«Гэта наша галоўнае свята». Жыхары Ліды адказалі на пытанне: «Што Дзень Незалежнасці значыць для кожнага з нас?»

03 Июля 2021 1869
3 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Гэты дзень дарагі кожнаму чалавеку, бо ў гэтай даце знайшлі адлюстраванне і подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, слаўных воінаў-вызваліцеляў, і складаны час аднаўлення народнай гаспадаркі, а самае галоўнае – шчасце жыць у міры і любові, ствараць сем'і, гадаваць будучыню краіны – новае пакаленне беларусаў.

І сёння мы зноў адзначаем важную дату. З гэтай нагоды карэспандэнт «Лідскай газеты» пацікавіўся ў жыхароў горада: “Што Дзень Незалежнасці значыць для кожнага з нас?”

Мая Яцэвіч:

– Для мяне Радзіма пачынаецца з дома, дзе збіраецца ўся сям'я, з раёна, у якім жыву і працую, краіны з багатымі гісторыяй и традыцыямі. Яна пачынаецца з кожнага з нас. 3 ліпеня дзякуючы гераізму савецкіх салдатаў быў вызвалены Мінск – сталіца Беларусі. Гэта стала значнай падзеяй для цэлага народа.  

Сёння Дзень Незалежнасці – гэта свята, якое пацвярджае развіццё і стабільнасць суверэннай дзяржавы, якое дазваляе нам не забываць нашу гісторыю, традыцыі і карані. Карыстаючыся выпадкам, хацелася б звярнуцца да моладзі, каб з павагай ставілася да старэйшага пакалення, а ўсіх лідчан – павіншаваць з гэтым важным днём, пажадаць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Дзмітрый Данісевіч:

– Сэнс гэтага свята заключаецца ў яднанні народа. Магу ўпэўнена сказаць, што бліжэй і радней за сваю краіну, родных і блізкіх у мяне няма. Найбольшае пачуццё гонару ў мяне выклікаюць дух і менталітэт беларусаў. Лічу, што ні ў каго ў свеце няма такой адвагі. Менавіта дзякуючы гэтай якасці была здабытая Перамога над фашызмам. У Дзень Незалежнасці заўсёды ўсёй сям'ёй ідзём на святочныя мерапрыемствы. Паўсюдна ў горадзе можна ўбачыць шчаслівыя твары гараджан. Гэта сведчыць аб тым, што ў Лідзе жывуць вельмі міралюбівыя, гасцінныя, адкрытыя людзі. Святочна і прыгожа выглядаюць вуліцы горада. Люблю паслухаць выступленні мясцовых артыстаў. Вядома, стану ўдзельнікам гэтага важнага ў жыцці ўсёй краіны свята.

Дар'я Ваўчок:

– З дзяржаўных святаў Дзень Незалежнасці для мяне самае галоўнае. Мы радуемся магчымасці працаваць і будаваць сваю будучыню ў свабоднай краіне, якая славіцца на ўвесь свет ветлівасцю, гасціннасцю, векавымі традыцыямі. Мы жывём пад мірным небам, маем магчымасць хадзіць у школу, атрымліваць прафесіі ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, ствараць сем'і. Ці не гэта самае важнае?! Дзень Незалежнасці – гэта заўсёды святочны настрой і асаблівая атмасфера. 

Наталля Хацяновіч:

– 3 ліпеня 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена сталіца нашай рэспублікі – горад Мінск. А захопнікі ў гэты час рабілі сваю чорную справу ў Лідзе. Менавіта 3 ліпеня ў лясным масіве каля вуліцы Рыбіноўскага было расстраляна больш за 100 чалавек – партызан і падпольшчыкаў. Цудам выратавацца ўдалося толькі чацвярым – гэта Ілля Гарбачэўскі, Міхаіл Кальфа, Пётр Макуцэвіч і Віктар Шаронаў. Паводле ўспамінаў Іллі Гарбачэўскага, расстрэлы ў Лідзе пачаліся 23 чэрвеня 1944 года. Першымі фашысты расстралялі Ігнатава і частку людзей з яго групы. 3 ліпеня ў лесе, у двух кіламетрах на поўнач ад Ліды, забілі астатніх. На расстрэл на крытай грузавой машыне за два рэйсы вывезлі вязняў. Спачатку з кузава выгналі жанчын і падлеткаў. Астатнія вязні пачулі голас перакладчыка, які скамандаваў усім распрануцца. Пачуліся крыкі, потым стрэлы... Паводле ўспамінаў Іллі Гарбачэўскага напісаны кнігі. Аўтарам некаторых з іх з'яўляецца сам Ілля Іванавіч. У кожным выданні падрабязна апісаныя розныя эпізоды баявога юнацтва партызан і падпольшчыкаў Лідчыны, якія ўнеслі ўклад у Перамогу над ворагам. І ў гэтыя дні мы ўспамінаем аб вялікім подзвігу нашых землякоў. Дзякуй ім за светлую будучыню, за мірнае неба над галавой.

Вольга Дубовіч:

– Галоўнае свята краіны я сустракаю з пачуццём гонару за подзвіг, здзейснены савецкім народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У нас у сям'і таксама ёсць свае франтавікі. Мая бабуля Любоў Маісееўна Сірата служыла ў войсках Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі, займалася фарміраваннем ваенна-санітарных цягнікоў. Як і ўсе яе аднапалчане, яна прайшла праз шмат выпрабаванняў і стойка іх перанесла. У тыя гады жанчынам прыйшлося асвоіць зусім не жаночую прафесію – яны сталі воінамі.

Я б хацела падзякаваць нашым ветэранам за іх подзвіг і пажадаць ім здароўя. Я ганаруся іх ратнымі подзвігамі ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй ім за мірнае неба над галавой, за стабільнасць і нашу незалежнасць. Нізкі ім паклон!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться