Званок на ўрок празвінеў! У СШ №5 горада Ліды ўпершыю за апошнія 15 гадоў ажно тры паралельныя першыя класы
1 верасня... Мноства народу, кветкі, музыка, шум, мітуслівыя аб’ёмныя белыя банты ў натоўпе, знаёмства з першай настаўніцай, калейдаскоп уражанняў, шматлікія віншавальныя прамовы, бацькі, якія хвалююцца, дзеці, якія да канца не разумеюць усю важнасць моманту, а ў канцы – адыход калонай па два чалавекі ў цішыню 1-га класа...
Безумоўна, у Дзень ведаў уся ўвага – менавіта ім, першакласнікам.
У сярэдняй школе №5 за парты сёлета селі 65 учарашніх малых-непасед, а сёння – сапраўдных вучняў. Як адзначыў дырэктар Андрэй Кашко, упершыню за апошнія 15 гадоў навучальная ўстанова набрала ажно тры паралельныя класы. Падзея накшталт гістарычнай! “За два гады агульная колькасць дзяцей павялічылася са 135 да 420 чалавек”, – не без гонару адзначыў Андрэй Міхайлавіч.
…Для маладога спецыяліста Вікторыі Масло, як і для 18 вучняў яе 1 «В», гэты школьны званок стаў першым.
– Хваляванне было, – расказвае яна. – І хутчэй не перад дзецьмі, а перад іх бацькамі. Як мяне ўспрымуць? Ці стануць успрымаць як настаўніка? Але разумею, што апошняе залежыць выключна ад мяне. Дарэчы, першы ўрок пройдзе ў гульнявой форме. Будзем знаёміцца з дзеткамі, гаварыць аб роднай краіне і, канешне, любімай Лідзе.
Нягледзячы на тое што яна сама зусім нядаўна сядзела за студэнцкай партай, да афіцыйнага звароту – Вікторыя Юр’еўна – малады спецыяліст прывыкла: падчас вучобы ў Лідскім каледжы Вікторыя Масло праходзіла практыку ў розных школах горада. “Дэбют у якасці педагога ў мяне ўжо адбыўся. Розніца ў тым, што цяпер я ўзяла насамрэч доўгую дыстанцыю – у некалькі дзясяткаў гадоў. Пакуль прафесіяналізму буду вучыцца ў старэйшых і вопытных калег, потым, спадзяюся, сама стану для кагосьці прыкладам. У сферу адукацыі я ішла свядома, сыходзіць з яе не планую – буду горда несці ганаровае званне “настаўнік”!”