«Працоўны дзень пачынаецца з першымі пеўнямі». Лабарант малочна-таварнай фермы «Піліпкі» расказала аб сваёй прафесіі

01 Мая 2021 1132
Павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі жывёлагадоўлі для кожнага сельгаспрадпрыемства раёна мае першачарговае значэнне. І асабліва гэта датычыцца якасці малака. У штодзённым тэхналагічным працэсе акцэнт робіцца на вытворчасць і рэалізацыю натуральнага прадукту гатункам «экстра». І пра гэта, як ніхто іншы, ведае лабарант малочна-таварнай фермы «Піліпкі» КСУП «Ёдкі-Агра» Святлана Багдзевіч.

За гады працы спецыяліст вывучыла ўсе тонкасці сваёй прафесіі. А яны патрабуюць ад жанчыны ўважлівасці, акуратнасці, глыбокіх ведаў у галіне лабараторных даследаванняў.

– Працоўны дзень звычайна пачынаецца з першымі пеўнямі, – апавядае Святлана Уладзіміраўна. – Калі трэба (неабходна зрабіць кантрольны аналіз або аналіз ад кожнай каровы на клініку, мастыты), разам з аператарамі машыннага даення прыходжу з самага ранку. Кожную партыю малака на аналіз бяру асобна. І тут важнымі з’яўляюцца дакладнасць і правільнасць дзеянняў. Малака-перапрацоўчае прадпрыемства прымае ад нашай гаспадаркі малако, абапіраючыся на пэўныя паказчыкі. Якая будзе гатунковасць, такая атрымаецца і закупачная цана. Вось чаму на ўсіх этапах вытворчасці малочнай прадукцыі асаблівая ўвага ўдзяляецца лабараторнаму аналізу.

Святлана Уладзіміраўна ўдакладняе: перш чым трапіць на сталы лідчан, усімі любімы і карысны прадукт праходзіць складаны шлях тэхналагічнай апрацоўкі. Але ў аснове заўсёды якасць, якая залежыць ад шматлікіх фактараў: умоў утрымання кароў, іх даення, якасці кармоў і стану здароўя жывёл. Але галоўным у вытворчым ланцужку заўсёды з’яўляецца чалавечы фактар. Таму кожная даярка, каб атрымаць натуральны прадукт добрай якасці, павінна строга выконваць рэгламент, бо промах аднаго чалавека можа адбіцца на ўсім калектыве. 

Гераіня артыкула ўсёй душой хварэе за сваё прадпрыемства, шмат сіл аддае, каб паказчыкі якасці малака былі як мага вышэйшыя. Жанчына цалкам пагружаная ў працу. Піпеткі, мензуркі з рознымі вадкасцямі.... І так штодня. Камусьці гэта можа паказацца руцінным і манатонным, але толькі не Святлане Багдзевіч. Яна любіць сваю працу і ганарыцца тым, што высокая якасць малака – і яе заслуга.

– Мая справа мне падабаецца, ды і заўсёды падабалася, – адзначыла суразмоўніца. – Калі б выпала магчымасць зноў выбраць прафесію, я б абавязкова выбрала прафесію лабаранта. У сельскай гаспадарцы працуюць людзі, якія не баяцца ніякіх цяжкасцей, адданыя сваёй прафесіі, роднай зямлі. Рукамі такіх людзей і ствараецца дабрабыт народнай гаспадаркі.

Кажуць: «Па працы і гонар». Святлана Багдзевіч не толькі паважаны работнік сельгаспрадпрыемства – яна яшчэ і добрая жонка, клапатлівая мама і бабуля, якая ў кароткіх перапынках у сваёй штодзённай працы імкнецца ўдзяліць максімум увагі сваім родным і блізкім, той чалавек, на якога можна раўняцца, у якога можна папрасіць дапамогі і парады. Святлана Уладзіміраўна, у які дзень яе ні сустрэнеш, энергічная, жыццярадасная, заўсёды зараджае ўсіх навакольных добрым настроем.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться