Сэрцы сагрэты шчасцем. У гасцях на залатым вяселлі

13 Сентября 2022 2497

Чым больш значны юбілей, тым ён больш каштоўны. Кожная ўрачыстасць – гэта цаглінка ў сцяне сямейнага замка, яшчэ адна гарантыя трываласці будынка, названага домам  і сям’ёй. Аліна Фёдараўна і Мікалай Іванавіч Баяроўскія з горада Бярозаўкі ў мінулую суботу адзначылі залатое вяселле. Нягледзячы на ўсе складанасці  жыццёвага шляху, двум кахаючым сэрцам атрымалася захаваць свае адносіны на працягу доўгіх пяцідзесяці гадоў.


Як толькі ўваходзіш у дом юбіляраў, адразу разумееш: тут жыве дружная сям'я. На такія думкі, магчыма, нацэльвае добразычлівая ўсмешка гаспадыні, утульныя пакоі, кветкі і шмат сямейных фотаздымкаў, якімі ўпрыгожаны сцены і мэбля. Муж і жонка ставяцца адзін да аднаго з павагай. З першага погляду відаць, што быць разам для іх – вялікае шчасце.

– Жыццё праляцела, як імгненне, – расказвае Аліна Фёдараўна. – Здаецца, што маладымі i зусім не былі. У 1971 годзе я працавала ў цэнтральнай сталовай ў Бярозаўцы, а Мікалай быў экспедытарам ў сферы грамадскага харчавання. Так і пазнаёміліся. Зноў сустрэліся, а потым хадзілі на танцпляцоўку і ў кіно. А ў 1972 годзе зарэгістравалі шлюб у Ганчарскім сельскім Савеце, сыгралі вяселле. Тры дні танчылі ў маёй вёсачцы Баравічы. 


І хоць гэта было даўно, але ўсёж-такі памятаем, як маладыя сэрцы перапаўняла моцнае і гарачае пачуццё кахання. З гадамі да яго далучыліся павага, дабрыня, разуменне. Злучыўшы свае лёсы, мы ўзялі на сябе немалы груз сямейных клопатаў, надзей і радасцей. Але самае галоўнае, што агеньчык, які некалі успыхнуў у нашых сэрцах, пранеслі праз гады. Таму і глядзім адзін на аднаго, як быццам нам па-ранейшаму ўсяго па дваццаць. 

Шмат гадоў працавалі Аліна Фёдараўна і Мікалай  Іванавіч  на мясцовым шклозаводзе. Працавалі добрасумленна, не шкадуючы сябе. Муж і жонка ўпэўнены: пражыць разам доўгае жыццё – велізарнае шчасце і вялікая праца. Галоўнае – паважаць адзін аднаго, любіць, саступаць і шукаць згоду ў цяжкіх сітуацыях. Прытрымліваючыся іх прыкладу і кіруючыся іх мудрымі парадамі, навучыліся пераадольваць любыя цяжкасці іх трое дзяцей. Таксама, як і бацькі, яны беражліва захоўваюць свае сямейныя традыцыі. Не забываюць пра дзядулю з бабуляй і ўнукі (іх у пары Баяроўскіх сямёра), а таксама маленькі праўнук Уладзіслаў. Самае лепшае, што ёсць у душах залатых юбіляраў, яны аддаюць сваім дарагім нашчадкам, пестуюць іх, імі ганарацца. 

– Вельмі цяжка апісаць тое, якія намаганні прыклалі бацькі на працягу столькіх гадоў для таго, каб выгадаваць і выхаваць нас, паставіць на ногі, – заўважыла дачка Людміла. – Тата і мама – самае каштоўнае, самае дарагое і роднае, што ёсць у жыцці. Гэта людзі, якія падаравалі нам з сястрой і братам жыццё, якіх мы цэнім, паважаем, беражом, гэта лепшыя нашы дарадчыкі і сябры. У бацькоў мы вучыліся цярпенню і працавітасці. Іх саюз – прыклад прыстойнасці, клапатлівасці, павагі, далікатнага стаўлення адзін да аднаго. Нездарма кажуць, што падтрымка бацькоў – наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а іх каханне – нашы крылы за спіной. Як бы ні склалася жыццё, тыя шчаслівыя гады, якія яны нам падаравалі, заўсёды будуць крыніцай аптымізму, веры ў сябе і  людзей, якія нас акружаюць.

Не забываюць герояў артыкула блізкія людзі, сябры. Вось, што расказваюць карэспандэнту “Лідскай газеты” суседзі:

– Пра юбіляраў можна сказаць шмат добрых слоў. Калі да іх не прыйдзеш – заўсёды сустрэнеш гасцінны прыём. Пражылі пяцьдзясят гадоў душа ў душу, падтрымліваючы адзін аднаго ў радасці і ў горы. Хочацца пажадаць Аліне Фёдараўне і Мікалаю Іванавічу самага галоўнага – здароўя, даўгалецця, шчасця.

Текст:
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться