«Пакінем у спадчыну сыну любоў да Радзімы і радавод нашай сям’і...»
Сям’я Дычок: Сяргей Уладзіміравіч, Рэгіна Янаўна і іх сын Віктар – жыве ў Бярозаўцы. Нядаўна яны сталі ўдзельнікамі раённага сямейнага свята і аднымі з лепшых у намінацыі “Гісторыя майго роду”. Сям’я вядзе радавод і вывучыла свае карані да дзясятага калена. Гэты факт нават увайшоў у Кнігу рэкордаў Лідчыны.
Нядаўна мы завіталі ў госці да беразаўчан. Прызнаемся, сустрэцца з такой сям’ёй было прыемна. Напэўна, таму, што адносіны ў ёй будуюцца сапраўды на аснове любові і ўзаемапавагі. Гэта той выпадак, калі пра сям’ю можна сказаць: ціхая гавань, дзе можна адпачыць душой і атрымаць надзею, або – скарбонка каштоўнасцей, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Па-свойму цікавы кожны прадстаўнік гэтай сям’і. Ну вось, напрыклад, Сяргей Уладзіміравіч: гэта па яго ініцыятыве сям’я так зацікавілася вывучэннем сваіх каранёў і дасягнула значных вынікаў. Яшчэ ён заўзяты шахматыст – неаднакратны чэмпіён горада па шахматах. Мама, Рэгіна Янаўна, улюбёная ў сваю працу (яна выкладчык англійскай мовы), праводзіць нестандартныя ўрокі, стварае камп’ютарныя прэзентацыі і падручнікі, ставіць казкі на англійскай мове... А яшчэ пячэ вельмі смачныя торцікі і піражкі з капустай. Нарэшце, сын Віктар – шасцікласнік, выдатнік, прызёр раённых і міжнародных дзіцячых конкурсаў па матэматыцы, англійскай і беларускай мовах. Апошняе захапленне хлопца – фатаграфія.
Агульным жа сямейным хобі з’яўляюцца падарожжы. “Дарога – гэта шчасце, – лічаць беразаўчане. – Калі мы адпачнём, нас заўсёды зноў цягне ў дарогу”. З пешымі і веласіпеднымі вандроўкамі сям’я абышла і аб’ехала шмат цікавых гістарычных і прыродных мясцін Лідчыны, з экскурсіямі наведала многія гарады Беларусі і старажытныя еўрапейскія гарады.
Самым жа цікавым захапленнем сям’і Дычок з’яўляецца вывучэнне свайго радаводу. Удалося ўзнавіць яго па чатырох радаводных лініях, пачынаючы з продкаў, што жылі яшчэ ў 18-м стагоддзі. Актыўны ўдзел у даследчай працы прымае самы малады Дычок – Віктар. Сучаснае пакаленне сям’і цікавяць не толькі імёны і прозвішчы, але і тое, чым жылі продкі, якімі яны былі людзьмі.
– Свайго сына мы імкнёмся выхоўваць на ідэалах нашых продкаў, – кажа Сяргей Дычок, – вучым, што шабля сапраўднага рыцара належыць ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай, гонар – толькі табе аднаму. Мы пакідаем яму ў спадчыну любоў да Радзімы і радавод нашай сям’і.







