01 Ноября 2022
1840

Рамеснік Уладзімір Чарноў з вёскі Дакудава – майстар на ўсе рукі. У якіх толькі справах не спрабаваў ён сябе за апошнія дзесяць гадоў: займаўся роспісам па тканіне, працаваў з глінай, ствараючы неверагоднай прыгажосці сувеніры і посуд, а з нядаўняга часу ўсё больш захоплены дрэвам. Кажа, што ў ім ёсць душа. За два апошнія гады майстар стварыў дзясяткі вырабаў. У іх ліку і ноу-хау – шэдэўры з эпаксіднай смалы.
– Чаму дрэва? – не магу не задаць пытанне пры сустрэчы.
– Усё вельмі проста, – усміхаецца майстар. – Па-першае, гэта карыснае хобі, працаваць з гэтым матэрыялам адно задавальненне: ён жывы. А па-другое, павінна быць велізарнае жаданне, цяга да гэтага рамяства. Усё гэта, як і практыка, у мяне ёсць.
Па словах героя артыкула, змайстраваць стол у альтанку, лавы, зэдлік сваімі рукамі нескладана. З такой працай справіцца не толькі майстар, але і самы звычайны чалавек, які рэдка карыстаецца сталярнымі інструментамі. Галоўнае – жаданне, а вынік усё роўна ўразіць. Але вось калі просяць зрабіць кухню, то гэта ўжо больш складана. Для гэтага неабходна патраціць шмат часу і сіл. Такі выраб мае шэраг пераваг перад завадскім: фабрычныя асобнікі як “двое з куфэрка – аднолькавыя з твару», часта выпускаюцца па пэўных памерах, аказваюцца масіўнымі і не заўсёды той якасці, якую хацелася б бачыць, а мэбля, якая зроблена рукамі майстра, – іншая справа. Яна дазваляе дамагчыся максімальнага камфорту і выгоды ў кватэры ці ў доме. Ды і матэрыял можна падабраць зыходзячы з пераваг. Тут, як гаворыцца, на любы густ…
– А на што звяртаць увагу пры выбары дрэва?
– На тэкстуру паверхні, адценне, трываласць, цвёрдасць, вільгаццетрываласць. Апошні крытэрый важны ў тым выпадку, калі мэбля будзе стаяць на балконе, у ванным пакоі, на кухні, у альтанцы. Цвёрдасць матэрыялу аказвае ўплыў на тэрмін службы гатовага вырабу. Але разам з тым самыя цвёрдыя гатункі драўніны апрацоўваць найбольш цяжка. Хутка і лёгка апрацоўваецца недарагая драўніна мяккіх парод, але мэбля з такой драўніны не будзе адрознівацца дастатковай устойлівасцю да механічных уздзеянняў. Адным словам, матэрыял матэрыялу розніца.
У працэсе гутаркі высвятляецца, што для пачаткоўцаў, якія спасцігаюць асновы сталярнага мастацтва, ідэальна падыходзіць хвоя. Яна лёгка апрацоўваецца і афарбоўваецца, у
яе прыгожае адценне драўніны – светлае або жаўтавата-карычневае, з больш цёмнымі пражылкамі і малюнкам гадавых кольцаў. З хвоі можна вырабіць мэблю, каркасы мяккіх гарнітураў і ложкаў. Добра паддаецца разьбе бяроза, а з яблыні і грушы атрымліваюцца прыгожыя свяцільні і падсвечнікі. А вось дубовы масіў ужываецца для вырабу эксклюзіўнай мэблі. Гэта цвёрды і даўгавечны, які не паддаецца гніенню, матэрыял. І... дарагі. Але пра канкрэтныя цэны Уладзімір лічыць за лепшае не казаць: усё залежыць ад аб'ёму і складанасці заказу, спосабу апрацоўкі драўніны.
– Чула, што ў вас ёсць задумкі зрабіць вырабы са смалы?
– Вырабы з эпаксідкі – адносна новы напрамак, але ўжо вельмі папулярны сярод прыхільнікаў вырабаў ручной працы. Яны ўдала ўпісваюцца ў любы інтэр'ер, уносячы ў яго пэўны крэатыў. Вядома, я не мог не звярнуць увагу на такія вырабы. Спачатку было не проста: авалодваў майстэрствам метадам спробаў і памылак.
Для вырабу шэдэўраў з эпаксіднай смалы патрабуецца час. Спачатку рамеснік знаходзіць зламаныя або выгнілыя знутры дрэвы, распілоўвае іх, чысціць, а потым залівае прастору смалой. Галоўнае – вытрымаць тэмпературу. Смала сохне пры дваццаці чатырох градусах. Таму спецыяльна на прысядзібным участку было пабудавана памяшканне для працы, набыта цеплавая гармата з адмысловым датчыкам. З дапамогай драўніны і спецыяльнага клею вырабляюцца даволі цікавыя дызайнерскія сталы і паліцы. Адзіны мінус – кошт. Літр смалы каштуе трыццаць долараў, а на вялікі стол патрабуецца сем літраў рэчыва.
– Нагадаю, што мэбля не з танных, але кліенты ёсць, у тым ліку з Расіі, – кажа Уладзімір. – Купляюць такую мэблю часцей за ўсё ў офісы. У асноўным гэта пакупнікі, якія цэняць ручную працу.
Ідэі для стварэння новых вырабаў герой артыкула чэрпае з інтэрнэту, улічвае пажаданні заказчыкаў. Але бывае і такое, што канцэпцыя змяняецца ў працэсе працы. Тут галоўнае – акуратнасць ва ўсім. Пачынаць заліванне варта ад сярэдзіны стальніцы. Пры разліку колькасці смалы неабходна ўлічваць расход рэчыва на адзін пласт. Ні ў якім разе нельга рыхтаваць адразу ўсю сумесь, бо перапынак паміж заліваннем слаёў можа дасягаць некалькіх дзён. Добра перамешаны састаў сам будзе расцякацца пад уласным цяжарам. І яшчэ адзін немалаважны момант: у вадкім стане матэрыял здольны нанесці сур'ёзную шкоду здароўю, таму важным пунктам тэхнікі бяспекі пры заліванні смалы з'яўляецца наяўнасць ахоўных сродкаў: пальчатак, акуляраў, рэспіратара.
Мне падабаецца працаваць з дрэвам. Самае хвалюючае і займальнае – гэта калі ўвасабляецца ў жыццё новая задумка, калі ты прыдумваеш рэч. Гэта значыць, ты нібы зазіраеш у будучыню, бачыш прадмет, якога яшчэ няма. Менавіта гэтаму навучыцца немагчыма – яно або дадзена, або яго няма.
Сёння цэніцца ручная праца і эксклюзіўнасць. Небеспадстаўна! Вырабы ручной працы сапраўды маюць асаблівую цеплыню, якая моцна ўплывае на іх эмацыйнае ўспрыманне. У многіх пакупнікоў мяняецца настрой: яны шчаслівыя, калі набываюць эксклюзіўную рэч. Таму што калі ў выраб укладзены любоў і цяпло душы, гэта робіць яго па-сапраўднаму жывым.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.






