Святар з Уганды правёў у Лідзе малітоўную сустрэчу (фота)
Не менш за 10 тысяч чалавек прынялі ўдзел у літургічнай урачыстасці Спаслання Духа Святога, якую на працягу 4 гадзін на падворку парафіі Святой Сям’і цэлебраваў айцец Джон Башабора. На сустрэчы з прапаведнікам з Уганды прысутнічалі не толькі каталікі, але нават людзі рознага веравызнання з розных парафій Лідчыны, Беларусі і Расіі.
У час імшы
…“Бог любіць кожнага з вас, асабіста”. Здавалася, ужо гэтыя простыя словы, якімі святар распачаў малітоўнае спатканне, змаглі вылечыць калі не цялесныя, то душэўныя хваробы вернікаў. Таму што вочы людзей ураз зазіхацелі святлом, а на тварах з’явіліся лёгкія ўсмешкі. Яны, дарэчы, трымаліся ўсе чатыры гадзіны сустрэчы, даючы ўпэўненасць, што на натоўп сапраўды спусціўся Дух Радасці, аб якім так прасіў айцец Башабора.

Наогул, святар шмат прапаведаваў аб Святым Духу, аб Яго моцы, аб тым, што Ён не перастае спасылаць свае дары на ўсіх, хто адкрывае сэрца Яго ўздзеянню. “Па гэтым боку знаходзіцца малады мужчына, у якога вялікія праблемы з нагамі – яны паралізаваны. Так, ён не можа хадзіць. Але Бог пасылае Духа Святога, які сёння дае хлопцу аздараўленне. Чалавек, устань і ідзі! Ты цяпер можаш хадзіць,” – заклікаў айцец Башабора. Вядома, усё прысутныя напружылі свой погляд у напрамку, у якім паказваў прапаведнік. І праз некалькі хвілін з натоўпу сапраўды выйшаў мужчына гадоў 25-ці. Хада яго была павольная і вельмі няўпэўненая, але ён ішоў і ішоў сваімі нагамі.

Святар гаварыў і пра іншых людзей, якія ў той дзень атрымалі бачнае цялеснае аздараўленне: маладая жанчына вылечылася ад рассеянага склерозу, у аднаго з мужчын прыйшоў у норму ціск, некаторых адпусцілі галаўныя болі, болі ў спіне і праблемы са страўнікам. Пры гэтым айцец Джон Башабора неаднаразова падкрэсліваў, што гэта не ён аздараўляе чалавека, а Уваскрослы Бог. Назваў ён і прычыны ўсіх нашых духоўных і цялесных хвароб – утойванне крыўд і недахоп прабачэння сабе і блізкім. Менавіта гэта нас разбурае. Сусветна вядомы харызматык заахвочваў усіх адкрыцца іншаму чалавеку, заўважыць свайго суседа, дакрануцца да яго, назваць братам ці сястрой і сказаць: “Езус любіць цябе. Любіць такім, якім ты ёсць”.

Скончылася малітоўная сустрэча заклікам аб спасланні Святога Духа на прысутных і індывідуальным благаславеннем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

За што дзякаваў
Айцец Джон Башабора шмат цёплых слоў сказаў у адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Дзякуючы яму святар упершыню за сваю прапаведніцкую дзейнасць не плаціў за ўезд у іншую краіну. Уразілі госця з Уганды і прыгажосць Беларусі, дабрыня і добразычлівасць людзей. «Я ўбачыў вашу краіну вельмі зялёнай, і для мяне гэта яшчэ адно сведчанне прысутнасці тут Бога. Я адчуваю сябе як дома, адчуваю тут супакой. У гэтай частцы свету я адкрыў для сябе нашмат больш, чым давялося пачуць з вуснаў іншых людзей. Шчыра кажучы, многія адгаворвалі мяне ехаць сюды. Але я тут, і гэта захапляльна! Цяпер я ўсім буду расказваць, як добра ў Беларусі, якія тут ветлівыя і шчырыя людзі. І за ўсё гэта я дзякую вашаму Прэзідэнту. Я малюся за яго здароўе і здароўе яго сям’і, яго народа. Заклікаю да шчырай малітвы і вас,” – звярнуўся айцец Джон Башабора да прысутных. Падзякаваў за гасціннасць ён і мясцовым уладам. “Я буду ўсім расказваць, як хораша ў Лідзе, як тут светла і цёпла ад усмешак, добрых думак яе жыхароў”, – сказаў святар.

Між іншым
Літургічная ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў Лідзе скончылася ў адзінаццаць гадзін вечара. Да дванаццаці гадзін я прачакала святара ў надзеі ўзяць інтэрв’ю (айцец Джон Башабора адмаўляецца мець зносіны з прэсай). Трэба адзначыць, што на працягу гэтага часу ён меў зносіны з людзьмі, хаця і быў вельмі стомлены. Сярод тых, хто шукаў у яго благаславення, было некалькі жанчын з хворымі дзеткамі. Ніводнай з іх ён не адмовіў у асабістай сустрэчы. Да мяне, карэспандэнта, ён так і не выйшаў. Душпастыр парафіі Святой Сям’і ксёндз Юзаф Ганчыц патлумачыў: “Ён не любіць, каб казалі пра яго жыццё, не любіць, каб расказвалі пра яго дзейнасць, таму што такая “рэклама” можа быць няправільна інтэрпрэтаваная. Айцец Джон Башабора проста выконвае справу Божую, выконвае з любоўю”.



















