У аснову праекта пакладзена рамантычная рэстаўрацыя
03 Мая 2019
668
Таксама у матэрыяле мы паведамлялі аб тым, што прадстаўнікі таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска Збігнеў Намёт і Ядзвіга Копаць выступілі з ідэяй рэстаўраваць старыя могілкі. Тут спачывае прах іх продкаў, і яны не раз прыязджалі ў Ліду, каб ушанаваць памяць родных людзей. Актывісты таварыства, даведаўшыся, што Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча аказвае фінансавую падтрымку праектаў аднаўлення помнікаў гісторыі і культуры, звярнуліся туды і ўнеслі прапанову па добраўпарадкаванні могілак у Лідзе. Былі выдзелены сродкі на выраб праекта рэстаўрацыйных работ.
Актывісты грамадскага таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска звярнуліся і ў Лідскі райвыканкам. Расказалі аб сваёй задумцы. Мясцовая ўлада прызнала ідэю рэстаўрацыі могілак слушнай. Лідскі раён заўсёды адкрыты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з арганізацыямі замежных краін у рамках рэалізацыі праграм у самых розных сферах.
Месца апошняга прытулку лідчан па праспекце Перамогі было зачынена для захаванняў з 1 студзеня 1960 года з-за адсутнасці на ім месцаў для вечнага спачыну тых, хто адышоў у нябыт, і гатоўнасці новых могілак па вуліцы Варшаўскай. На жаль, час і эпоха атэізму адбіліся на зачыненых могілках. Некаторыя людзі не саромеліся разабраць для сваіх патрэб каменную агароджу, сыпалі смецце на самой тэрыторыі могілак і звонку.
Каб падтрымліваць парадак на тэрыторыі, прыбіраць яе ад смецця, скошваць дзікую расліннасць і іншае, у 2011 годзе па рашэнні райвыканкама могілкі былі перададзены на баланс ГУП ЖКГ. Акрамя некаторых жыхароў Лідчыны, іншых рэгіёнаў, дапамогу ў падтрыманні парадку аказвалі вучні, члены лідскіх грамадскіх аб’яднанняў. Тое, што да добраўпарадкавання старых могілак падключыліся актывісты грамадскага таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска, дало ў гэтым плане новы імпульс.
Нераўнадушная лідчанка Ядзвіга Ягорава, прах продкаў якой спачывае на могілках па праспекце Перамогі, узялася расказаць і паказаць журналісту “Лідскай газеты”, што на сённяшні момант змянілася на могілках. Яна, як ніхто, валодае сітуацыяй, бо заўсёды, поплеч, прыкладвае свае сілы разам з тымі, хто наводзіць парадак на могілках.
Ядзвіга Пятроўна расказвае, што, як і планавалася, праект аднаўлення могілак вырабіла польскі прафесар архітэктуры і спецыяліст па паркавым дызайне Катажына Размарыноўская. У аснову праекта пакладзена так званая рамантычная рэстаўрацыя (“арганізаваная занядбанасць”). Яна ўключае ў сябе закансерваванне надмагільных помнікаў і аднаўленне надпісаў для магчымасці чытання, вызначэнне алей і дарожак, якія некалі існавалі. Гэта і было рэалізавана на справе. Але перш-наперш стаяла неабходнасць высечы на могілках хмызняк, старыя дрэвы і пасадзіць новыя. (Дарэчы, зараз маладзенькія клёнікі ўжо набіраюць сілу.) Была патрэба засыпаць ямы, якія так і заставаліся пасля эксгумацыі некаторымі астанкаў іх родных.
Рэалізатарамі праекта на справе сталі самі члены грамадскага таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска, і ў першую чаргу Збігнеў Намёт, падключыліся да справы лідскія актывісты.
– Безумоўна, адныя мы не змаглі б зрушыць немалы пласт работы, калі б не падтрымка мясцовай улады і лідскіх арганізацый, – кажа Ядзвіга Ягорава.
Паколькі закрытыя могілкі знаходзяцца на ўтрыманні ГУП ЖКГ, камунальшчыкі ўстанавілі домік для гаспадарчага інвентару, абсталявалі кантэйнерную пляцоўку і вывозяць смецце. Па перыметры падкошваецца трава. Былі зрэзаны аварыйныя дрэвы, выразаны сухія галіны.
Шэфства над старымі могілкамі па праспекце Перамогі ўзяла раённая арганізацыя Беларускага саюза ваенных маракоў. Разам з прадстаўнікамі таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска, чые родныя спачываюць тут, маракі паднімалі з зямлі і ўстанаўлівалі надмагільныя камяні, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі.
У красавіку бягучага года, у дзень рэспубліканскага суботніка, могілкі па праспекце Перамогі сталі аб’ектам навядзення парадку для супрацоўнікаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лідскім раёне. Яны выграбалі старое апалае лісце па ўсёй тэрыторыі могілак, загружалі у кузаў машыны, выдзеленай ЖКГ, каб вывозіць гэты груз на палігон. Быў выкананы немалы аб’ём работы.
Рэалізацыя праекта будзе працягвацца. Па словах Ядзвігі Ягоравай, у планах таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска – адрамантаваць агароджу і ўстанавіць вароты з паўднёва-заходнега боку могілак. Далей – устанавіць агульны помнік для тых, чые магілы не паддаюцца аднаўленню, як гэта зроблена на могілках па вуліцы Савецкай. Безумоўна, паколькі могілкі па праспекце Перамогі знаходзяцца на балансе камунальшчыкаў, актывісты ўпэўненыя: па-ранейшаму будзе вывозіцца смецце, падтрымлівацца ў парадку асноўная алея, абкошвацца трава па перыметры.
А вось абавязак падтрымліваць самі захаванні ў парадку, як і на любых могілках, ляжыць на грамадзянах. Вядома, могілкі па праспекце Перамогі маюць значны ўзрост. Сярод прадстаўнікоў сённяшніх пакаленняў лідчан ёсць і тыя, хто не памятае сваіх продкаў, не можа дакладна сказаць, ці тут яны пахаваныя. Але не выключэнне, што прах некаторых спачывае менавіта на месцы апошняга прытулку па праспекце Перамогі. Магчыма, хтосьці знойдзе прадстаўніка радавой галіны, як знайшлі члены таварыства сяброў зямлі Лідскай з Гданьска.
Ды і наогул, тыя, хто нераўнадушны да гісторыі роднага горада, могуць прыкласці рукі для падтрымання парадку на могілках па праспекце Перамогі. Работы хопіць на ўсіх. Ядзвіга Ягорава дабаўляе да сказанага, што калі не наводзіць парадак, дык хаця б не шкодзіць. Што граху таіць, і зараз маюцца асобныя факты, калі на тэрыторыі могілак мясцовае насельніцтва выкідвае смецце, наладжваюць пасядзелкі аматары выпіць. Гэта, вядома, не ўпрыгожвае жыхароў горада.
У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі маецца шырокі матэрыял пра могілкі, якія з’явіліся ў 1797 годзе на землях Вісмантаў. Ёсць архіўныя дакументы аб тым, як будавалася першая капліца, а пасля пажару аднаўлялася. Цікавы і такі факт: у свой час на могілках размяшчаўся шпіталь, пабудаваны на сродкі вернікаў, у якім размяшчаліся калекі і жабракі.
Да 1865 года могілкі былі гарадскія, на іх хавалі католікаў, праваслаўных, евангелістаў. Так, тут спачывае прах евангеліста, уладальніка Дакудава, харунжага Лідскага ўезда Ксаверыя Эсткі, лютэранскага палкоўніка Фрэдэрыка Нэймана, барона Эрнеста Медэма, сына графа Аляксандра Медэма, рускага пасланніка ў Персіі і Бразіліі. Але ўсё ж больш на старых гарадскіх могілках захаванняў католікаў. Пад гранітнымі плітамі спачываюць лідскі лекар Юзаф Грабоўскі, генерал-лейтэнант Іосіф Зарэцкі і яго сям’я. На могілках пахаваны ўладальнікі маёнткаў Мялюзіна, Качанова, Касоўшчына, Курэсеўшчына, Перапечыцы, Чахаўцы, Траццякоўцы. Тут можна ўбачыць захаванні паважных гараджан з прозвішчамі Адамовіч, Буткевіч, Тукала, Стасевіч і многіх іншых. І не выключэнне, што гэта не проста цёзкі па прозвішчы, а сваякі тых, хто жыве зараз. А як вядома, клапаціцца аб захаванні памяці сваіх продкаў – святы абавязак нашчадкаў.
У Лідскім раёне маюцца выпадкі, калі самі мясцовыя жыхары населеных пунктаў па ўласнай ініцыятыве аднаўлялі могілкі. Напрыклад, у аграгарадку Беліца. І гэта добры прыклад для пераймання. Такія актывісты заўсёды заслугоўваюць павагі.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







