Пажаданне любові, душэўная прыгажосць і калекцыя анёлаў
07 Января 2020
1958

Старэйшаму сыну Сяргею 32, і ў яго ўжо ёсць свая сям’я, двое дзетак. Сярэдняй дачцэ Руслане 30, і ў яе таксама сям’я і двое сыноў. І Сяргей, і Руслана з сем’ямі жывуць у Лідзе, і ўсяго некалькі год, як яны пераехалі ад бацькоў. Яшчэ адной дачцэ, Варвары, 18, яна студэнтка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Малодшаму сыну Раману 16, ён вучыцца ў ліцэі №1 і шукае свой далейшы прафесійны шлях. Магчыма, як і бацька, стане чыгуначнікам (Генадзь Фёдаравіч працуе машыністам на Лідскай дыстанцыі пуці). Дарэчы, Варвара пайшла амаль па слядах мамы: Вера Рыгораўна працуе інжынерам-аграметэаролагам на Лідскай метэастанцыі, а Вавара – будучы інжынер па ахове раслін.
Калядны стол у гэтай сям’і штогод засцілаюць вышываным абрусам, які перадала Веры Рыгораўне яе матуля. Па традыцыі сям’і Генадзя Фёдаравіча, пад яго кладуць сена. “У нашай сям’і традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, – расказвае Вера Рыгораўна. – Штосьці і мы з мужам ад бацькоў перанялі. Хаця быў складаны час, але мы ведалі: нарадзіўся Хрыстос, наш Збавіцель”.
Сям’я – гэта малая царква, лічаць Тамашовы. Яна павінна выхоўваць і вучыць добраму. З вялікай царквы – Свята-Георгіеўскага храма, які наведваюць усе разам ужо шмат год, – яны нясуць у свой дом іскрынкі цяпла і любові. Уцаркоўленае жыццё стала неад’емнай часткай сям’і Тамашовых. Сяргей і яго жонка, а таксама Руслана з мужам кожную нядзелю вядуць сваіх маленькіх дзяцей у храм да святога прычасця. Варвара спявае ў царкоўным хоры. Яна ж сабрала калекцыю статуэтак анёлаў. Раман у храме прыслужвае святарам.
Нараджэнне Хрыстова – адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў, якое вельмі любяць у сям’і Тамашовых. “Самае галоўнае не стравы, а дабро, любоў, якія мы нясём. Ісус Хрыстос жа і ёсць любоў, – гаворыць Вера Рыгораўна. – Мы заўсёды імкнёмся падтрымаць пост, прынесці пакаянне, прычасціцца. Тым большую радасць адчуваем, калі надыходзіць свята”.
Усёй сям’ёй Тамашовы ідуць на ўсяночную службу ў храм. Часам у машыну не ўлазяць – іх жа многа! А потым збіраюцца за святочным сталом, і Генадзь Фёдаравіч з Верай Рыгораўнай на правах старэйшых жадаюць сваім дзецям, унукам любові (спачатку любові, бо без здароўя душы не можа быць здароўя цела), потым здароўя і ўзаемнасці – каб не перарывалася сувязь добрага праз пакаленні.
Развітваючыся з Тамашовымі, я задала ім яшчэ адно пытанне: “Чым патлумачыць феномен душэўнай прыгажосці вашай сям’і?” – і падумала: напэўна, мудрасцю ўзросту. Але муж і жонка раскрылі сакрэт: ён ва ўзаемаадносінах, пабудаваных на падтрымцы і любові.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.