Як жыхары Ліды ставяцца да сваёй роднай мовы і ці выкарыстоўваюць яе ў штодзённым жыцці?
«Не саромейся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.
Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова». Так пісаў калісьці беларускі класік Змітрок Бядуля.
Гэтае выказванне мне трапілася ў інтэрнэце зусім выпадкова, вельмі спадабалася і навяло на роздум, бо наша родная мова прайшла доўгі шлях. Былі часы росквіту і заняпаду. Але сёння наша беларуская мова прызнана роўнай сярод іншых моў свету і з'яўляецца адной з дзяржаўных моў нашай краіны. Карэспандэнт «Лiдскай газеты» вырашыў пацікавіцца ў лідчан, як яны ставяцца да сваёй роднай мовы і ці выкарыстоўваюць яе ў штодзённым жыцці.
Святлана Голубева, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама:
– Я лічу, што на беларускай мове размаўляць трэба, бо мова – важная частка культуры народа. «Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб не ўмёрлі», – казаў Францішак Багушэвіч.
Вельмі шкада, што мала людзей жадаюць размаўляць на роднай мове.
У нас у райвыканкаме кадравае справаводства вядзецца на беларускай мове, што мяне вельмі радуе. Амаль усе дакументы ў нас на беларускай мове, і нашы работнікі добра ведаюць родную мову.
Хацелася б, каб беларускага было больш і ў паўсядзённым жыцці, і ў СМІ, і ў моладзевым асяроддзі, каб наша мова захоўвалася, распаўсюджвалася і ўсяляк падтрымлівалася.
Людзям, якія хочуць пачаць размаўляць на роднай мове, раю пачынаць ужо цяпер і не баяцца рабіць памылкі. Бо чым часцей размаўляеш, тым менш робіш памылак і тым хутчэй напрацоўваеш неабходны славарны запас, – такім чынам удасканальваецца моўная практыка.
Ягор Тубялевіч, студэнт БДУ:
– Мне падабаецца беларуская мова ў любым "выглядзе: пісьмовая, вусная, у песнях ці на банэрах. А беларуская літаратура – гэта мая асобная любоў. Дарэчы, мая любімая кніга – «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.
Штодзённа размаўляю па-беларуску. Калі толькі пачынаў размаўляць на роднай мове, саромеўся і размаўляў ціха. Зараз размаўляю гучна, з гонарам і адказнасцю за будучыню нашай культуры.
Мова – адзін са складальнікаў беларускай культуры. Не будзе мовы – не будзе культуры. А без культуры мы можам страціць усё, што ў нас ёсць. Пастаянна кажу сабе: калі не я буду размаўляць на роднай мове і распаўсюджваць яе, то хто? У нас насамрэч прыгожая мова.
Хочацца дадаць, што ўсе мы розныя і калі нешта пачынаем, то саромеемся і баімся адрознівацца ад тых, хто гэтага не робіць.
Падчас навучання ў Польшчы я не бачыў ніводнага паляка, які б не размаўляў па-польску. Так, быў час, калі захацелася паспрабаваць сябе за мяжой. А потым захацеў скончыць гістфак і рабіць усё на карысць Беларусі. Я зразумеў, што хачу жыць тут. Значыць, і я буду размаўляць на роднай мове.
Не саромейцеся размаўляць на беларускай мове. Яна ў нас прыгожая і меладычная.
Ілля Лямкін, студэнт БДАТУ:
