Яна нас чакае! На сумесную малітву запрашае «тракялянка» (+ праграма фэста)

27 Августа 2020 2723
Дзіўнае лета дзіўнага года... Лета нашых выпрабаванняў, роздумаў, пераацэнкі каштоўнасцей. Я магу памыляцца, але многія зрушылі акцэнты з матэрыяльнага на духоўнае, усвядоміўшы, што куды важней не тое, што звонку, а тое, што ўнутры. 

З-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі каталіцкія вернікі, у прыватнасці, былі пазбаўлены магчымасці ў ліпені крочыць пілігрымкай да дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Тракельскай, заступніцы нашых сем’яў, зліцца там у сумеснай малітве, растварыцца ў цішыні касцёла. 


Упершыню з 1994 года “тракялянку” адмянілі. 



Здавалася б, ну і што? Але для сапраўдных католікаў, хрысціян гэта была насамрэч вялікая страта. Адказаць чаму немагчыма, бо рацыянальнага тлумачэння пачуццям няма, яны знаходзяцца ў душы кожнага. Аднак не сумуйце. Дзелімся з вамі вельмі важнай навіной, якая стане добрай падставай усміхнуцца, скончыць лета ў духоўным супакоі, пасяліць у сэрцы любоў і радасць: у апошнія выхадныя жніўня ў адзіным ва ўсёй Гродзенскай вобласці санктуарыі ўсё ж такі адбудзецца доўгачаканы фэст.

– Гэта не будуць тыя маштабныя ўрачыстасці, якія мы памятаем і любім: са многімі сотнямі пілігрымаў, насычанай праграмай, гандлем, – расказвае пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях Ежы Бяганскі. – Усё будзе больш сціпла, але і нефармальна, калі можна так сказаць. Жадаючым, напрыклад, прыйсці ў Тракелі пешшу ніхто не забараняе гэта зрабіць, але арганізаваных пілігрымак не будзе. Пэўная праграма, вядома, ёсць, але яна можа змяняцца, дапаўняцца ў залежнасці ад колькасці тых, хто захоча далучыцца да сумеснай малітвы.


Кожны год у Тракелі пілігрымы нясуць шмат інтэнцый, як падзяк, так і просьбаў. Людзі вераць, што моц блаславення спашле на іх, іх сем’і і блізкіх Божыя ласкі, а просьбы, якія яны трымаюць у сваіх сэрцах і давяраюць Марыі, будуць споўнены. Урачыстасці, якія пройдуць сёлета 29 і 30 жніўня, пазіцыянуюцца менавіта як дні малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары. 
За час распаўсюджвання COVID-19 у нашай рэспубліцы былі зарэгістраваны смерці пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.



– Будзем маліцца за гэтых памерлых на ружанцы, дзякаваць за тых, хто паправіўся ад інфекцыі. Канешне, асобна будзем маліцца за ўсіх медыцынскіх работнікаў, якія былі на перадавой у барацьбе з пандэміяй. Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Тракельскай стане таксама сэрцам трывалай малітвы за Беларусь, нашу Бацькаўшчыну, просьбай аб міры і згодзе ў краіне. Мы не становімся і не павінны станавіцца на чыйсьці бок, мы заклікаем да ўзаемаразумення. Чым больш малітваў будзе ўзносіцца на святых месцах са шчырых сэрцаў і вуснаў, тым мацнейшая наша надзея на тое, што Бог іх выслухае і адорыць Беларусь і яе народ мірам і згодай, – падкрэсліў святар.  



Начной праграмы з імшамі, як гэта было ў мінулыя гады, не плануецца, але дзверы касцёла будуць адчынены ўсю ноч. Кожны ў індывідуальным парадку зможа памаліцца да Маці Божай Тракельскай, прайсці на каленях і дакрануцца да абраза. Дарэчы, як адзначыў ксёндз Ежы Бяганскі, усе мерапрыемствы пры ўмовах добрага надвор’я перанясуцца на вуліцу.


На што трэба абавязкова звярнуць увагу? У знак 100-годдзя з дня нараджэння Яна Паўла II ў парафіі Маці Божай Тракельскай 30 жніўня будзе асвечана капліца імя святога. Дыяцэзіяльны санктуарый сёлета ў якасці дэвіза нават узяў любімыя словы Пантыфіка: “Увесь твой, Марыя”. 


Характэрна, што ўнутры капліцы будзе змешчаны вобраз Яна Паўла II, напісаны ў 2001 годзе і перададзены ў санктуарый у 2009 годзе, па легендзе, зямлячкай тракельскай у пятым пакаленні. У капліцы знойдуць прытулак таксама рэліквіі, або мошчы Пантыфіка. Кожны жадаючы зможа ім пакланіцца і памаліцца ў цішы.

Праграма Дней малітвы-падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары:

29 жніўня (субота)

9:00 – Св. Ружанец (таямніцы Радасныя) за пілігрымаў і ахвярадаўцаў санктуарыя Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях;

10:00 – Св. Імша за пілігрымаў (кусташ кс. Юрый Бяганскі);

11:00 – канферэнцыя “Марыя ў Касцёле паводле св. Яна Паўла ІІ”;

12:00 – Анёл Панскі, Св. Ружанец (таямніцы Балесныя) за памерлых;

13:00 – Св. Імша для дзяцей з абрадам асвячэння школьных прылад і дзённікаў (кс. бс. Юзаф Станеўскі);

14:00 – квtст-гульня для дзяцей “Прыгоды ў Марыйным садзе”;

15:00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці і канферэнцыя «Навучанне св. Яна Паўла ІІ аб сям'і»;

16:00 – канцэрт у гонар св. Яна Паўла ІІ;

17:00 – флэшмоб «Праслаўляю Цябе, Марыя»;

18:00 – Св. Ружанец (таямніцы Хвалебныя) за моладзь краіны і Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту;

20:00 – Св. Імша для моладзі (новавысвечаныя святары);

21:30 – працэсія вакол касцёла з абразом Маці Божай Тракельскай і Заклік Марыйны;

22:30 – начное чуванне з разважаннем ружанца (таямніцы Святла) за хворых і лекараў краіны.

30 жніўня (нядзеля)

8:00 – Марыйныя спевы;

9:00 – выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і малітва аб еднасці хрысціян;

10:00 – Св. Імша з удзелам ксяндза-біскупа Юзафа Станеўскага;

11:00 – музычная медытацыя на тэму «Totus Tuus, Maria»;

12:00 – малітва за сем’і і абнаўленне шлюбных абяцанняў;

13:00 – Св. Імша з удзелам ксяндза-біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться